ВАЙНА

Прычынаў вайны ЗША на Блізкім Усходзе ёсьць некалькі. Першая - гэта стварэньне дзяржавы Ізраіль і палестына-ізраільскі канфлікт (шырэй - араба-ізраільскі канфлікт). Другая - нафта. Трэцяя - галоўная, якая вынікае зь першых дзьвух, - гэта непасрэдная пагроза Злучаным Штатам, разьвязваньне радыкальнымі групамі мусульманскага сьвету міжнароднай партызанска-тэрарыстычнай вайны супраць Амэрыкі.
Пасьля 11-га верасьня 2001-га году стала зразумела, што вайна Амэрыкі на Блізкім Усходзе, практычна, непазьбежная, дзеля прадухіленьня эскаляцыі тэрарыстычнай вайны. Амэрыка зразумела, што толькі сродкамі аховы, стрымліваньня і абароны яна ня зможа доўга і пасьпяхова супрацьстаяць партызанскаму тэрарызму радыкальных ісламістаў. Яна можа пацярпець у гэтай вайне, як толькі нябачны праціўнік атрымае ў свае рукі зброю масавага зьнішчэньня. Стала зразумела, што калі не прыняць хутка рашучых мераў, то нябачныя ворагі Амэрыкі завалодаюць гэтай зброяй.
Зьнішчэньне партызанскага тэрарызму радыкальных ісламістаў Усходу і ліквідацыя пагрозы амэрыканскай дзяржаве ёсьць жыцьцёвай неабходнасьцю Амэрыкі. Ня кажам ужо пра тое, што пэрманэнтныя абарончыя меры каштуюць дорага і не гарантуюць ад ахвяраў.
Першым чынам трэба было ліквідаваць асяродкі тэрарызму і рэжымы, якія маглі стаць базаю для тэрарызму і крыніцаю атрыманьня зброі масавага зьнішчэньня.
Гэтак адбылася вайна з талібамі ў Аўганістане. Гэтак пачалася і небясьпечная вайна ў Іраку (фармальна - як працяг нафтавай кувэйцкай кампаніі, якую праводзіў старэйшы Буш).
Трэба ўлічыць, што Ірак ня ёсьць тэакратычнаю ісламісцкаю дзяржаваю. Гэта у цэлым - сьвецкая краіна з даволі разьвітаю навукаю і з самымі перадавымі ўнівэрсытэтамі на Блізкім Усходзе (Багдад). Ірак мае інтэлектуальныя магчымасьці стварыць зброю масавага зьнішчэньня. Тым часам дыктатура Садама Гусэйна - адна з самых жорсткіх у сьвеце. Усёпаглынаючы страх - такая ёсьць пануючая атмасфэра ў ірацкім грамадзтве.
Усе гэтыя чыньнікі плюс антыамэрыканізм Гусэйна і стан фактычнай вайны з Амэрыкай рабілі збройную інвазію ЗША ў Ірак, практычна, неўнікнёнай. (Няма таксама гарантыяў несупрацоўніцтва Аль-Каіды з Гусэйнам.) Амэрыка па-амэрыканску рэагавала на рэальную пагрозу сваёй бясьпецы.
Такая сутнасьць справы. І менавіта таму прэзыдэнт ЗША адзначыў, што для ваенных дзеяньняў супраць рэжыму Садама Гусэйна ЗША ня мае патрэбы ў згодзе Арганізацыі Аб'еднаных Нацыяў і Савета Бясьпекі ААН.
Пазыцыя Заходняй Эўропы ў гэтай вайне - тыповая для эўрапейскага палітычнага філісьцерства. (Успомнім пазыцыю Чэмбэрлена ў дачыненьнях зь Гітлерам, здачу Чэхаславаччыны, Аўстрыі, Польшчы і г.д.) Гэта паводзіны здраднікаў і нікчэмных палітыкаў, схаваныя за, нібыта, "гуманнай" пацыфісцкай дэмагогіяй і подлай інфармацыйнай прапагандай.
