А дзе-ж тыя ваяры?
8-га верасьня - Дзень Беларускай вайсковай славы

Гэта самы чалавечны й у той-жа час самы рамантычны партрэт будучага імпэратара - "Напалеон на Аркольскім мосьце" (мастак Антуан-Жан Гро). Партрэт-акцыя, дзе адлюстраваны подзьвіг маладога генэрала. Памятаю, як углядаючыся ў мужны твар на эрмітажнай выставе, я, тады зусім малады чалавек, усхвалявана думаў: "Вось яна - рэвалюцыя! Такія асобы абуджаюць свой народ і абнаўляюць Эўропу..." Фон карціны, як заўсёды ў жывапісе рамантызму, гучаў сымфоніяй пачуцьцяў, быў адлюстраваньнем перажываньняў героя. Здавалася, хмары зьліліся ў субоі з гарамі, і няма межаў тытанічным стыхіям. Можна сабе ўявіць, што сучасьнікі напалеонаўскіх войнаў перажывалі яшчэ мацнейшы катарсіс у дыялёгу з гэтым палатном.
У лістападзе 1796-га году рэвалюцыйная армія на шляху да Вэроны сутыкнулася зь непераадольным супрацівам фэадальнага войска. Аўстрыйцы адбівалі атаку за атакаю, у французкіх шыхтах запанаваў адчай і сум. Але раптам на перадавой зьявіўся галоўнакамандуючы, схапіў палкавы сьцяг і пабег па мосьце, заваленым трупамі. Усе кінуліся за ім, аўстрыйскія шыхты пачалі разьбягацца... Нядаўна я быў на гэтым мосьце ў італійскім мястэчку Арколі, якое знаходзіцца на самым роўным месцы Падуанскае даліны. Даўняе юнацкае перажываньне, прадыктаванае мастацкім творам, карэктавалася рэчаіснасьцю. Ніякіх гораў, ніякай бездані пад мостам. Мосьцік у 60-65 крокаў над банальна прамым арашальным каналам. Ды й сам эпізод, тая колішняя крыніца катарсісу пры дакумэнтальным вывучэньні сюжэту набылі зусім празаічныя рысы. Аказалася, усе, хто пабег побач з Банапартам, былі забітыя. А тыя, хто імпэтна бег сьледам, саштурхнулі яго разам са сьцягам у мутную ваду каналу (што й ўратавала яму жыцьцё). Захапляльны вобраз трыюмфальнага шэсьця Рэвалюцыі быў вернуты на зямлю, дзе 200 гадоў таму не было месца прыгажосьці, а адбывалася крывавае сутыкненьне паміж дзьвюма вялікімі групамі людзей.
Ці падмануў мастак Гро сваіх сучасьнікаў, ці пакінуў для будучыні карціну, што не адпавядала рэчаіснасьці? Не! Твор жывапісу - гэта не штабная рэляцыя і не сухая справаздача назіральніка. Мастак - стваральнік ідэяла, вобразу эпохі. Ягоны пэнзаль выводзіў радкі легенды нацыянальнае гісторыі, якая натхняла (і працягвае натхняць) сэрцы французаў. У гэтым ёсьць чароўная сіла сапраўднага мастацтва.
У гістарычных аналах народаў часам захоўваюцца аб'ектыўна зусім малазначныя падзеі. Аднак, яны ўзвышаюцца ў нацыянальнай самасьведамасьці велічнымі манумэнтамі, яны - апірышчы духоўнае традыцыі. Атаку пры Самасьеры вывучаюць у польскіх вайсковых акадэміях, палякі едуць у Гішпанію, каб пакланіцца мясьцінам, дзе ўславілася іхнае войска. Кожны ведае пра геройскую бітву са школьных падручнікаў. Самасьера таленавіта ўвекавечаная ў палатне Пётры Міхалоўскага і рамане Стафана Жэромскага. Што-ж адбылося ў 1808-м годзе ў пірэнейскай цясьніне? Французы паслалі польскіх уланаў у атаку на артылерыйскія пазыцыі, і тыя выканалі задачу, пасекшы абслугу трох гішпанскіх батарэяў. Шлях на Мадрыд быў адкрыты. Уланы згубілі 18 чалавек забітымі й 75 параненымі. На фоне знакамітых бітваў тае пары Самасьера - безумоўна лякальны эпізод, якіх на працягу кожнае ваеннае кампаніі бывае дзесяткі. Лякальны эпізод стаўся элемэнтам нацыянальнага міту.
