АДГУКНІЦЕСЯ,
ЖАНЧЫНЫ БЕЛАРУСКАЙ ЭМІГРАЦЫІ
Працуючы над іменным паказьнікам да кнігі Міколы Панькова "Хроніка беларускага жыцьця на чужыне (1945-1984)", я раз-пораз лавіла сябе на думцы пра тое, як часта ў гэтай кнізе згадваліся жанчыны, імёны якіх нічога ня кажуць ня толькі маім маладасьведчаным сучасьнікам-беларусам, але і спэцыялістам па гісторыі беларускай эміграцыі. Поўныя імёны некаторых жанчынаў мне так і не ўдалося высьветліць нават пры дапамозе знаёмых у ЗША, Канадзе і Аўстраліі. Чаму так адбываецца?
У беларускай гістарыяграфіі традыцыйна склалася, што галоўнымі яе героямі зьяўляюцца мужчыны. Вядомых зь гісторыі жанчынаў, якія згадваюцца ў падручніках, можна пералічыць па пальцах: Рагнеда, Еўфрасіньня Полацкая, Барбара Радзівіл, Цётка, Ларыса Геніюш, Натальля Арсеньнева… Складваецца ўражаньне, што жанчынаў у нашай гісторыі, у тым ліку эміграцыйнай, амаль зусім не было. Іх жыцьцё, інтарэсы, дзеяньні, пачуцьці - усё гэта ня ўпісваецца ў традыцыйнае разуменьне гісторыі.
Гэта-ж адбываецца і ў дачыненьні да гісторыі беларускай эміграцыі. Шмат хто ведае пра Міколу Абрамчыка, Радаслава Астроўскага, Вінцэнта Жук-Грышкевіча, Антона Адамовіча, Янку Станкевіча, Алеся Салаўя і г.д… Але хто з маіх суайчыньнікаў можа распавесьці пра ўдзельніцу Міжнароднага Кангрэсу Жанчынаў у Парыжы (1947-м годзе) і рэдактарку газэты "Беларуска" Ніну Ляўковіч-Абрамчык, пра стваральніцу Беларускага Жаночага Згуртаваньня ў Кліўлэндзе Клаўдзію Каляда, пра сакратара Беларускага Жаночага Камітэту ў штаце Вікторыя (Аўстралія) Надзею Груша, нават пра арганізатарку Задзіночаньня Беларускіх Жанчынаў Канады Раісу Жук-Грышкевіч мала хто зможа згадаць. А што казаць пра іншых жанчынаў, якія не займалі кіраўнічых пасадаў? Іх нібыта няма і не было ніколі.
Як і ва ўсёй беларускай гісторыі, яны застаюцца нябачнымі дзеючымі асобамі беларускай эміграцыі. Традыцыйна на іх трымаецца ўнутраны дабрабыт сем'яў, яны імкнуцца перадаць беларускасьць дзецям, яны падтрымліваюць мужоў у іхнай дзейнасьці на нацыянальнай ніве. Аднак жанчыны таксама актыўна ўдзельнічаюць у зборы сродкаў на розныя патрэбы беларускай дыяспары, сваімі мастацкімі працамі яны дапамагаюць рэпрэзэнтаваць Беларусь на разнастайных міжнародных выставах і форумах, яны займаюць актыўную грамадзкую пазыцыю. Ці ж гэтага мала для таго, каб зрабіць іх паўнапраўнымі гераінямі нашай гісторыі?