Менавіта гэтая, прымітыўна-праўдападобная прапаганда Францыі й Нямеччыны (перш за ўсё) выклікала на вуліцы антываенныя шматтысячныя натоўпы абываталяў, якім раптам стала шкода мірных іракцаў. Пры гэтым, калі адбываўся генацыд у Чачэніі і расейскае тэрарыстычнае войска вынішчала мірнае чачэнскае насельніцтва, тады нешта не відаць было гэтых "міралюбівых" натоўпаў, ня гледзячы, што і чачэнцы, і ўсе сумленныя людзі ўвесь час даводзілі інфармацыю пра генацыд у Чачэніі да сусьветнай грамадзкасьці, а ўрады ЗША і Заходняй Эўропы проста кінулі, прадалі чачэнцаў, дзеля прагматычных інтарэсаў з Расеяй. Цяпер гэтыя ахвяры масавай прапаганды пад лямант з Парыжу і Бэрліну масава выяўляюць сваю нянавісьць да Амэрыкі (якой, дарэчы, абавязаны й сваім эўрапейскім мірам, і сваім мяшчанскім дабрабытам. Я маю на ўвазе канец Другой Сусьветнай вайны, плян Маршала, НАТО, перамогу ў халоднай вайне і г. д.). Нават расейскі прэзыдэнт Пуцін - спраўца масавых забойстваў чачэнцаў (і няверны прыяцель Амэрыкі) - выступіў у абарону Садама Гусэйна, праліваючы кракадзілавыя сьлёзы па ахвярах вайны. (Ужо хто-б што казаў пра ахвяры й "права сілы" - толькі ня Пуцін.)
І немцы, і французы, і расейцы шмат уклалі сродкаў у ірацкую нафту і эканоміку. (Якія там "ідэі", "гуманізм", "дэмакратыя"! Кожны ратуе свае грошы.) Ініцыятыва амэрыканцаў падважыла-б валюту "эўра" і самую ідэю пабудовы новай супэр-імпэрыі ў Эўропе (так званы Эўразьвяз). І раптам гэтак усё агалілася, фактычна, раскалолася НАТО, а Францыя, Нямеччына, Бэльгія, Люксэмбург зьбіраюцца арганізаваць свой ваенны блёк, сваю "абарону Эўропы". Тут-жа стварылі вось Парыж-Бэрлін-Масква і, амаль не хаваючыся, пачалі дамаўляцца пра новы перадзел Эўропы на "сфэры ўплыву" (справа йдзе, перш за ўсё пра Беларусь, Украіну і Польшчу, краіны Балтыі, былую Ўсходнюю Прусію - цяперашнюю Калінінградзкую вобласьць).
Як бачым, усё у каторы раз у гісторыі - паўтараецца. Як толькі аб'ядноўваюцца Парыж-Бэрлін з Масквою - акупацыя, анэксыя, аншлюс, вайна не за гарамі. Усё гэта ў Эўропе ўжо праходзілі. Выступленьне-ж супраць Амэрыкі - гэта самае горшае, да чаго маглі дадумацца цяперашнія ўрады Эўропы.
Характар цяперашняй амэрыканскай вайны на Блізкім Усходзе - зусім іншы, чым папярэдні. Дзеяньне разгортваецца паволі, на выбраных тэрыторыях, авія-налёты ня носяць масавага характару, усё накіравана на як найменшыя страты цывільнага насельніцтва. Тым часам (на першы погляд, парадокс) прыхільнікі Гусэйна, на баку якіх, быццам-бы, маральнае права абароны радзімы, самыя страляюць у сваіх мірных уцекачоў і правакуюць ахвяры насельніцтва, каб паказаць па тэлебачаньні й выставіць у дрэнным выглядзе амэрыканцаў ды выклікаць да сябе спачуваньне ў сьвеце. Вайна - ня толькі крывавая, але і брудная справа.
Як мы, беларусы, павінны адносіцца да гэтай вайны?
Ва ўсіх войнах церпяць нявінныя мірныя людзі. Гэта ёсьць найгоршы бок вайны. Таму за вайною павінен быць міжнародны кантроль, дапамога пацярпелым і мірнаму насельніцтву. Мы не павінны заставацца ўбаку ад агульналюдзкай салідарнасьці й дапамогі людзям.
Што датычыць самога канфлікту. Мы ня мусім у ім удзельнічаць ні ў якой форме. Але мы павінны ведаць, што ў нашых беларускіх інтарэсах, каб Амэрыка як найхутчэй пераможна закончыла вайну. У гэтым сэнсе нам трэба прызнаць рацыю амэрыканскага боку, зразумець, што амэрыканскае бачаньне будучыні ў інтарэсах ня толькі Амэрыкі, але і ўсяго цывілізаванага сьвету. У тым ліку - і незалежнага Іраку.
