ЗАЯВА РАДЫ БНР АБ ПАГРОЗЕ АНЭКСІІ БЕЛАРУСІ
Апошнія выказваньні прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна адносна інкарпарацыі Беларусі ў склад Расеі пры фактычнай страце ўсіх атрыбутаў незалежнасьці знаходзяцца па-за межамі агульпрынятых нормаў міжнародных дачыненьняў.
Нават калі словы расейскага прэзыдэнта тлумачацца жаданьнем пазбавіць улады Лукашэнку, якога Расея дасюль падтрымоўвала насуперак пазыцыі дэмакратычных краінаў Захаду, яны выклікаюць вялікую трывогу: беларускі народ не павінен расплочвацца за дзеяньні Лукашэнкі правам на свабоду і незалежнасьць.
Рада Беларускай Народнай Рэспублікі бачыць у заявах Крамля гвалт над годнасьцю беларускага народу і ягонаю воляю, выяўленай ім у Канстытуцыі 1994-га году жыць у сваёй уласнай і суверэннай дзяржаве.
Мы заклікаем усе палітычныя партыі й рухі Беларусі ўсьведаміць сабе небясьпеку і выступіць у абарону нацыянальных каштоўнасьцяў, якія былі здабытыя пакаленьнямі нашых продкаў і павінны быць захаваныя для нашых нашчадкаў.
Рада БНР заклікае ўсе беларускія арганізацыі ў замежжы ўсімі магчымымі сродкамі й шляхамі дапамагаць змагарам за Незалежнасьць і Волю Бацькаўшчыны.

Жыве Беларусь!
Івонка Сурвілла,
Старшыня Рады БНР
Атава, Канада, 15-га жніўня 2002-га году