Беларуская замежная прэса і радыё

Сёлета спаўняецца 54 гады існаваньня беларускай праграмы Радыё Ватыкан. Як найстарэйшая, яна мае гонар быць першаю сярод радыёпраграмаў у нашай сэрыі.
Дзень заснаваньня 12-га лютага 1931-га году. Гэтага дня Папа Рымскі Пій XI сказаў да ўсяго сьвету праз збудаваную самым Марконі (вынаходнікам радыё) радыёстанцыю першае пасланьне "Омні Крэатурэ" (значыць, да усяго стварэньня).
Што гэта - Ватыканскае Радыё? Гэта радыё Рымскага Папы, асноўнаю мэтаю якога ёсьць абвешчаньне хрысьціянскага пасланьня, якое трапляла-б да слухачоў. Але найлепш на гэтае пытаньне адказаў цяперашні Папа, Ян Павал ІІ, калі сустрэўся з нашымі супроўнікамі 5-га лютага 1980-га году. " Вашае заданьне - зьвярнуўся Папа да ўсіх нас - зрабіць чутным біцьцё сэрца Царквы ва ўсіх частках сьвету і старацца ўмацоўваць сувязь мясцовых Цэркваў, асабліва тых, якім прыходзіцца існаваць у краінах, дзе няма рэлігійнае свабоды, з Пасадам Пятра і паміж сабою. З асабістага дасьведчаньня ведаю, што значыць голас Ватыканскага Радыё для тых верных, якія чакаюць ад яго ўмацаваньня ў веры й падтрымкі надзеі".
Цяпер Ватыканскае Радыё перадае свае праграмы ў 44-x мовах сьвету: на Ўсходнюю Эўропу ў 15-ці мовах, Заходнюю Эўропу ў 11-ці мовах, Афрыку ў 6-ці мовах, Азiю і Акеанію ў 8-мi мовах, абедзьве Амэрыкі ў 4-х мовах.
На Радыё працуе каля 400 журналістаў і тэхнікаў. Ня буду разводзіцца аб унёску кожнага з Папаў у разьвіцьцё нашае радыёстанцыі. Толькі скажу, што дзякуючы надзвычайнай душпастырскай дзейнасьці цяперашняга Папы, Ватыканскае Радыё асягнула такой ступені пасьпяховасьці й прафэсыйнасьці, што стаіць на ўзроўні прызнаных лідэраў міжнароднага радыёвяшчаньня.
Беларуская Праграма мае даволі сталы век: мінула ўжо 54 гады (і тут трэба падкрэсьліць, што гэта ёсьць найстарэйшая беларуская радыёстанцыя па-за межамі Беларусі), калі ініцыятыўная група беларусаў - Айцец Татарыновіч, Айцец Гарошка, Айцец (пазьнейшы біскуп) Сiповіч і інжынер Рыдлеўскі - распачалі стараньні ў Ватыкане, каб і беларускі голас пачуўся па Ватыканскім Радыё.
Папа Пій XII ласкава згадзіўся на просьбу нашых хадайнікаў, і 6-га студзеня 1950-га году Беларуская Праграма Радыё Ватыкан пачала рэгулярна выходзіць у этэр. Ейны першы кіраўнік, Айцец Татарыновіч, піша ў першым нумары "Зьніча", які выйшаў з друку праз некалькі месяцаў пасьля пачатку радыёперадачаў: "Браты Беларусы. Ваша мова дачакалася найвышэйшага прызнаньня. Вы можаце ёю карыстацца ў кожную пятніцу а гадзіне 18.30, слухаючы Ватыканскіх Радыёперадачаў на кароткіх хвалях..."
Айцец Татарыновіч на працягу 20 гадоў, пазьней айцы Гарошка і Тамушанскі ды цяперашні наш склад на чале з айцом Робінэ, нямала паспрыялі й надалей укладаюць стараньні й шмат працы, каб перадаваць на хвалях нашага радыё словы Божае Праўды, хрысьціянскую навуку ды весткі зь беларускага і сусьветнага рэлігійнага і сьвецкага жыцьця.
