31-я ЎГОДКІ БНР БЫЛІ ПЕРШЫМІ Ў ТАРОНЬЦЕ
Калі аглядаешся назад, якая-ж вялізная радасьць, што ёсьць дакументацыя. Першая нацыянальная беларуская арганізацыя пасьля Другой Сусьветнай вайны нарадзілася ў Канадзе ў лістападзе 1948-га году ў Тароньце, правінцыі Антарыё. Назывался яна Згуртаваньне Беларусаў у Канадзе, аб'ядноўвала ў бальшыні нашых суродзічаў, ветэранаў восьмай брытанскай арміі, польскага корпусу Андэрса, што змагалася супраць гітлераўскай Нямеччыны ў Італіі.
ЗБК заўдзячвае свае раньнія народзіны таму, што ўжо ў лютым 1948-га году ў Ашаве, індустрыяльным горадзе недалёка ад Таронта, пачаў выходзіць часапіс "Беларускі Эмігрант", месячнік, які заклікаў суродзічаў да яднаньня, нацыянальнай і грамадзкай працы. А працы было шмат, бо не было-ж тут нічога нацыянальнага беларускага.
Трыццаць першыя ўгодкі абвешчаньня незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі, што сьвяткаваліся ў Таронта, для бальшыні прасутных, нядаўна прыбыўшых сюды з паняволенай Бацькаўшчыны нашых суродзічаў, зьявіліся надзвычайна важным у іхнім жыцьці днём: яны адкрылі галоўную падзею з нашай гісторыі, дзень аднаўленьня беларускай дзяржаўнасьці ў 1918-м годзе ў Менску. Прысутныя, што пакінулі чужынцам дамы, як Купала некалі назваў "раскіданыя гнёзды", тут пачалі будаваць сваё нацыянальнае жыцьцё.
Кастусь Акула

На здымку: сьвяткаваньне 25-га Сакавіка сябрамі ЗБК у Таронта ў 1949 годзе. Кастусь Акула, старшыня Галоўнай управы ЗБК - трэці справа.