(Урыўкі з будучай кнігі "Дзёньнікі")
Вітаўт КІПЕЛЬ

Ад мэтрыкі да некралёгу Успаміны
8-га верасьня 1996-га году. Ня раз даводзіцца чуць, што пара ўзяцца й за ўспаміны! Зора мне аб гэтым сказала ўпершыню бадай ці не дзясятак гадоў таму назад, г .зн. у 80-х гадох! Магчыма, што яно то і так, узяўшы пад увагу храналягічны век. Але, на жаль ці на шчасьце, чалавек (я!) ня чуецца старым, каб пісаць успаміны. Настрой яшчэ такі, што хочацца быць удзельнікам жыцьцёвага руху, а не сузіральнікам. Ходам думак, на мой пагляд, я яшчэ да 69-ці не дайшоў! Але дзеля "кволасьці памяці" варта тое-сёе прыпомніць.
Кожны чалавек, або, як сказаў бы Ант. Адамовіч, кожная асоба ўважае, што ягоны жыцьцёвы шлях - асаблівы, унікальны. У пэўнай меры яно так, бо кожны чалавек, кожная асоба перажывае за сваё жыцьцё нешта асаблівае, толькі яму дадзенае зь ягонымі эмоцыямі, успрыйманьнем. Таму кожныя ўспаміны - зусім не "пэрфэктны" дакумант, аднак маюць у сабе нешта адзінае - гэтай асобе ўласьцівае. У кожнага свая дарога ад мэтрыкі да нэкралёгу.
Найперш крыху агульных разважаньняў.
У маім жыцьцёвым шляху я акрэсьліваю некалькі выразных перыядаў. Перыяд дзяцінства-юнацтва, г. зн. ад часу, калі памятаю нейкія падзеі, асэнсоўваю - і да 1941-га году. 1941-ы, бязь ніякага сумневу, пераходны, бо пачалася вайна (для майго пакаленьня незабыўная дата 23-га чэрвеня), а па-другое, 3-га кастрычніка 1941-га году я папаў у іншы сьвет - сьвет Захаду, хоць у той час гэты Захад у абліччы нацыстоўскага жаўнера нічым не адрозьніваўся ад усходняга савецкага. Бяз сумневу, той заходні немец-фашыст тады быў страшнейшы за "нашага" (хоць "нашым" савецкае я ніколі не ўважаў!) савецкага чырвонаармейца. Такім парадкам, першы этап майго жыцьцярысу - гэта Менск 1927 - Арол 1941 з рознымі прыпынкамі ў гэтым храналягічным адрэзку часу.
Другі этап - гэта гады вайны, 1941-1945. Гады выразна асобныя, халодныя, страшныя, якія, не памылюся, калі скажу, зь юнакоў і юначак зрабілі загартаваных дарослых, а для мяне асабіста сталіся пачаткам новае філязофіі, новага пагляду на жыцьцё - усё праз прызму беларуса-незалежніка. І перад вайною беларускасьць была краевугольным паглядам у маім тады дзіцячым сьветаглядзе: я цікавіўся, хто з выдатных футбалістаў быў беларусам, зьбіраў маркі з тэмаю БССР, сачыў, калі ў Маскве адбываліся розныя беларускія "дэкады" ды ведаў, што і кола блізкіх сяброў сям'і было беларускім - беларусаў нейкіх іншых, ня толькі "пашпартных". І тым ня менш я нічога ня ведаў пра беларускую гісторыю, дзяржаву. Гэтыя веды, а зь імі й беларускі дзяржаўніцкі пагляд я скрышталізаваў у беларускай школе ў часе вайны ў 1942-1944 гадох.
Перыяд трэці - гэта эміграцыя. Ад 1944-га. З рознымі этапамі: Нямеччына, Бэльгія (ці наагул - Заходняя Эўропа), ЗША, Канада - Амэрыка Паўночная.
І перыяд апошні, з 1991-га году - разам зь Беларусьсю.
Чым гэтыя ўспаміны, я хацеў-бы, вырозьніваліся між іншымі? Гэта тое, што я ад калыскі - літаральна - на ўсё глядзеў зь беларускага гледзішча. Я шукаў прысутнасьці беларусаў усюды, я ўсюды заўважаў беларускасьць, мне хацелася, каб беларускасьць усюды была адзначаная. І я рабіў, што мог, каб яе адзначыць! Я перажываў, калі яе не заўважалі, а яна была. Тым розьніца маіх успамінаў - што яны ад пачатку да канца - погляд беларускае душы. Я жыў усё жыцьцё Беларусьсю.
Магчыма, гэтыя накіды лепш не называць успамінамі, а беларускімі эпізодамі на жыцьцёвым шляху. Выглядае так: жыцьцё ідзе - сям'я на гэтым шляху стаіць на першым месцы. А за тым ідзе "беларуская справа" - кантакты зь беларусамі, зь Беларусьсю.
Што рабіла "нацыянальна сьведамым"?
Сям'я - адназначна.
Асяродзьдзе - 1941-1945 гадоў.
І эміграцыя - толькі зь беларусамі!

Ад Рэдакцыі: Працяг успамінаў будзе надрукаваны ў Запісах БІНІМ, №28.