Ваяўнічыя і прыгожыя
Бібліятэка графа Аўгуста ў прыгожым нямецкім гарадку Вольфэнбютэль, дзе ўдалося папрацаваць мінулым летам, на ўсю Эўропу славіцца найбагацейшымі зборамі старадрукаў. Як выявілася, шмат сабраных там выданьняў самым непасрэдным чынам тычыцца і беларускай гісторыі, так што нас яшчэ можа чакаць нямала адкрыцьцяў. З вынікаў першай разьведкі мяне найбольш уразіла малюткая кніжачка "Праўдзівае грунтоўнае апісанне Русінаў...", напісаная Паўлам Одэрборнам у 1581-м годзе і потым неаднакроць выдаваная ў Нямеччыне на лацінскай ды старанямецкай мовах.
Паўл Одэрборн быў памеранскім немцам, які пасьля атрыманьня ступені магістра філязофіі прыехаў у Коўну, дзе працаваў лютэранскім сьвятаром. Летам 1581-га года ён апынуўся на Полаччыне, толькі што вызваленай ад маскоўскай акупацыі войскам Стэфана Баторыя. Пакуль на памежжы было ціха, Одэрборн з часткаю найманых прускіх кнехтаў знаходзіўся ў Дзісьне, дзе кватараваў у хаце мясцовага бурмістра - "чыстакроўнага русіна" Аляксея Цэзарына. Каб не марнаваць час, дапытлівы немец узяўся пазнаваць новы для яго край, запісваючы пачутае і пабачанае - так і нарадзілася кніжачка.
Одэрборн наведваў праваслаўнага сьвятара, у якога праз перакладчыка знаёміўся з рэлігіяй і звычаямі русінаў, шмат распытваў у гаспадара, хадзіў па людзях, бываў у іншых гарадах і мястэчках. У кожным разе, як сам аўтар сьцьвярджае ў прадмове, запісваў ён толькі тое, што бачыў сваімі вачыма, а не па чутках ці чужых кніжках. Сапраўды, у шэрагу месцаў апісаньне мясцовых рэаліяў настолькі дакладнае і канкрэтнае, што адразу адчуваецца - так перадаць мог толькі відавочца! Тым больш каштоўным трэба лічыць зьвесткі пра Паўночную Беларусь, пакінутыя Паўлам Одэрборнам, бо ў іх ня толькі дэталёва зафіксаваныя рытуалы й звычаі нашых продкаў, але зьберагліся ўяўленьні аўтара пра самых беларусаў, яго асабістыя ўражаньні ад мясцовых людзей. Ніжэй прапаную некаторыя вытрымкі з Одэрборнавага "Праўдзівага грунтоўнага апісаньня Русінаў", каб чытач сам ацаніў запісы немца.
Натуральна, эўрапейца найперш уражвалі пушчы: "Яны [людзі - Г.С.] аточаныя тут густымі, непраходнымі лясамі, так што ваўкоў, лісаў і куніцаў упалёўваюць часам проста ў горадзе". Дзівіла і тое, як людзі зжыліся зь лесам, і якім жывучым было паганства: "У лясах яны маюць асаблівыя дрэвы, дзеля малітваў пасаджаныя іх бацькамі, з тых дрэваў здымаюць кару, дробяць яе і лечаць ёю ня толькі калецтва, але гояць таксама раны ды ўсялякі боль...", а ў хатах многія трымаюць "асаблівых зьмей". Зьвярнуў увагу і на прыроднае багацьце края. "У мірныя часы іх палі добра родзяць і тут не бракуе нічога, што-б магло спатрэбіцца для сілкаваньня чалавечага цела. Яны па-майстэрску ловяць розных глушцоў, цецярукоў, рабчыкаў і падобных ды прадаюць іх па мізэрных цэнах. Удосталь і каштоўнай рыбы, якую яны здабываюць у рэках Дняпры, Дзьвіне, Дзісьне, Дрысе, Палаце, а таксама ў нялічаных азёрах ды рыбных затоках".
Мімаходзь гаворачы пра лад, Одэрборн адзначыў, што мясцовыя кіраўнікі ("старасты") "выдатна валадараць над народам", які "застаўся пры сваім Статуце". Што да культуры, то аўтар бачыў, як беларусы "гуляюць ня толькі ў карты, але бавяцца таксама ў косьці ці ў шашкі, аднак асабліва спрытна гуляюць у шахматы". Больш за тое: "У шахматах яны такія майстры, што ня ведаю, ці зможа які іншы народ зраўняцца зь імі ў гэтай гульні!", - напісаў зьдзіўлены памеранец.
Кранаючы зьнешні выгляд беларусаў, немец назваў іх "файнымі людзьмі добрай фігуры", а потым дадаў: "У бальшыні гэта народ моцны, добрага целаскладу, і жанчыны тут зусім нябрыдкія, так што іншы-б і захапіўся іхнай прыгажосьцю. Аднак свой прыгожы вобраз яны хаваюць і псуюць... ".
Урэшце, здаецца, зусім нечаканая характарыстыка, якую мог даць праваслаўным беларусам прадстаўнік самага ваяўнічага народу Эўропы: "Увесь гэты народ ад прыроды схільны да абароны. У сутычках яны выкарыстоўваюць мячы, даўгую колючую зброю і выгнутыя шаблі...". Пры адзначанай ваяўнічасьці, аднак, немец не заўважыў у беларусаў закрытасьці й дзікасьці. "Да чужынцаў яны ставяцца дастаткова дружалюбна", - заўважыў Одэрборн, і ў хатах "гасьцей прымаюць вельмі прыязна".
Калі параўнаем уражаньні Одэрборна пра Беларусь з апісаньнем Масковіі, якое раней пакінуў Жыгімонт Герберштайн або пазьнейшыя эўрапейскія падарожнікі, то пабачым сапраўды розныя народы. Нават вызнаючы адное праваслаўе, яны былі больш розныя, чым цяпер. Выходзіць, у ХVІ-м стагодзьдзі продкі нашыя зусім годна выглядалі ў вачах эўрапейца, шмат чым выклікалі сымпатыі. Іх вобраз зьмяніўся пазьней, калі край перажыў войны сярэдзіны ХVІІ-га стагодзьдзя, пасьля якіх беларусаў больш не называлі моцнымі й ваяўнічымі.
Генадзь САГАНОВІЧ

Вызваленьне Полацка вялікім князем і каралём Сьцяпанам Батурам. Дрэварыт XVI-га ст. Малюнак узяты з кнігі "Краіна Беларусь".