ТАЙНА


ГЕНЭРАЛА ВІТУШКІ

"Калі-б зьмяніўся ўрад у Менску, прыехалі-б у Беларусь, - пісаў мне з Амэрыкі ўдзельнік антыбальшавіцкай барацьбы, - спаткаліся, пагаварылі-б, на плёнку запісалі [ўспаміны]. Мы надзеі ня трацім аб такой магчымасьці…"
Прайшло некалькі гадоў. Беларускай улады ў Беларусі яшчэ няма, і мы пакуль не сустрэліся. Пакуль. Але час ідзе. Тыя нешматлікія былыя партызаны, якіх я яшчэ застаў ужывых, паміраюць. І вельмі многія так і не напісалі ўспамінаў, пра сябе й сваіх сяброў, імёны якіх мы можам ніколі не даведацца…

НЕСТЫКОЎКА
У студзені сёлета ў газэце "Рэспубліка" нейкі Ў. Сяўрук зьмясьціў нарыс пра ведамага савецкага разьведчыка Аляксандра Дземьяненку, які падчас Другой Сусьветнай вайны працаваў у абвэры ды дапамагаў маскоўскім чэкістам ліквідоўваць нямецкую агентуру. Ён быў ці не галоўнай фігурай у апэрацыі савецкай разьведкі "Манастыр", якую ФСБ разсакрэціла зусім нядаўна. Публікацый у расейскай і беларускай прэсе пра Дземьяненку (псэўды "Гейнэ", "Макс") й тую радыёгульню было шмат, але ніхто яшчэ не пісаў, што, дзякуючы яму, быў павешаны… генэрал Міхась Вітушка.
Сяўрук у зьняважлівым тоне апісвае абставіны арышту, нібыта, Вітушкі ў лютым 1945-га ў Вільні. Сьцьвярджае, што яго павесілі ўжо 15-га лютага 1945-га. Адкуль у яго такія зьвесткі, Сяўрук не ўдакладняе, і дарэмна. Напэўна няўважліва ён чытаў артыкулы супрацоўніка прэс-службы КГБ РБ Ігара Іваноўскага. У жніўні 1997-га ў газэце "Знамя юности", спасылаючыся на дакумэнты архіву КГБ, Іваноўскі пісаў, што Вітушка быў забіты ў баю з савецкімі войскамі на Віленшчыне 7-га студзеня 1945-га году. Пры ім быў знойдзены пашпарт "на імя Вітушкі Міхаіла Апанасавіча з фотаздымкам…"
Дык каму верыць, таварышы "пісацелі"? Нестыкоўка выйшла.

