КНІГА ВЕРШАЎ "СЫС"
У суботу 14-га верасьня на сходзе нью ёрскага аддзелу БАЗА адбылася прэзэнтацыя доўгачаканай кнігі вершаў - плёну творчасьці апошніх гадоў паэты Анатоля Сыса, якая выйшла ў сьвет напярэдадні 25-га зьезду Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі.
Фармат кнігі не пыхлівы, якую паставяць на паліцу, і яна там зарасьце пылам, а гэткі кішэнны, каб насіць на грудзёх, бліжэй да сэрца, і штораз, як прыдасца, даставаць яе, каб перагледзяць сёй-той радок блізкі сэрцу, што прыйшоў на поздум.
Дзяцінства, юнацтва і сталеньне паэты праходзілі пад уплывам хараства сьціплай прыроды роднай зямлі й крэўнага люду. Яны стварылі адметны мікраклімат і мікракосмас паэтычнай душы Анатоля Сыса.
Насуперак ідэалягічным устаноўкам сацыялістычнага застою і насуперак акупацыйнаму рэжыму ў Беларусі, Анатоль Сыс сфармаваўся вольналюбівым незалежніцкім паэтам, стаў постацьцю Адраджэньня.
Ягоная простая размова з многімі з нас, і маладымі, і сталымі, але тады яшчэ - нясьведамымі беларусамі, яго дакладнае, не фальсыфікаванае, веданьне гісторыі й культуры Беларусі й паэтычная мова Анатоля ў 1980-х пачатку 1990-х гадоў вярталі нас да Радзімы, да самых сябе. Тады кавалася й гартавалася новае пакаленьне нацыянальна сьведамых змагароў за незалежнасьць Беларусі. Так сталася са мною, з маім сынам ды шмат з кім іншымі.
Кожны раз, як перачытваеш паэзію А. Сыса, знаходзіш у ёй новыя для сябе адценьні, думкі, развагі, глыбіню якіх бывае часам цяжка спасьцігнуць. Таму нават мала сьведамыя, але наагул даволі адукаваныя беларусы, называюць Анатоля Сыса беларускім Шэксьпірам.
Апошняя кніга гэтага неардынарнага і часта "нязручнага" паэты чатыры гады праляжала ў менскім выдавецтве "Мастацкая Літаратура". Нешта цэлы час замінала яе выданьню. І таму я палічыла за свой абавязак і гонар дачыніцца да выхаду гэтай кнігі ў сьвет, у людзі.
Часам пытаюцца, ці ёсьць што паміж намі? Так, ёсьць. Пацалункі - як маці да немаўляці, любоў - як у дачкі да бацькі, каханьне - як у чалавека да Айчыны - хоць і абылганай, згвалтаванай, якой бы яна ні была, хоць, па словах паэты, "зьнявечанай зоркай".
І, як-бы там яно не было, але паэта Анатоль Сыс і ўсё напісанае ім сталі часткаю майго ўласнага жыцьця і, ўрэшце, часткаю мяне самой.
Хочацца верыць, што "Мастацкая Літаратура" ў бліжэйшы час выдасьць ягоны зборнік зноў, але ў больш поўным выглядзе, з уключэньнем перакладаў А. Сыса з такіх выбітных паэтаў, як Тарас Шаўчэнка, Яніс Райніс ды іншых, са зборам балядаў ды іншых народных твораў, сабраных ім на Палесьсі:

І ад хутара да вёскі
мову родную жабрую,
за вясьнякі праўлю косы,
за быліцы ладжу збрую...