У мінулыя часы, нашыя праграмы служылі падмацаваньнем царкоўных супольнасьцяў у Беларусі, якія былі перасьледаваныя камуністычным рэжымам. Тады мы большую частку свайго часу ў этэры прысьвячалі праграмам рэлігійнага зьместу (напрыклад, навучаньне праўдаў веры, гутаркі на рэлігійныя і маральныя тэмы, Літурнічныя тэксты, тлумачэньне Эвангельляў і г. д.) Пад канец 80-х і на пачатку 90-х гадоў, пасьля падзеньня Бэрлінскага муру, пачалі нас наведваць суродзічы зь Беларусі, якія былі захопленыя нашай працай. Мы рабілі зь імі інтэрв'ю ды перасылалі ў Беларусь. Сярод іх былі: Васіль Быкаў, Адам Мальдзіс, Анатоль Грыцкeвіч ды іншыя. Пачалі мы нават тут выдаваць бюлетэнь "Хрысьціянскія Навіны", ў якім інфармавалі аб дзейнасьці Папы ды аб іншых здарэньнях з культурнага і рэлігійнага жыцьця, як з Ватыкану так і з Бацькаўшчыны. Усяго выйшла 35 нумараў. Атрымлівалі яго беларусы, як з самой Беларусі, так і дыяспары.
Затым пачалі прыбываць таксама чарнобыльскія дзеці. Аб іхных праблемах мы гаварылі на нашым радыё. Успомню яшчэ, што тагачасны міністар замежных справаў, сказаў у прыватнай гутарцы з намі, між іншым: "Мы ведаем аб вас і глядзім на вас." Назваў нават нас "маленькім беларускім консульствам" у Вечным Горадзе.
Цяпер мы сваімі праграмамі намагаемся дапамагаць хрысьціянскім супольнасьцям у пабудове новага грамадзтва, якое цешылася-б большаю свабодаю, чуючыся часткаю хрысьціянскай Эўропы, пераадольвала-б цяжкія грамадзкія, культурныя, маральныя і рэлігійныя праблемы. Маем даволі многа карэспандэнтаў з самой Беларусі: з Горадні, Менску, Віцебску, а таксама і з Беласточчыны, якія сваімі карэспандэнцыямі інфармуюць аб рэлігійным жыцьці ня толькі мясцовае Каталіцкае Царквы, але таксама іншых хрысьціянскіх супольнасьцяў ды паведамляюць пра грамадзкае, культурнае жыцьцё ў Беларусі, з асабліваю ўвагаю да хрысьціянскіх каранёў беларускае культуры.
Нажаль, нам не ўдалося наладзіць сувязі зь беларускай дыяспарaй, хаця пасьля візыту ў Рым беларусаў зь Вялікабрытаніі й Бэльгіі, магчыма, нешта паправіцца ў гэтым напрамку. З ЗША, Канадаю ня маем ніякіх сувязяў. А шкада, бо маглі-б інфармаваць на нашых хвалях аб Вашым як рэлігійным, так і грамадзкім жыцьці. Нават можна было-б падаць інфармацыю аб сэсіі БНР. Мы ня маем ніякага супрацоўінцтва, напрыклад, з радыё "Свабода" ды іншымі радыё, як i зь беларускімі цэнтрамі, якія знаходзяцца ў дыяспары. Час ад часу, звоняць да нас з радыё "Полёнія", але не каб супрацоўнічаць, але толькі, каб атрымаць інфармацыі аб дзейнасьці Папы Рымскага.
Час ад часу выпадае нам рабіць непасрэдныя радыёхронікі з Багаслужбаў Папы. Гэта можна назваць гонарам і высокім прызнаньнем для нашае працы. Нядаўна ў Рыме адбыліся сьвяткаваньні 25-цігодзьдзя Пантыфікату Папы Рымскага. Прыбыла Другая Нацыянальная Пілігрымка зь Беларусі, на чале з кардыналам Сьвёнтакам, каля 500 чалавек. Мы сустракаліся з удзельнікамі пілігрымкі, рабілі зь імі інтэрв'ю ды перадавалі па радыё.
Ці слухаюць нас у Беларусі й на Беласточыне ў Польшчы? Так, слухаюць уважліва. Аб гэтым сьведчаць лісты, электронная пошта ды нашыя непасрэдныя сустрэчы з слухачамі, калі едзем на вакацыі ў родныя куткі.
Ад імя кіраўніка Беларускае праграмы Радыё Ватыкан, айца Робінэ, рэдактар Янка Мойсік. E-mail: mojsik@hotmail.com