ЗАГАДКАВЫ ДЭСАНТ
Існуе некалькі вэрсій наконт таго, як і калі вярнуўся зь Нямеччыны ў Беларусь Міхал Вітушка. Па адной зь іх, дэсант адбыўся на тэрыторыі тагачаснай Баранавіцкай вобласьці ў ноч з 17-га на 18-е лістапада 1944-га году. Пры дэсанце атрад разьбіўся на групы. Група Вітушкі на Віленшчыне трапіла да акоўцаў. А 7-га студзеня 1945-га Вітушка загінуў у баю з савецкімі войскамі. Гэтай вэрсіі, акрамя згаданага Іваноўскага, прытрымліваліся таксама ў сваіх публікацыях дасьледчыкі Яўген Сямашка і Аляксей Салаўёў. Аднак існуе шмат фактаў, якія сьведчаць за тое, што Міхал Вітушка ня мог загінуць у студзені 1945-га. Беларускі гісторык і архівіст Сяргей Жумар яшчэ 26-га жніўня 1994-га году пісаў у "Советской Белоруссии", што пасьля вайны дзейнічалі "бандиты из отрядов Витушки, промышлявшие грабежами и убийствами на обширной территории от Каунаса до Молодечно".
Нельга забываць, што Міхал Вітушка і Дзьмітры Касмовіч у 1941-43-х гадох дзейнічалі на Браншчыне і Смаленшчыне, дзе стваралі беларускія вайсковыя й паліцыйныя аддзелы. У баях з савецкімі дэсантнікамі яны здабылі немалы досьвед, добра ім былі ведамыя й мэтады савецкай разьведкі. Таму Вітушка й Касмовіч прадбачылі інфільтрацыю савецкай агентуры нават у дэсантны батальён "Дальвіц". Невыпадкова напрыканцы жніўня 1944-га ў батальёне йшла "чыстка" шэрагаў ад "няздольных і ненадзейных".
Па гэтай-жа прычыне перакідка ў Беларусь Міхала Вітушкі, атрымаўшага ад ЦК БНП паўнамоцтвы ачоліць партызанскі й падпольны рух ды намінацыю генэрала, праводзілася ў надзвычайным сакрэце. Ужо ў пасьляваенны час паміж Беларускай Цэнтральнай Радай і Замежным сэктарам БНП узьнікла дыскусія наконт таго, хто больш зрабіў для перакідкі Вітушкі ў Беларусь. У выніку, у верасьні 1953-га Замэжны сэктар БНП выдаў адмысловую заяву, у якой паведамляў: "Адзін з лідэраў БНП - генэрал Вітушка - паляцеў на бацькаўшчыну ў канцы 1944-га году, каб ачоліць там… антыбальшавіцкі рух беларускага народу не на загад БЦР, а згодна з пастановай ЦК БНП, якая большую частку сваіх сяброў скіравала на бацькаўшчыну для далейшага змаганьня супроць ворага… У тэхнічным выкананьні гэтага загаду ЦК БНП, г. зн. у перакідцы генэрала Вітушкі на Бацькаўшчыну, вялікую помач аказаў толькі асабіста прэзыдэнт БЦР праф. Р. Астроўскі, бо іншыя сябры БЦР, на жаль, у той мамэнт не разумелі, якая вялікая ляжала на іх адказнасьць".
Можна меркаваць, што тайны плян перакідкі генэрала Міхала Вітушкі на Бацькаўшчыну прыняло вышэйшае кіраўніцтва Беларускай Незалежніцкай Партыі на падпольнай нарадзе ў Бэрліне 25-га верасьня 1944-га году. Стрыечны брат Вітушкі Дзьмітры Касмовіч, які таксама хацеў прыняць удзел у партызанцы, быў прызначаны прадстаўніком БНП на Захадзе. Захавалася сьведчаньне, што адразу пасьля гэтага Вітушка й Касмовіч паехалі ў Прагу, дзе Ларыса Геніюш благаславіла іх на сьвятую справу - на змаганьне за волю народу й Бацькаўшчыны.

ДВАЙНІКІ
Гісторыя падпольнай, партызанскай барацьбы ведае шмат выпадкаў, калі яе кіраўнікі мелі аднаго, двух і болей двайнікоў. Напрыклад, легендарны атаман "Зялёнага Дуба" Вячаслаў Адамовіч-малодшы ("Дзяргач") меў такіх двайнікоў падчас партызанскае барацьбы супраць бальшавіцкіх акупантаў на пачатку 1920-х гадоў. Напэўна, да такой тактыкі прыбегнуў і Міхал Вітушка. Падказаць яе яму мог дасьведчаны вайсковец, былы афіцэр арміі генэрала Ст. Булак-Балаховіча маёр Іван Гелда. Нельга забываць і пра самога атамана Дзергача. Да гэтага часу невядома, дзе ён зьнік (апошняя згадка пра яго адносіцца да 1939-га году)…
Таму цяжка знайсьці іншае тлумачэньне зьяўленьню ў Беларусі ў 1944-45-х гадох некалькіх Вітушкаў, як дэсантаваньне пад ягоным прозьвішчам некалькіх вайскоўцаў. Гэта былі двайнікі хутчэй не па зьнешнасьці, а па дакумэнтах. Кожны зь іх меў у кішэні пашпарт на імя Вітушкі Міхала Апанасавіча з рознымі гадамі нараджэньня. Гэта й зьбянтэжыла пасьля чэкістаў. Не зразу яны зразумелі плян беларускага генэрала…
Зусім верагодна, што адзін з двайнікоў загінуў у студзені 1945-га году каля возера Кернава. Яшчэ адзін мог трапіць у рукі дзяржбясьпекі ў лютым 1949-га году, пра што, нібыта, паведаміла савецкае радыё. Калі верыць Сеўруку, яшчэ адзін "Вітушка Міхал Апанасавіч" быў арыштаваны ў Вільні ў лютым 1945-га. Калі-б гэта быў сапраўдны Вітушка, наўрад ці яго так хутка зьнішчылі - былі-б доўгія месяцы допытаў. Хуткая расправа з затрыманым сьведчыць пра тое, што ўзялі не таго чалавека, на якога палявалі. Дарэчы, у розных публікацыях у Беларусі, у Расеі й на Захадзе згадваюцца таксама "Кастусь Вітушка", "Алесь Вітушка", "Арцём Вітушка". Яшчэ адна загадка.
На жаль, яшчэ доўга нам давядзецца разглядаць розныя вэрсіі, пакуль праўдзівейшая зь іх ня будзе даказаная дакумэнтальна.