Аднак як гэтую гісторыю напісаць? Як распавесьці сучасьнікам-беларусам пра жанчынаў эміграцыі, якім нават уласна эмігранцкія выданьні надавалі так мала ўвагі? Зьвесткі выпадае зьбіраць па крупінках, па фрагмэнтарных згадках, вельмі часта безь імёнаў ды прозьвішчаў…
Немагчыма напісаць гісторыю жанчынаў беларускай эміграцыі без дапамогі саміх жанчынаў. І я зьвяртаюся да ўсіх прадстаўніцаў далёка не слабое паловы беларускай эміграцыі, дапамажыце, калі ласка, у зьбіраньні матэрыялаў пра Вас і Вашых сябровак і знаёмых. Напішыце пра сваё жыцьцё на эміграцыі так, як Вы яго бачыце. Распавядзіце пра жаночыя арганізацыі й удзел жанчынаў у агульнабеларускіх камітэтах, таварыствах, задзіночаньнях… Згадайце пра сваіх сваячак і знаёмых беларусак, якіх ўжо няма - іх лёсы - частка нашай агульнай беларускай гісторыі, якую мы ўсе павінны ведаць.
У сваіх расповядах Вы можаце абапірацца на пункты прапанаванага апытальніка, якія закліканыя дапамагчы Вам ва ўспамінах. На падставе Вашых адказаў і апавяданьняў маю надзею зрабіць ня толькі адмысловае дасьледаваньне гісторыі беларускіх жанчынаў на эміграцыі, але і стварыць энцыкляпэдычны даведнік персаналій і арганізацый, а таксама выдаць зборнік успамінаў прадстаўніцаў беларускай дыяспары.
Жанчыны беларускай эміграцыі, адгукніцеся! Хто напіша Вашую гісторыю, калі ня Вы самыя?!
Апытальнік
1. Агульныя біяграфічныя зьвесткі: імя, прозьвішча, год і месца нараджэньня, бацькі, адукацыя, сучасны склад сям'і.
2. Калі й пры якіх абставінах Вы выехалі зь Беларусі? Чым займаліся да ад'езду за мяжу?
3. У якіх умовах жыла Вашая сям'я да таго, як асела на сталае жыхарства? Чым займаліся Вы?
4. Чаму Ваша сям'я асела менавіта ў гэтай краіне? Якія абставіны на гэта паўплывалі? Хто рабіў выбар?
5. Як разьвівалася Ваша прафэсыйная дзейнасьць на эміграцыі?
6. Як зьмянілася эканамічнае жыцьцё Вашай сям'і на эміграцыі? Палепшала ці пагоршала?
7. Якая сфэра жыцьця для Вас стаяла на першым месцы: сям'я ці праца? Чаму?
8. Ці зьмяніліся сямейныя адносіны на эміграцыі? У які бок?
9. Ці маеце Вы якое гобі? Якой літаратуры аддаеце перавагу зараз?
10. Як наладзілася Вашае рэлігійнае жыцьцё на эміграцыі?
11. Ці ўзьнікала ў Вас патрэба ў стасунках з суайчыньнікамі? Калі так, то як Вы яе задавальнялі?
12. Ці бралі Вы ўдзел у беларускіх нацыянальных і адмысловых жаночых арганізацыях? Калі і ў якіх?
13. Як зьмянілася культурнае жыцьцё Вашай сям'і на эміграцыі? На якой мове Вы размаўляеце ў сям'і? Ці вучылі дзяцей беларускай мове? Хто ў сям'і, на Вашую думку, быў захавальнікам нацыянальных традыцыяў?
14. Ці ўзьнікала ў Вас жаданьне вярнуцца на Радзіму? У сувязі з чым?
15. Як Вы ацэньваеце ролю жанчынаў у беларускім нацыянальным руху на эміграцыі: у арганізацыях, выхаваньні, культурным жыцьці і г.д.?
16. Пра каго яшчэ з жанчынаў беларускай эміграцыі Вы можаце паведаміць?
Вашыя адказы накіроўвайце, калі ласка, на адрас:
Гардзіенка Натальлі вул. Казінца 51/5-8 220099 Мінск БЕЛАРУСЬ
(e-mail: hardzijenka@tut.by)
або на адрас Лявона Юрэвіча ў Нью Ерку (ён знойдзе магчымасьць перадаць іх у Менск): Liavon Yurevich 204 Ave N Brooklyn, NY, 11230, USA

Натальля ГАРДЗІЕНКА