Артыкул Зянона Пазьняка "Ня йдзіце - падмануць!", надрукаваны ў папярэднім нумары, выклікаў неадназначную рэакцыю нашых чытачоў. Сёньня зьмяшчаем артыкул, аўтарка якога прытрымліваецца іншых паглядаў на ўдзел у выбарах у мясцовыя саветы, якія адбудуцца 2-га сакавіка 2003-га году.

ВЫБАРЫ - ШЛЯХ ДА ЛЮДЗЕЙ
У Беларусі 2-га сакавіка маюць адбыцца выбары ў мясцовыя Саветы, гэта значыць ў сельскія, раённыя, гарадзкія і абласныя. Рэальная сіла іх невялікая, бо ўсё прыдушана лукашэнкаўскай "вертыкальлю", але, паводле Канстытуцыі, заканадаўства - гэта значная частка прадстаўнічай галіны ўлады, і Менскі гарадзкі ды абласныя Саветы на грамадзкае жыцьцё ўплываюць.
Пасьля доўгіх і сур'ёзных дыскусыяў Партыя БНФ вырашыла браць удзел у выбарах. Разам з тым кіраўніцтвам была прынятая заява, што мы па-ранейшаму лічым пераварот 1996-га году антыканстытуцыйным і створаную пасьля яго структуру ўлады - нелегітымнаю. Дэпутаты ад Партыі БНФ, выбраныя народам, будуць легітымнымі прадстаўнікамі народу, але гэта зусім ня значыць, што легітымнай будзе ўся існуючая сыстэма ўлады. Такая дваістая пазыцыя моцна ўскладняе працу кандыдатаў ў дэпутаты. Яны апынуліся ў ролі лякмусавай паперкі, у нашым выпадку - людскія настроі, чаканьні, гатоўнасьць да дзеяньняў.
Натуральна, галоўная мэта кожнага кандыдата - стаць дэпутатам. Але Партыя БНФ падчас выбарчай кампаніі вырашае адначасна і некалькі агульных задачаў. Па-першае, яна атрымлівае магчымасьць свабодна выйсьці да людзей: пашыраць свае ідэі, адкрыта гаварыць пра існуючую ўладу, прапаноўваць шляхі выхаду з сыстэмнага крызысу, які руйнуе Беларусь. Па-другое, Партыя БНФ можа адкрыта паказаць, што ў яе актыве адукаваныя, гатовыя да ахвярнай працы спэцыялісты, а людзі пра іх мала ведаюць, бо сродкі масавай інфармацыі закрытыя для іншадумцаў. Па-трэцяе, за апошнія гады падрасьлі новыя, маладыя фронтаўцы, у іх шмат энтузыязму, але няма належнага досьведу працы ў выбарчай кампаніі, а бяз гэтага прафэсыйны палітык абыйсьціся ня можа. Ёсьць і шэраг іншых прычынаў, бо грамадзка-палітычнае жыцьцё надзвычай разнастайнае.
Агулам па Беларусі было вылучана 26 567 кандыдатаў у дэпутаты. (Паводле выбарчага заканадаўства вылучаць могуць працоўныя калектывы, партыі й грамадзяне - шляхам збору подпісаў.) Выбарчыя камісыі зарэгістравалі ня ўсіх. Фронтаўскіх вылучэнцаў "адсеялі" амаль 40%. Найбольш - у Менску, на Горадзеншчыне і Берасьцейшчыне, дзе ў нас больш прыхільнікаў. А на Гомельшчыне і Магілёўшчыне, дзе пазыцыі Партыі БНФ слабейшыя, пакінулі большую колькасьць нашых кандыдатаў. Прычыны для нерэгістрацыі таго ці іншага чалавека знаходзіліся лёгка. Калі не было нейкай фармальнай зачэпкі, выдумлялі абы што, а пакуль бедалага аспрэчыць хлусьлівае абвінавачваньне, тэрміны рэгістрацыі сыходзяць, і праблема зьнікае сама па сабе. Так, прафэсара Юрыя Хадыку не зарэгістравалі кандыдатам у Менскі гарсавет, бо ў дэклярацыі аб маёмасьці не напісаў пра 24 тысячы ганарару за нейкую рэцэнзію (24 тыс. - крыху больш за 10 даляраў), дырэктара ліцэя Уладзімера Коласа зьнялі за "ўтойваньне" некалькіх квадратных сантымэтраў дачнага ўчастка (акругліў лічбы). Сяргея Салаша з Барысава абвінавацілі ў тым, што подпісы на ягоных падпісных аркушах непраўдзівыя. Ен аспрэчыў гэта ў судзе, жанчыны (афіцэрскія жонкі!) прыехалі сьведчыць, што сапраўды падпісваліся за ягонае вылучэньне... Суд, аднак, прызнаў правамоцным рашэньне выбарчай камісыі. Абураныя жанчыны заявілі, што цяпер яны будуць гарою стаяць за БНФ.
Падобныя прыклады можна доўжыць. "Непісьменныя" кандыдаты, дарэчы, былі толькі сярод дэмакратычных, апазыцыйных. Людзі ўлады парушэньняў "не дапускалі". Пэўную частку кандыдатаў змусілі зыйсьці "дабраахвотна" - пагражалі зволіць з працы або іншым чынам пазбавіць заробка, а калі ў чалавека сям'я, дзеці... Цяжка чалавеку быць вольным.