ЯГО СПРАВА НЕ ЗАКРЫТАЯ ДАГЭТУЛЬ
Беларускі эміграцыйны гісторык Юрка Стасевіч пісаў у 1981-м годзе ў газэце "Беларускі голас" пра пасьляваенную партызанку ды адзначаў, што "лёс Вітушкі й Ганька невядомы. ГПУ (маецца на ўвазе КГБ - С. Ё.), па афіцыяльных вестках, значна пазьней шукала іх аж у Казахстане й іншых мясьцінах Азіі, дзе яны мелі ўкрывацца". Гэтая інфармацыя цікавая тым, што побач зь Вітушкам згадваецца й былы кіраўнік СБМ Міхал Ганько. Ён, нібыта, зьнік у траўні 1945-га. Але, як засьведчыў ягоны брат Мікола Ганько дасьледчыку Лявону Юрэвічу, Міхал браў удзел у дзейнасьці "Чорнага Ката", займаўся прапагандай, у падпольным друку выступаў пад псэўдай "Доктар". Зусім магчыма, што гэта ён і ёсьць тым таямнічым намесьнікам генэрала Вітушкі, Міхасём Шукайловічам, рэдактарам газэты "Душы бальшавіцкую гадзіну!".
Праз два гады пасьля той публікацыі, Стасевіч друкуе ў "Беларускім голасе" рэцэнзію на сумнавядомую кнігу Лёфтуса й называе Міхала Вітушку сярод жывых дзеячоў беларускай эміграцыі! Што зьмянілася за прайшоўшы час? Ці не атрымаў Юрка Стасевіч нейкіх пэўных вестак пра лёс генэрала? Загадка. Неўзабаве пасьля той публікацыі Стасевіч памірае…
Дык што сталася з генэралам Вітушкам пасьля спыненьня барацьбы з савецкім рэжымам увосень 1956-га? Пэўны час ён яшчэ мог жыць за "жалезнай заслонай", пакуль не перабраўся на Захад. Там Вітушка пад іншым прозьвішчам пасяліўся ў спакойнай краіне, займеў сям'ю, кантактаваў з абмежаваным колам сваіх баявых пабрацімаў. За ім усё яшчэ палявалі агенты КГБ, але безпасьпяхова. Па некаторых зьвестках, ягоная справа дагэтуль не закрытая. Таму ня дзіўна, што ён, як і Міхал Ганько, аж да сваіх апошніх дзён не выяўляўся шырокаму колу людзей.
Іншыя партызаны легалізаваліся па-рознаму. Многія перабраліся ў Польшчу, паехалі ў Расею, дзе на іх яшчэ доўга палявала дзяржбясьпека. Больш шчасьлівыя й удачлівыя ўладкаваліся ў Канадзе, Мэксыцы, Бразыліі, Аўстраліі, Парагваі. Адзін чалавек распавядаў мне пра свой візыт да былога беларускага партызана на Беласточчыне. Дзед пад вялікім сакрэтам паказаў яму фотаздымак групы пажылых людзей, сярод якіх стаяў ужо зусім лысы генэрал Міхал Вітушка…

Сяргей Ёрш

На здымках: генэрал Міхал Вітушка; беларускі партызанскі аддзел, 25-га сакавіка 1948-га году.