БЕЛАРУСКАЯ ГРАМАДЗКАЯ ХАТА Ў ЗАХ. АЎСТРАЛІІ
Зь гісторыі будаўніцтва
Беларусы ў Заходнюю Аўстралію пачалі прыбываць у другой палове 1948-га году, а арганізаванае грамадзкае жыцьцё беларускае грамады пачалося толькі 6.1.1951 году. У гэты дзень на зборцы ў спадара Міхася Раецкага ў пасёлку Кэлмскот была створаная першая ў гісторыі гэтага штату беларуская арганізацыя пад назваю "Аддзел Беларускіх Вэтэранаў". Як падказвае сама назва, да гэтага аддзелу належалі толькі мужчыны. У мэтах арганізацыі былі: пошукі новых сяброў, адзначэньне нацыянальных сьвятаў і навязваньне сувязяў з арганізацыямі іншых нацыянальнасьцяў.
Рэлігійнае жыцьцё тут зарганзаваў а. Барыс Камінскі, які прыбыў сюды з Квінсленду, а ў наступным годзе сюды пераехаў з Мэльбурну галава БАПЦ архіяпіскап Сяргей, а за ім і айцец Яцкевіч.
Пасьля зарганізаваньня рэлігійнага жыцьця узьнікла праблема, дзе адпраўляць службы. Дзеля гэтага была скліканая зборка сяброў Аддзелу, на якой было пастаноўлена здабыць уласнае памешканьне. На гэта пачалі зьбіраць грошы. Дапамагалі ў гэтым і суродзічы зь іншых штатаў. Вынакам гэтых стараньняў стала купля дзялкі ў другой палове 1956-га году, на якой была пабудаваная частка хаты. Пы заўзятых стараньнях за пару гадоў будынак быў дакончаны. Архіяпіскап жыў у адной палове і вёў службы ў другой, праводзіліся сьвяткаваньні ды іншая грамадзкая дзейнасьць.
Праз нейкі час з Пэрту ў Адэляйду пераехаў архіяпіскап Сяргей. Для бясьпечнасьці хаты трэба было, каб у ёй хтосьці жыў. Спачатку ў Хаце жылі дзеці ахвярадаўцаў, пазьней трэба было знайсьці лякатара, з рэнту якога-б пакрывалі выдаткі, зьвязаныя з утрыманьнем Хаты. Ад'ехаўшы ў Адэляйду, архіяпіскап Сяргей сьвятара па сабе не прыслаў, з гэтае прычыны рэлігійнае жыцьцё ў Пэрце замерла да аж да 1990-га году.
У 1990-м годзе ў Пэрт прыехаў з Англіі а. Уладзімер Зайка, які па кароткім часе аднавіў рэлігійнае жыцьцё. Службы Божыя а. Уладзімер адпраўляў у англіканскай царкве, за карыстаньне якою неабходна было плаціць. Выйсьцем з гэтага становішча было давядзеньне да ладу свайго памешканьня. Для гэтага быў зроблены збор ахвяраў сярод мясцовых сяброў, атрымалі грошы ад лятарэі, якую выстаралася матушка Ірэна, ды сакратар-скарбнік Алесь Мароз узяў пазычку з банку. Дабудаваньне траціны велічыні ўжо існаваўшай Хаты канчаткова разьвязала нашую праблему з памешканьнем. У дабудаванай частцы маляваньне і чышчэньне, а таксама маляваньне царквы навонкі выканалі а. Уладзімер, матушка Ірэна, Марыя, Алесь Мароз і другія, празьвішчы каторых я ня змог устанавіць, за што прашу іхняга прабачэньня. Трэба дадаць, што ўсё, што зьвязанае з Хатаю ад пачатку і да сёньня ляжыць на плячох сям'і Мароз.

РМ