Пазыцыя немцаў і расейцаў - галоўных ворагаў нашай беларускай незалежнасьці - тут ведамая. Але зьвернем увагу на выказваньні цяперашніх расейскіх думальнікаў і палітыкаў. Яны кажуць, што ў іхных расейскіх інтарэсах - параза і кампрамэтацыя Амэрыкі. І тлумачаць, што параза ў вайне, аслабленьне і зьніжэньне ўплыву Амэрыкі павялічыла-б сусьветную цану на нафту (якая ўжо некалькі гадоў і так высокая). Гэта дало-б Расеі (якая прадае нафту і газ) велізарныя барышы, якія можна было-б часткова накіраваць на дадушэньне Чачэніі і захоп Беларусі, ды прыціснуць Украіну, і ўплываць на палітычныя стасункі ў Эўропе, закончыць яе перадзел на сфэры ўплыву і паставіць нагу на Блізкім Усходзе. Такую выснову можна зрабіць з выказваньняў некаторых расейскіх аналітыкаў.
Пры ўсіх недахопах, "русацяпстве" і супярэчнасьцях амэрыканскай палітыкі, не забывайма, што Амэрыка ёсьць, практычна, адзіным гарантам (бо куды Амэрыка - туды й Вялікабрытанія) нашай беларускай незалежнасьці, яна схільная рэальна дапамагчы беларусам, была-б толькі на гэта беларуская воля і беларуская сіла.
Мяркую, кожны разумее, што калі скончыцца агрэсыўная дыктатура Гусэйна і амэрыканцы прыстойна перамогуць, то рэжым прамаскоўскай сатрапіі ў Беларусі адчуе сябе няўтульна, а расейскія шавіністы ў Маскве паўстрымаюць свой агрэсыўны імпэт. Гэта дасьць шансы беларусам хутчэй скончыць з сатрапіяй, абараніць незалежнасьць і па-людзку загаспадарыць у сваёй Бацькаўшчыну, спрыяльна для ўсіх людзей.

* * *

Тут мушу яшчэ парушыць вельмі істотны для нас, беларусаў, сьветапоглядны й псіхалягічны аспэкт, паколькі нашае цяперашняе грамадзтва сілком спынілі ў паняцьцях савецкай сыстэмы. Савецкая ідэалёгія ўлады трымалася на вайне. У 1920-1930-х гадох - на псыхозе "дзейнасьці" зьнешніх і ўнутраных "ворагаў" і варожых падкопаў буржуазных імпэрыялістаў, гатовых шкодзіць і напасьці на СССР. Пасьля вайны гэтая палітыка будавалася на гіпертрафаванай, аднабокай і перакручанай памяці пра жахі вайны, якія ўзводзіліся ў паралізуючы пачварны культ сыстэмнай ідэалёгіі страху перад вайною.
Амаль 50 гадоў савецкая сыстэма выкарыстоўвала цярпеньні й пакуты людзей за часы Другой Сусьветнай вайны дзеля апраўданьня ўсіх сваіх недахопаў, рэпрэсыяў, эксплюатацыі й паразітызму, уціску і няўдачаў. Ідэалёгія канцэнтравалася ў формуле: "галоўнае, каб не было вайны". Альтэрнатывай каляніяльнаму саветызму і сацыялізму выстаўлялася вайна. Таму трэба было цярпець і з усёй мярзотай пагаджацца "абы вайны не было".
На гэтым ідэёва-псыхалягічным збачэнстве і страху людзей 46 гадоў трымаўся Савецкі Саюз, і гэтая прапаганда, гэты бяздумны жах перад вайною ўвайшлі ў жылы й кроў савецкага чалавека. Але элемэнтарны здаровы сэнс падказвае, што трэба баяцца не вайны, а рабства; што ёсьць каштоўнасьці й зьявы, даражэйшыя за жыцьцё. І гэта даказваецца ўсёю духоўнаю і экзыстэнцыйнаю гісторыяй чалавецтва.
Войны бываюць розныя. Мала хто здолеў дасягнуць незалежнасьці й свабоды без пакутаў, ахвяраў, барацьбы й вайны (хоць кожны хацеў-бы мірнага самавызначэньня). І нікому не ўдалося засьцерагчыся ад агрэсіі не супраціўляючыся сваім ворагам.
Пагроза нашай незалежнасьці - гэта палітычная рэчаіснасьць цяперашняга часу. І як-бы ні разьвіваўся маскоўскі акупацыйны сцэнар ў Беларусі, рашаючае слова застанецца за беларусамі. Як, якім чынам яно будзе сказанае, ці па сыстэме "абы вайны не было", ці на ўзроўні - "акупанты, прэч!", ці ў перакананьні: "Бацькаўшчына - альбо сьмерць!" - ад гэтага ўрэшце будзе залежыць і нашая будучыня.

Зянон ПАЗЬНЯК