Дадам, што паэта зьбіраў па закінутых вёсках старажытныя сьпевы, сам маючы абсалютовы музычны слых і прыгожы голас. Зьбіраў таксама ўнікальныя абразы мясцовых майстраў, больш паўсотні зь якіх ён перадаў у гомельскі музэй. Хочацца верыць, што наступная кніга будзе мець і большы фармат, і прыстойны пераплёт, і больш зручную кампаноўку вершаў на старонках.
Усім ведама, што народзіны дзіцяці - не заўсёды прывабнае відовішча, гэта боль і пакуты. Але тое забываецца з часам, а дзіця-ж, народжанае ў пакутах, застаецца сымболем несьмяротнасьці, сымболем працягу жыцьця. Так і паэзія - яна заўсёды, калі сапраўдная - нараджаецца праз пакуты. Кожны паэта, мастак і наагул творца - гэта як прыўкрасная, непаўторная кветка. Гэтак і кожны сапраўдны талент важны для нашае культуры, тым больш такі, як талент Анатоля Сыса. Сыс стаіць у першым шарагу, а можа і на першым месцы, на паэтычным Алімпе Беларусі. Важна ня колькі, а якія творы ён прынёс у сьвет. Трэба шанаваць і берагчы кожны сапраўдны талент, рабіць яго часткаю агульнага нацыянальнага скарбу. "Час зьбіраць камяні". Ня ворагі, не сябры, а ягоная вялікасьць час рассудзіць, хто чаго варты.
Анатоль Сыс нарадзіўся 26-га кастрычніка 1959-га году ў вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёну пад Гомелем, што разьляглася непадалёк Дняпра. Паэта пабачыў сьвет у сялянскай сям'і, дзе было пяцёра дзяцей, малодшым зь якіх быў Анатоль. Ен скончыў Броненскую сярэднюю школу, затым - Гомельскі Дзяржаўны Унівэрсытэт. Служыў у войску, працаваў у Веткаўскай раённай газэце, з 1985-га году працаваў тэхнікам на Беларускім Тэлебачаньні. Сыс быў ініцыятарам, арганізатарам і сябрам створаных на пачатку 1980-х гадоў маладзёвых "нефармальных" незалежніцкіх суполак: "Майстроўня", "Талака", "Дзяньніца", літаратурнага аб'еднаньня "Тутэйшыя", што зрабілі вялізны ўплыў на беларускае нацыянальнае адраджэньне, на стварэньне першай за апошнія дзесяцігодзьдзі беларускай палітычнай арганізацыі - Беларускага Народнага Фронту. Так паэта спрычыніўся да таго, што Беларусь стала на шлях незалежнасьці.
У 1991-м годзе Анатоль Сыс быў прыняты ў Саюз Пісьменьнікаў Беларусі. Родная прырода, родныя краявіды займаюць значнае месца ў творчасьці А. Сыса. І як чалавек, і як паэта, ён моцна зьвязаны зь зямлёю Айчыны (ст. 88):

Дарога полем - да маці.
Дарога лугам - да бацькі.
Дарога рэчкай - да любай.
Але
І полем, і лугам, і рэчкай
Іду заўжды да Радзімы.

Зборнік "Сыс" пачынаецца з радкоў аб маці. Для паэты вобраз жанчыны й маці атаесамляецца з Радзімаю (ст.6):

Радзіма пачынаецца з жанчыны.
Я гэта адчуваў, а зразумець
Яшчэ ня мог - дзіцём шчапаў лучыну,
Каб хворую матулю адагрэць.

Той-жа матыў у вершы "Аднойчы між Берлінам і Варшаваю" (ст. 50):

Было мне такое сьненьне:
Дзьве маці дзялілі сьлёзы па сыне,
Што на чужыне ў жаўнерах.
Дзьве маці ў аднога сына...
І былі яны такія родныя -
Мая маці Марыя
І мая маці Радзіма.

Родная маці Марыя ў паэтычых радках Анатоля Сыса зьяўляецца як агульначалавечая маці Сусьвету, якая ходзіць "па вёсках, па ўбогіх людзях, Богам самым забытых" (ст. 37):

Сьветлая вымавіць:
Я - Марыя,
З твару змахне змаршчынкі
І бедаку, як душу, раскрые
Дзьверы сваёй хацінкі.
Зёлак настоіць на першым сьнезе,
Нанач яго напоіць,
Скура, як з вужа, зь нябогі зьлезе,
Згіне з душы нябогасьць.
Любы мой, - скажа яму Марыя -
Шчасьце тваё ў пакутах.

Аб сабе А. Сыс піша: "Мой радавод вёў летапіс свой плугам" (ст. 10). Аднойчы 37-гадовы паэта сказаў: "Для мяне мой Гарошкаў - і Рым, і Парыж, і цэнтар Сусьвету". Штогод пасьля Вялікадня, а пазьней пасьля "Чарнобыльскага Шляху", ладжанага БНФ, паэта едзе ў родную вёску, і як руплівы, дасьведчаны селянін, ідзе штовясны за плугам. І нараджаюцца радкі, насычаныя вечнасьцю (ст. 16):

Як па зорках, па расе
Твой апошні шлях праляжа,
Памірай, а жыта сей.
Рунь пра сейбіта раскажа.

