Угодкі 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу
У суботу 28-га чэрвеня 2003-га году Беларускі Цэнтральны Камітэт у Вікторыі ў Аўстраліі адзначыў 59-я ўгодкі 2-га Ўсебеларускага Кангрэсу. Старшыня Фэдэральнай Рады Беларускіх Арганізацыяў у Аўстраліі сп. Аўген Груша прывітаў усіх прысутных і запрапанаваў хвілінаю цішыні ўшанаваць памяць тых, хто аддалі свае жыцьці, каб жыла Беларусь. Асаблівую ўвагу сп. Груша зьвярнуў на надыйшоўшую сумную вестку аб сьмерці яшчэ аднаго адданага сына нашай Бацькаўшчыны, выдатнага дзеяча беларускай культуры, шанаванага ўсімі беларусамі сьвету сьв. памяці Васіля Быкава. Гэта яшчэ адная вялікая страта беларускага народу ў змаганьні за волю і незалежнасьць.
Наступна сп. Алег Шнэк прачытаў рэфэрат на тэму дня. Затым Вера Шайпак прачытала верш Алеся Салаў'я "Радаславу Астроўскаму". Рыгор Шайпак прадэклямаваў свой уласны верш вельмі адпаведны сёняшняй сытуацыі ў Беларусі. Аўген Груша прадэклямаваў, з уласьцівай яму аднаму выразнасьцю, верш "Ліст зь Сібіры", нажаль, няведамага нам паэта. Наступна Ніна Флейшэр прасьпявала ўсім нам ведамую і любімую песьню "Беларусь мая".
Перад заканчэньнем урачыстай часткі афіцыйнага сьвяткаваньня і адсьпяваньнем нашага нацыянальнага гімну "Мы выйдзем шчыльнымі радамі" ўсе прысутныя з увагаю праслухалі касэту з прамоваю Прэзыдэнта Беларускай Цэнтральнай Рады праф. Радаслава Астроўскага на 2-м Усебеларускім Кангрэсе, якую прынёс а. Аляксандар Грыцук.
Сяброўская бяседа працягвалася супольным пачастункам, сьпевамі, жартамі й успамінамі мінулых дзён. Таксама ўспамінамі з падарожжаў па іншых краінах і асабліва тымі, калі наведвалі Беларусь і свае родныя мясьціны.
На заканчэньне пажадалі адзін другому добрага здароў'я і да хуткай сустрэчы.
Жыве Беларусь!
Алег ШНЭК

На здымку: удзельнікі сьвяткаваньня стаяць зьлева направа Я. Барысевіч, А. Грыцук, Я. Яшчанка, Р. Шайпак, М. Сасноўскі, сядзяць А. Груша, А. Шнэк.