"Выбраныя працы" Вацлава Пануцэвіча
За няпоўныя тры гады ў "Бібліятэчцы "Беларускага гістарычнага агляду" выйшла 9 кнігаў, сярод якіх такія ўнікальныя, як "Спробы стварэньня беларускага войска" Франца Кушаля, "Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі" Сымона Кандыбовіча, "Беларуская кніга пад нямецкім кантролем: 1939-1944" Юрыя Туронка, "Хроніка беларускага жыцьця на чужыне: 1945-1984" Міколы Панькова, "Выбраныя працы" Вітаўта Тумаша.
Цяпер рэдакцыя БГА прыступае да падрыхтоўкі выданьня "Выбраных працаў" эміграцыйнага гісторыка Вацлава Пануцэвіча.
Вацлаў Пануцэвіч (Папуцэвіч) - дзеяч заходнебеларускага нацыянальнага руху 30-х. Быў прыхільнікам Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, потым рэдагаваў газэту "Беларускі фронт", заснаваную ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім. За сваю дзейнасьць Пануцэвіч неаднакроць перасьледваўся польскімі ўладамі. Падчас нямецкай акупацыі браў удзел у беларускім нацыянальным руху.
З 1944-м годзе на эміграцыі. Жыў у лягерах ДП у Нямеччыне, дзе займаўся арганізацыяй беларускага скаўтынгу. З канца 40-х Пануцэвіч пераяжджае ў ЗША (Чыкага). Браў удзел у грамадзка-культурніцкім руху. Па словах Вітаўта Кіпеля, належыў да невялічкай колькасьці тых, хто імкнуўся арганізаваць беларускі каталіцкі рух у ЗША.
Ягоная творчая спадчына багатая. В. Пануцэвіч апрацоўваў і выдаваў казкі, чытанкі, пераклаў на беларускую мову "Падарожжа Гулівера ў краіну Волатаў" Дж. Суіфта, напісаў некалькі кніжак па беларускім скаўтынгу. Але асноўны ягоны ўнёсак - гэта кнігі па гісторыі Беларусі. Гэта "Крывіцкая этнаграфічная прастора", "Зь гісторыі вышэйшых школ у Беларусі. 1. Віленская акадэмія", "Пачаткі хрысьціянства на нашых землях", "Плян Агінскага 1811 г.", "Сьв. Афрасіньня Полацкая", "З гісторыі Беларусі альбо Крывіччыны - Літвы", "Вінцэсь Гадлеўскі…", "Літва і Беларусь", "Берасьцейская вунія", "Сьвяты Язафат Кунцэвіч", "Паўстаньне 1863 на Беларусі" і інш. Большасьць кнігаў выйшлі мізэрнымі накладамі, і як на эміграцыі, так і ў Беларусі зьяўляюцца рарытэтам..
Большасьць працаў аб'ёмныя і патрабуюць асобнага перавыданьня. Аднак Вацлаў Пануцэвіч пакрысе вяртаецца ў Беларусь. У 1993 г. у "Спадчыне" у скарочаным выглядзе друкавалася ягоная праца "Вінцэсь Гадлеўскі - дзяржаўны муж і правадыр народу". Добрую справу зрабіла ўніяцкае выдавецтва ў Полацку, перадрукаваўшы ў мінулым годзе ягоную працу "Сьвяты Язафат".
Безумоўна, у адзін том нельга ўмясьціць і палову пазасталых гістарычных твораў В. Пануцэвіча. Таму рэдакцыя "Бібліятэчкі Беларускага гістарычнага агляду" вырашыла перавыдаць ягоныя рэлігійныя творы: "Сьв. Афрасіньня Полацкая", "Берасьцейская вунія", а таксама выдаць раней не друкаваны рукапіс "Беларуская Аўтакефальная Праваслаўная Царква".
На выданьне "Выбраных працаў" бракуе грошаў, таму "Бібліятэчка БГА" просіць дапамагчы ў выданьні кнігі. Усе ахвярадаўцы будуць згаданыя ў кнізе, і кожнаму па выданьні будзе прэзэнтаваны асобнік "Выбраных працаў".
У Чыкага яшчэ жывуць людзі, якія добра ведалі гэтага гісторыка. Рэдакцыя "Бібліятэчкі БГА" заклікае іх дапамагчы ўспамінамі, ліставаньнем і фотаздымкамі, што тычаць Вацлава Пануцэвіча. Успаміны, лісты, ілюстрацыі будуць зьмешчаныя ў кнізе.
Калі ласка, дасылайце свае ахвяры, успаміны, ліставаньне, фотаздымкі на адрас:
Liavon Yurevich
204 Ave N
Brooklyn, NY 11230

Рэдакцыя "Бібліятэчкі БГА"