Калі ў 1996-м годзе "Чарнобыльскі Шлях" на загад Лукашэнкі быў з жалобнага шэсьця ператвораны ў крывавае, амонаўцы дубінкамі зламалі Анатолю Сысу нос і выбілі ськівіцу. Дужа не спадабалася ўладам і амонам ягонае беларускае вымаўленьне. Месяц паэта ня мог размаўляць і есьці, ляжаў у шпіталі. Але сэрца балела не за сябе - за край. Верш "Чорная быль" (ст. 65), напісаны ў той час, адлюстроўвае наступствы трагічнага чарнобыльскага выбуху:

Не абразы, а змучаныя твары
Крыніцы адбівалі, а Дняпро
Цягнуў, як баржы, д'яблавыя хмары -
Трымцелі жылы і цяжэла кроў.

Шчымелі крылы у палескіх птушак,
Балелі рукі ў тутэйшых баб,
І чорным цьветам расьцьвіталі йгрушы
Атрутным сокам наліваўся сад.

Для Анатоля Сыса зямля - гэта вёска Гарошкаў, Радзіма, улоньне, у якім людзі нараджаюцца, жывуць і ў якое сыходзяць. Чалавек і паэта, сейбіт, поўны любові да зямлі, стварае вершы з глыбокім філязофскім зьместам, якія шугаюць у неба, каб з вышыняў ахопліваць рэчаіснасьць, спалучаць яе зь небам і зямлёю ў Сусьветную Гармонію. Менавіта неба асэнсоўваецца як прытулак душы.
У кнізе сабраныя дзесяць маналёгаў. Кожны зь іх хвалюе шчырасьцю, жарсьцю і тонкасьцю адчуваньня, высокай мастацкасьцю паэтычнага радка. Сярод іх "Маналёг Апанаса Філіповіча" (ст. 67), які кранае кожнага беларуса:

У гэтай краіне ня маю я дому,
Вось воблака - сяду і ў сьвет палячу
Над гэтай гаморай, над гэтым садомам,
Ні грошай, ні славы - я волі хачу.

У гэтай краіне ня маю я долі,
Вось посах і торба, і сотні дарог.
Па долю пайду. Не вярнуся ніколі.
Няхай мяне судзяць хоць людзі, хоць Бог.

Праз суадносіны з жыцьцём прыроды паэта перадае свае ўласныя эмоцыі, настрой і стан душы. Часамі ён абсалютова зьліваецца з прыродаю, з Сусьветам. Сыс адчувае роўнасьць і крэўнасьць з усім, што насяляе сьвет. У ім жыве паганскі дух нашых старажытных продкаў. Лес для яго храм Боскі. Гульня словаў "лес-лёс" падкрэсьлівае лёсавызначальную наканаванасьць лёсу і прыроды. Паэта засьцерагае, што разам з крызісам у прыродзе немінуча наступае крызіс у грамадзтве.
Лірыка А. Сыса - не салодкае замілаваньне сьветам. Яна перадае нам трывожны, трагедыйны стан яго душы, горыч ад неразуменьня яго іншымі людзямі, ягоны пакутлівы боль за лёс кожнага чалавека, усяго нашага народу, роднага краю і за ўвесь сьвет белы. Душа паэты, ягоная паэзія ўвабралі ў сябе сусьветны боль і сусьветны жаль, які ён сам ужо, здаецца, ня ў стане несьці ў сабе. Гэта паэта-трагік. Нават краса навакольля яго трывожна раніць, як у паэме "Алаіза" (ст. 113):

Што ні дрэва - балючы вобраз,
Што ні зорка - сьляза з вачэй,
Поле шчырасьцю апячэ...
Прарастае з-пад сэрца колас.

Анатоль Сыс - філёзаф. Вершы, напісаныя ім некалі, здаюцца напісанымі сёньня, бо ў іх паэта пранікліва заўважае і нясе да чытача вечныя ісьціны, якія ніколі не губляюць сваёй актуальнасьці ("Дух", ст. 36):

Зноў прыляціць гайня,
Выйдзе зь яе плюгавы.
Дух - гэта, людзі, Я!
Скажа, а сам з рагамі. Людзі разявяць рот -
Як-жа, такія словы:
"З намі - увесь народ"
"Шлях да адзінай мовы!"