"Трижды проклятая Орша"... Злавесным рэхам адгукалася па ўсёй Масковіі імя беларускага гораду. Маскоўцы не далічыліся. Толькі ў вялікіх бітвах яны былі бітыя пад Воршаю ажно чатыры разы. Перамога 8-га верасьня 1514-га году была самаю маштабнаю і найславуцейшаю. Беларускае войска, наш народ на працягу 500 гадоў баранілі эўрапейскую цывілізацыю ад расейскага барбарства. Ворша займае пачэснае месца ў шэрагу вайсковых перамогаў, што вызначылі лёс Эўропы: бітвы на Каталаўнскіх палях (451-шы год, рымскія легіёны зьнішчылі гунаў), пры Пуацье (732-гі год, франкі спынілі арабскае нашэсьце), пры Лепанта (1571-шы год, флёт Каталіцкай Лігі разграміў туркаў). У разгроме крыжакоў пад Грунвальдам (1410-ты год) і выратаваньні Вены ад туркаў (1683-ці год) беларускія палкаводцы й ваяры адыгралі вырашальную ролю. Пра гэта ўсе забыліся. Паўтысячагодзьдзе, да самага канца XVIII-га стагодзьдзя беларусы засланялі сабою сваю Айчыну і цэлы кантынэнт ад нашэсьцяў маскоўскае арды, утварыўшы вышэйшага ўзроўню школу вайсковага мастацтва, жылі ў вечнай ваеннай гатоўнасьці, пралілі рэкі крыві, урэшце падарвалі свае нацыянальныя сілы - і ад гэтага не засталося практычна нічога. На пытаньне мясцовага мытніка пра мэту прыезду ў Беларусь інтэлігентны турыст адказвае: "Хачу пазнаёміцца з гісторыяй вашай краіны". А дробны монстар з чырвоным таўром "таможня" рагоча: "Так ведь тут нет никакой истории". Школа, невылечны маразматык савецкае сыстэмы, тлуміла пакаленьні нашых дзяцей біяграфіямі маскоўскіх цароў, Суворавым і партыйнымі зьездамі, ні словам не згадаўшы пра Воршу, пра нашу славу і трагедыю. На будынках нашых вакзалаў вісіць прыплюснутая ў рэльеф галава Леніна (праўда, ён праяжджаў тут на шляху ў эміграцыю і выйшаў з вагону на пару хвілінаў, каб купіць піражкі). А магілы беларускіх герояў, палі вайсковай хвалы пазарасталі быльнягом. Ім няма помнікаў, іх паглынула амнэзыя.
Суседзі актыўна пакарысталіся ненармальным станам нацыянальнае памяці, выкліканым расейскай акупацыяй і зьнішчэньнем Беларускае дзяржавы й нашае эліты. Разгортваем школьны падручнік віленскага выданьня 1993-га году на расейскай мове "История Литвы": на адпаведнай старонцы ведамая гравюра і назва "Победа литовцев под Оршей". Вось так... Працэс абуваньня ў лапці нашага народу - адна з прыярытэтных функцыяў расейскіх, польскіх, летувіскіх і ўкраінскіх гісторыкаў. Зь іхняе падачы няякасны інтэлектуальны прадукт трапляе ў замежныя энцыкляпэдыі й г. д. Нам столькі гадоў расказвалі сафістычныя байкі пра нас самых ("беларусы рахманыя і неваяўнічыя", "жылі ўвесь час пад польска-літоўскімі фэадаламі", "фармаваньне беларускае нацыі пачалося з канца 18-га стагодзьдзя", "знаете, товарищи, не было таких - белоруссов"), што мы й самі паверылі ў тое, што нас няма. Шок канца 1980-х гадоў, калі пачаўся новы этап нацыянальнага Адраджэньня, быў дастаткова моцным, каб разьбіць закарэлыя стэрэатыпы. Кнігі расстраляных расейскімі акупантамі гісторыкаў і іхных сучасных вучняў Міколы Ермаловіча, Уладзімера Арлова, Генадзя Сагановіча, якія ўрэшце дайшлі да чытача, абумовілі сапраўдную інтэлектуальную рэвалюцыю. Ужо праз колькі гадоў лукашэнкаўскія інквізытары пачалі паліць беларускія падручнікі й пляжыць гістарычную традыцыю, настаўніцтва было вернута ў хамут служэньня антыбеларускім псэўдакаштоўнасьцям. Сьвятыя вобразы зноў замянілі маскоўска-акупанцкім шалупіньнем кшталту курсу "Истории Отечества" ды агульнарэспубліканскае п'янкі ў "День защитника Отечества" 23-га лютага. Але дыктатура ўжо ня мае абсалютнае моцы над духоўным жыцьцём нацыі. Ужо мы не дазволім сьцерці яшчэ раз імя тройчы ўслаўленае Воршы й усю беларускую ваенную гісторыю з нацыянальнае памяці.