Улады вельмі моцна трымаюць выбарчую кампанію ў сваіх руках, каб любымі сродкамі зьберагчы ўласныя пазыцыі. Так, пры фармаваньні выбарчых камісыяў яны адкінулі амаль усіх сябраў, прапанаваных партыямі дэмакратычнай арыентацыі. (Партыя БНФ мае толькі аднаго свайго чалавека ў Менскай гарадзкой выбарчай камісыі.) Такім чынам створаныя перадумовы для магчымых фальсыфікацыяў вынікаў выбараў. Рэгістравалі нашых людзей, трэба сказаць, таксама прадумана. Найперш на тых акругах, дзе ідуць чыноўнікі ці гаспадарнікі высокага ўзроўню. (Выбаршчыкі, як правіла, спадзяюццца на дапамогу такіх асобаў і галасуюць за іх.) Маладых людзей пакідалі ў спісах там, дзе жыве шмат пэнсыянэраў.
Мне выпала акруга, дзе ў пачатку 1990-х пасьпяхова балатаваўся ў Вярхоўны Савет Беларусі сп. Пазьняк. Але ў 1995-м годзе выбраны тут ужо ня быў...
Кандыдатаў у дэпутаты ад Партыі БНФ у рэшце па Беларусі засталося 111, зь іх 15 - у Менскі гарсавет (там 55 дэпутацкіх месцаў). Ці дойдзе хто да перамогі?
Мае канкурэнты ў акрузе - камуніст, старэйшы за мяне гадоў на дзесяць, і маладзейшая дырэктарка сярэдняй школы, лукашыстка, па словах яе нядаўніх вучняў. Які прыгожы расклад: камуніст, нацыяналістка, а сярод іх "харошая беспарційная жэншчына"! І вельмі верагодна, што ўлады будуць гуляць у яе карысьць. Разумеем, што запабегчы гэтаму ня зможам, але кантроль у час галасаваньня маем намер зладзіць, нават з камуністам паспрабуем навязаць кантакт дзеля кантролю. Дарэчы, у апошнія дні пачаліся перамовы паміж лідэрамі партый дэмакратычнай арыентацыі наконт лякальнага байкоту выбараў на тых акругах, дзе ня быў зарэгістраваны ніводзін "няўладны" кандыдат. Сытуацыя абвастраецца.
Для таго, каб чытачы маглі хоць крышачку ўявіць перадвыбарчую працу ў беларускіх ўмовах, падзялюся некаторымі ўласнымі назіраньнямі. У маёй акрузе - 23 500 выбаршчыкаў. Улётак ці якой іншай агітацыйнай літаратуры можна надрукаваць на 96 тысяч беларускіх рублёў (50$). За перавышэньне гэтай сумы, за ўлёткі без пазначэньня накладу ці друкарні здымуць з выбарчай гонкі. (Улётак мы вырабілі 6 500. А кватэраў - 10 350. Такім чынам, нават не ў кожную сям'ю можа трапіць інфармацыя пра кандыдата). Дазволены адзін выступ (3 хвіліны) па гарадзкім радыё. Каб зладзіць пікет ля крамы ці сустрэчу ў двары жылога дому, мне трэба за 15 дзён напісаць заяву ў гарвыканкам. Можна мець 5 памочнікаў-дабраахвотнікаў (ім даюць пасьведчаньні), якія маюць права, як і сам кандыдат, хадзіць з улёткамі па кватэрах. Ходзім!
З кім ні загаворыш - жальбы й нараканьні. Кошты камунальных паслугаў апошнім часам узрасьлі так, што ў пенсыянэраў на хлеб грошай не застаецца, лекі - недасягальныя. Маладыя губляюць працу і шанец знайсьці новую. Калі трапляеш у больш заможную сям'ю, то адразу пра хабар і непамерныя падаткі павядуць гаворку... Вядома, ёсьць і такія, што не адчыняюць увогуле або зачыняюць дзьверы, як толькі адчуюць, што мы супраць палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.
Шмат людзей станоўча ўспрымае тое, што кандыдат - жанчына (у выбарах 1995-га году я бачыла адваротную рэакцыю). І матывацыя прыблізна такая: "Мужыкі ўсё гавораць... А бабы робяць". Спрыяе кантактам і прафэсыя. "Журналістка? То хоць пасварыцца зь якім начальнікам..."
Наша беларускамоўнасьць успрымаецца спакойна нават тымі, хто адказвае на расейскай. Часам гавораць ў адказ штосьці ўхвальнае наконт мовы, здараюцца і заявы кшталту "не понимаю"... Праўда, раён гэты рабочы, бальшыня мае вясковыя карані. Партыйнасьць нашая многіх насьцярожвае, людзі баяцца таго, пра што мала ведаюць, што ў радыё- і тэлеперадачах падаецца нэгатыўна. Даводзіцца выконваць ролю партыйных асьветнікаў. А час ляціць так хутка... Колькі людзей мы пасьпеем абыйсьці за адзін месяц, і колькі зь іх насьмеляцца далучыцца да нас, да Партыі БНФ? Веру, аднак, што некалі ўсё гэта дасьць плён, проста, крок за крокам трэба ісьці наперад. Як Майсей у пустыні.
Што да развагаў кшталту "ня ідзі на выбары - абдураць", дык яны нагадваюць мне павучаньні затурканай старой кабеты: "Ня верце, дзеўкі, хлопцам. Абдураць!" Калі-б усе дзяўчаты бяздумна кіраваліся гэткаю парадаю, жыцьцё-б на зямлі спынілася.
Жыве Беларусь!

Валянціна ТРЫГУБОВІЧ