Паэту хвалюе лёс мовы й культуры яго народу, дзяржавы. Ен марыць пра ўваскрашэньне вершніка Пагоні. У паэме "Алаіза" (ст. 110) чуваць ягоны немы крык душы:

Дзьмухаўцамі ўміралі поўні,
Толькі голас стагнаў пра выйсьце:
"Ну хоць хтосьці вяртаньне помніць
да Радзімы спрадвечных ісьцін?"

Там цьвітуць лугі ў пастаралях,
Там чакаюць нас дзьве жанчыны:
Маці ў сумных сваіх каралях
І Айчына.

Анатоль Сыс марыць аб каханьні, вернасьці, аб дзецях, каб дачка і сын памяталі дарогу дамоў, калі яго ня будзе. Яго паэзія паўтарае спрадвечныя тэмы на новым вітку, праз сінтэз яго ўласных пачуцьцяў і думак, праз уласнае філязофскае асэнсаваньне. Гэта творчасьць прагне агульна-чалавечых каштоўнасьцяў. І таму ў ёй адлюстроўваюцца знакі вечнасьці, што прысутнічаюць у кожным імгненьні чалавечага і прыроднага жыцьця.
Я не ганю паэтаў, якія пішуць: "Траўка зелянее, сонейка блішчыць". Няхай пішуць, калі гэта некаму трэба. Ды толькі я такія вершы, раз прачытаўшы - адкладу, бо ў іх усё сказана, яны ня маюць тайны, і думаць у іх - няма пра што. Мне больш да спадобы такія радкі Анатоля Сыса (ст. 92):

Марна ўсё. Як калінавы цьвет
Зьнішчыць сьвет і багоў, і сьмяротных,
Не пакінуўшы ў космасе сьлед
Ад мяне і зямелькі гаротнай.

Вершы Сыса я не вучу на памяць, бо ў гэтым - ужо нейкая завершанасьць. Я корпаюся ў ягоных радках зноў і зноў, люблю, пакутую, жыву ў іх разам з паэтаю і ягонаю напругаю душы ў невядома колькі тысячаў вольт. І кожны раз адкрываю новы сьвет, які не пакідае мяне абыякавай. Уваходжу штораз-бы ў храм - у пакутлівую прыгажосьць, непаўторнасьць і хуткацечнасьць прыроды й сьвету.
Вершы Сыса хвалююць. Кожны можа знайсьці ў іх радкі, сугучныя свайму сьветаўяўленьню. Анатоль Сыс у сваю творчасьць увабраў найлепшыя традыцыі беларускай і сусьветнай клясыкі. Поруч з трагедыйнымі матывамі ён мае рамантычную ўзьнёсласьць і веру ў адраджэньне Бацькаўшчыны, да якой уся любоў яго ("Беларусь", ст. 130):

О сьвятая мая, о Боская,
Хаця сэрца сьніць гостры нож,
Ад цябе адной не адрокся я -
У нагох тваіх - медны грош.

Анатоль Сыс - клясык нацыянальнай, а бадай што і сусьветнай паэзіі. Чаму я кажу "бадай"? Таму што не ўяўляю, як можна перакласьці паэзію на іншую мову. Гэта - як перакласьці душу. Аб паэтычнай творчасьці немагчыма расказаць "у скупых газэтных радках". Зь ёю трэба сустрэцца вочы ў вочы, каб адчуць і зразумець яе ("Маналёг Рамуальда Жакоўскага", ст. 46):

Гэта лёс. Вы ня верце, што гэта стыхія.
Пэўна-ж, трэба камусьці
вось так расказаць пра жывых,
Каб пачулі глухія, відушчымі сталі сьляпыя
Дый убачылі - зоркі ўзыходзяць
таксама й для іх.
Вось і ўсё - маланка ля скроні шугае.
Перадайце наступніку: хай у народзе сваім
Праз стагодзьдзе зімы, на Сьвята мой
твар адшукае,
І мы - вочы ў вочы шчасьлівыя -
стрэнемся зь ім!

Паэзія - гэта як каханьне, як тайна.

Валянтына ЯКІМОВІЧ