ЗНАЁМСТВА, СУПРАЦОЎНІЦТВА З НАТАЛЬЛЯЙ АРСЕНЬНЕВАЙ...

Маё "знаёмства" з Натальляй Арсеньневай сягае ў ваенны Менск. Год 1942-гі, парад дажынкаў, дзе мне, вучню школы, удзельнікі параду, здалёк паказалі, вунь там беларуская паэтка, зь вершамі якой мы пачыналі знаёміцца ў школе. Пазьней, зноў здалёк, Натальлю Арсеньневу мне даводзілася бачыць у менскім тэатры на розных спэктаклях, дакладах аб беларускай культуры. Тады паэтку бачыў толькі здалёк, а бліжэй я яе хіба разгледзеў у часе жалобнае працэсіі, калі хавалі юнакоў разам зь ейным сынам, забітых выбухам міны ў гарадзкім тэатры.
З творчасьцю Натальлі Арсеньневай мы збліжаліся, пазнавалі ў школе, ейныя песьні сьпявалі амаль штодня, творчасьць ейная мне і маім аднагодкам вельмі падабалася, яна была іншая, несавецкая, дух вершаў паэткі нам быў па-душы".
Супрацоўніцтва-ж з Натальляй Арсеньневай, як з старэйшым грамадзкім дзеячом, пачалося ад восені 1945-га году, калі я і сотні маіх сяброў заняліся арганізацыяй беларускага скаўтынгу ў паваеннай Заходняй Нямеччыне. Трэба сказаць, што моладзі ў той час у Нямеччыне было шмат, і арганізацыя скаўтаў пачалася амаль адразу, як толькі стварылася беларускае селішча ў пасёлку Ганггофэр Зыдлюнг у горадзе Рэгенсбургу. Арганізаваць моладзь было лягчэй чым іншыя арганізацыі, бо НРаўскія ўлады мелі адміністратараў былых скаўтаў, а міжнароднае скаўцкае бюро клапацілася, каб маладое пакаленьне, якое перажыло вайну, увайшло ў міжнародныя арганізацыйныя структуры. Дапамагалі гэтаму асабліва скаўты Латвіі й Эстоніі, у якіх яшчэ зь перадваенных часоў былі выдатныя дачыненьні зь міжнародным скаўцкім рухам. У гэткіх умовах у Рэгенсбургу паўстаў беларускі скаўцкі зьвяз імя К. Каліноўскага. Арганізатарамі-кіраўнікамі таго беларускага скаўтынгу былі Сьцяпан Кірылік, Аляксандар Сасукевіч, Палікарп Манькоў, Алесь Бута, Дзьмітра Сямёнаў, а малодшыя Вітаўт Кіпель, Юзя Брэчка (Найдзюк), Зора Савёнак (Кіпель), Туся Шчаглова (Кушэль) і шмат іншых, прозьвішчы якіх пазабываліся!
І вось у гэтым часе Натальля Арсеньнева беларускай моладзі ладна дапамагала. Для беларускай рэпрэзэнтацыі на міжнародных выступах патрэбныя былі скэчы, інсцэніроўкі, песьні. Яна, будучы ў добрых дачыненьнях з кампазытарам Міколам Куліковічам, забясьпечвала патрэбы моладзі ў культурніцкай дзейнасьці. Спрычынілася Натальля Арсеньнева і вельмі шмат у пастаноўцы "Беларускага Купальля", якое адбылося ў канцы чэрвеня 1946-га году у горадзе Рэгенсбургу. Аб тым "Купальлі" гаварыў увесь лягер (панад 6000 асобаў) ды былі аб пастаноўцы зацемкі ў амэрыканскім акупацыйным друку. Разам з праф. А. Адамовічам давала шэраг парадаў Натальля Арсеньнева і ў друку скаўцкае мэтадычнае літаратуры, і ў выданьні скаўцкага часапісу "Зважай".
Выдатна памагла Натальля Арсеньнева ў камплектаваньні праграмы беларускай культуры ў часе першага курсу скаўцкіх кіраўнікоў у сэзоне 1946-га году, гэтак і ў падрыхтоўцы літаратурных выступаў на І-м і ІІ-м скаўцкіх зьездах. Бясспрэчна, Натальля Арсеньнева разам з іншымі дзеячамі беларускага культурнага жыцьця на эміграцыі, Міколам Равенскім, Міколам Шчагловым, Антонам Адамовічам, былі выдатнымі асновамі-падмуркамі для далейшага разьвіцьця маладзёвых рухаў на эміграцыі.
Супрацоўніцтва з Натальляй Арсеньневай на глебе дзейнасьці Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва - гэта тэма асобная, вялікая і трывалая. Гэтае супрацоўніцтва працягвалася дзесяцігодзьдзі, і аб гэтым будзем гаварыць асобна.
Вітаўт КІПЕЛЬ