Гістарычная тэма ў беларускім мастацтве знаходзіцца ў эмбрыянальным стане. Старонкі раманаў Уладзімера Караткевіча й Кастуся Тарасава, графічныя аркушы Міхаіла Басалыгі й Рыгора Сітніцы, балет "Рагнеда"- ці не замала яркіх твораў на 10-мільённую нацыю? Хаця што зробіш, калі найлепшыя дасягненьні падцэнзурнага мастацтва БССР належалі жанрам нацюрморту і краявіду? А на плошчах нашых гарадоў дагэтуль стаяць бальшавіцкія ідалы, іхнымі імёнамі дагэтуль названыя вуліцы. Баляслаў Прус сьмяяўся вуснамі сваіх эгіпецкіх герояў над элінамі, якія на матар'яле пірацкае экспэдыцыі ў Трою зрабілі ўзьнёслы эпас. Нам-жа трэба толькі абярнуцца ў мінуўшчыну і адкрыюцца скарбы, якім пазайздросьціць любы, самы клясічны народ. Пакуль што ў велічны гмах Гістарычнае Памяці беларускімі творцамі пакладзеныя нямногія цаглінкі.
Зьбіраньне камянёў нашае мінуўшчыны ёсьць нашая задача. На чужынцаў няма спадзяваньня. Расеец не дакажа праўды пра 1382-і год. Калі хан Тахтамыш падыйшоў да Масквы, адтуль уцякла ўся дзяржадміністрацыя на чале з князем Дзімітрыем і мітрапалітам Кіпрыянам. Маскоўскі люд пачаў піць, гуляць і рабаваць. У горадзе запанаваў хаос, аж покуль ліцьвіны не ўзялі справу абароны ў свае рукі: князь Асьцей (яго называюць унукам Альгерда) арганізаваў абарону на мурах і парадак на вуліцах, а рамесьнік Адам камандаваў артылерыяй. І каб не маскоўская дурата, то горад-бы не загінуў. Ня скажуць яны праўды й пра 1812-ы год, калі ў Барадзінскай бітве сталі па абодва бакі фронту па законах грамадзянскае вайны беларускія палкі. І польскі інтэлектуал не дакажа праўды. Мельхіёр Ваньковіч у сваёй знакамітай манаграфіі "Монтэ-Касіна", прысьвечанай перамозе арміі генэрала Андэрса ў Італіі ў 1944-м годзе, згадвае слова "беларус" роўна два разы на 350 старонак. Прычым адна са згадак інфармуе пра ўцёкі ў нямецкі палон (прозьвішчы, аднак, не пададзеныя). Калі-ж чытаеш сьпісы загінуўшых, што падаюцца ў апараце кнігі, то ясна разумееш, што больш за палову герояў былі беларусамі й украінцамі. На тэрыторыі мэмарыялу ў Монтэ-Касіне цяпер ёсьць алея сьцягоў. Там лунаюць дзяржаўныя сьцягі Індыі й Пакістану (у 1944-м годзе такіх дзяржаваў ня было), бо ў штурме ўдзельнічалі брытанскія каляніяльныя часткі. Беларускага сьцягу там няма.
Антуан-Жан Гро ўразіў сучасьнікаў яшчэ адным палатном - "Напалеон ў бітве пад Эйлаў". Імпэратар аб'яжджае на кані поле бітвы. Снег засыпае груды трупаў. Паранены чалавек у расейскім муньдзіры няўклюдна паўзе і цягне руку да пераможцы. Нехта са сьвіты пераказаў потым гэты эпізод жывапісцу. Паранены казаў Банапарту, што хацеў-бы служыць у ягоным войску. Казаў, што ён ліцьвін, мабілізаваны маскоўцамі на абарону іхняй імпэрыі. Цяпер кожны экскурсавод па Луўру расказвае перад карцінаю пра "літоўца" (канешне-ж, паводле ўсіх крыніцаў - "Lithuanian"). Беларус на чужой вайне за чужыя інтарэсы, у чужым мундзіры, а ў дадатак яшчэ пад чужым імём - і так 200 гадоў пасьля згубы сваёй дзяржавы.
Вечна так ня будзе. Наш народ урэшце адбудуе сваю эўрапейскую дзяржаву і дасьць адэкватную ацэнку сваёй мінуўшчыне. Беларускае войска скіне зь сябе маскоўскую мішуру. Будуць у нас Варшанскі, Грунвальдзкі й Грозаўскі палкі, службу ў якіх моладзь будзе лічыць за гонар. Будзе Вайсковая Акадэмія імя князя Канстанціна Астрожскага, у якой на дзяржаўнай мове будуць выхоўваць абаронцаў Айчыны паводле багацейшых мілітарных традыцыяў беларускае нацыі. А Дзень Беларускае Вайсковае Славы 8-га верасьня будзе дзяржаўным, усенародным сьвятам.
Валеры БУЙВАЛ