Кароткія ўспаміны
Калі адыходзяць навечна духоўна блізкія людзі, заўсёды пачынаеш шкадаваць, што замала гаварыў, замала спатыкаўся. Але, калі разабрацца, то як яно было, так і было. Бо ўсе мы жывём дзеля будучыні, а ня дзеля сьмерці. Таму і складваецца ўсё так, як складваецца.
Рэальна я гэта зразумеў 5-га чэрвеня, калі па тэлефоне апошні раз размаўляў з Васілём Быкавым, перад ягоным ад'ездам у шпіталь у Бараўляны. Быў ён вельмі сумны, гаварыў пра сваё расчараваньне замежжам, пра цяжкі стан, безвыходнасьць, што існуе наўкола, пра тое, што яму дрэнна, і ён ад'яжджае... ў Бараўляны.
Бараўляны - гэта сымбаль, які выклікае трывогу. Усе гэта ведаюць. Інтуітыўна я адчуў, што размаўляю апошні раз, і што Быкаў, відаць, гэта таксама ведае.
Я пачаў яго фальшыва падбадзёрваць і гаварыць банальнасьці. Быкаў уздыхаў, хмыкаў і сьціпла цярпеў, пакуль я ня змоўк. Гэтага маўчаньня мне хапіла, каб вярнуцца ў рэальнасьць. І я сказаў яму тое, што думаю і кажу заўсёды: "Што-б ні было, Васіль Уладзімеравіч, і што-б хто ні рабіў, я ведаю адно - жыве Беларусь і будзе жыць. Ніхто ўжо нас не пераможа, ніякая Расея і ніякая Эўропа. Наша будучыня з намі. Гэта станецца. Верце мне. Яна ўжо ідзе, толькі ніхто ня бачыць".
Голас Быкава пацяплеў, і я зразумеў, што ён заўсьміхаўся, і нават узрадаваўся. Ен заўсёды ўсьміхаўся і радаваўся, калі я яму такое казаў, лагодна адмаўляючы мой аптымізм. "Ну, дай-жа Божа, як кажуць, дай-жа Божа!", - паўтараў з таго боку прыхільны голас. Гэта найбольш мне запомнілася з апошняй размовы і гучыць у вушох.

* * *
Я пазнаёміўся з Быкавым у траўні 1988-га году, калі спаткаўся зь ім і папрасіў напісаць прадмову да артыкулу пра Курапаты. Гэта была бомба пад Савецкі Саюз. Агітаваць Быкава не было патрэбы. Гэта выглядала-б сьмешна. Тут павінен быў стацца выбар. Таму знаёмства было стрыманым і нешматслоўным.
Быкаў прачытаў артыкул і напісаў прадмову. Гэта была моцная падтрымка, бо разьвязала рукі рэдакцыі газэты, дала падпорку.
Памятаю момант у час арганізацыі "Мартыралёгу Беларусі" й Аргкамітэту Народнага Фронту 19-га кастрычніка 1988-га году ў Чырвоным касьцёле ў Менску. Чыноўнік з ЦК КПБ, які апынуўся на ўстаноўчай канфэрэнцыі й нечакана даведаўся, што тут будзе арганізаваны Народны Фронт, літаральна кідаўся на выступоўцаў, на мікрафон і не даваў гаварыць. Гэта цягнулася доўгі час. Чыноўнік, вядома, ашалеў ад жаху і стараўся выслужыцца перад начальствам, як умеў. Але нам было зразумела - ён хоча справакаваць, каб яго вывелі пад рукі й потым сімуляваць, што яго пабілі, выклікаць міліцыю і сарваць сход. Таму мы цярпелі, а заля аж віравала, патрабуючы яго выставіць.
Колькі я назіраў за Быкавым, ён нават у вельмі вострых дачыненьнях у час грамадзкіх сутыкненьняў, спрэчак, канфліктаў маўчаў, як камень. Пазыцыю меў, але ніколі не кідаўся ў петушыны бой.
І тут, раптам, ня вытрымаў Быкаў. Ен устаў у гневе, хутка і рашуча. Выгляд яго быў пагрозьлівы (няўжо дасьць, - мільганула ў мяне бязглуздая думка). Быкаў рэзка крутнуў да сябе мікрафон з-пад роту чэкіста і сказаў тое, што трэба, у поўнай цішыні, якая сталася пры ягоным уставаньні.
Пасьля кароткага выступу Быкава чэкіст яшчэ лез, але неяк зьвяў і неўзабаве здаўся. Сход увайшоў у сваё нармальнае рэвалюцыйнае рэчышча.

* * *
На дзень нараджэньня 19-га чэрвеня мы, фронтаўцы, часта прыходзілі да Быкава на Танкавую вуліцу, дзе ён жыў. Успамінаецца ягонае семідзесяцігодзьдзе ў сядзібе Фронту, паездка зь ім у Гомель разам з Рыгорам Барадуліным, дзе мы выступалі перад грамадзкасьцю.
Хаця ўвогуле мы вельмі шанавалі Быкава і сьцераглі яго ад цяжкасьцяў палітыкі, ад правакатараў, ад зьняваг, ад бязглуздых людзей. Мы ніколі не забываліся, што ён вялікі пісьменьнік. Мы бераглі ягоны аўтарытэт. Нам дастаткова было, што ён побач.
Потым калі я апынуўся ў эміграцыі, аказалася, што ня ўсе так думалі. У 1999-м годзе, калі калолі й секлі Фронт, усчалася кампанія за перацягваньне Быкава. Як і трэба было чакаць, ён ад Фронта адыйшоў. Мае сябры папракалі, чаму я нічога не тлумачу Быкаву, чаму яму нічога не кажу. Паглядзі, маўляў, якая сумніўная публіка імкнецца да яго ў субяседнікі.
Але я не адказваў. Я разумеў, што тут, як з Курапатамі, агітацыя не патрэбная. Тут - маральны выбар. Пераконваць можна звычайных людзей. Быкаў - асоба.
У сакавіку 2000-га году мы спаткаліся з Быкавым на Дзень Незалежнасьці ў Празе. Перад ад'ездам ён падышоў да мяне і ў прысутнасьці трэцяй асобы рашуча і гучна сказаў: "Зянон Станіслававіч, я хачу, каб вы ведалі й ня мелі ніякіх няпэўных думак. Я цаню ўсё, што вы рабілі й робіце цяпер. Я вас падтрымліваў і буду падтрымліваць. Я бачу, што адбываецца. Ніколі нічога супраць вас ня будзе мною сказана. Я хачу, каб вы гэта ведалі".
Я, здаецца, нічога яму не адказаў, бо чакаў, што ён павінен быў высьветліць сваю пазыцыю, і я крыху разгубіўся. У гэты момант я адчуваў у ім жаўнера, сілу прыкрыцьця. Вось нешта робіцца, і ўпоперак гучыць суцэльны крык, напад, псыхічная атака. Азірнешся - і за плячыма наводдаль - маўклівая постаць Быкава. Ен ёсьць. Ен узіраўся. Ен заўсёды недзе быў (нібы анёл-ахоўнік у гэтым сьвеце), каб падаць руку.
І вось яго няма. І з гэтым вельмі цяжка зьмірыцца.
Зянон ПАЗЬНЯК