ЗВАРОТ
да беларускай грамадзкасьці
28-га красавіка 2002-га году.
Больш як паўстагодзьдзя найбуйнейшы цэнтр беларускасьці ў Заходняй Эўропе - Беларуская каталіцкая місія ў Лёндане - служыў і працягвае служыць культурным, рэлігійным, адукацыйным і асьветным патрэбам нашае нацыянальнае супольнасьці. Сёньня сюды прыйшла бяда. Цэнтру патрэбная падтрымка суродзічаў.
Ад самага свайго заснаваньня ў 1947 г., місія была й застаецца ня толькі асяродкам рэлігійнага жыцьця, але таксама месцам захаваньня й узгадаваньня духу беларускасьці. Яна - дом для нашых нацыянальных і дабрачынных арганізацыяў (Згуртаваньня Беларусаў Вялікае Брытаніі (ЗБВБ), Англа-Беларускага Таварыства, Камітэта дапамогі ахвярам радыяцыі), беларускай дзіцячай школкі. Місія - месца, куды беларусы на працягу дзесяцігодзьдзяў зьбіраюцца ў дні нашых нацыянальных сьвятаў, дзе ладзяцца лекцыі й навуковыя ды літаратурныя канферэнцыі, дзе выдаюцца беларускія кнігі й газэты, робяцца пераклады. У пачатку 1970-х гадоў сьвятары каталіцкае місіі сталі заснавальнікамі й першымі ахвярадаўцамі Бібліятэкі імя Ф. Скарыны - славутай Скарынаўкі, найбуйнейшага па-за межамі Бацькаўшчыны збору беларускай і беларусазнаўчай літаратуры. Багатае й разнастайнае духоўнае і культурнае жыцьцё беларускае супольнасьці ў Брытаніі ды Эўропе немагчыма ўявіць без каталіцкае місіі ды без ахвярнае працы ейнага кіраўніка, а. Аляксандра Надсана. У часы, калі беларускае жыцьцё на Бацькаўшчыне знаходзіцца пад уціскам, Лёнданскі асяродак застаецца адным з апірышчаў нацыянальнага духу.
Сэрцам Беларускае місіі ды рэлігійна-культурнага цэнтру ў Лёндане зьяўляецца Марыян Гаўз (Марыйны дом) - дом, што месьціць царкву сьв. Апосталаў Пятра й Паўла. Тут ужо больш за 50 гадоў творыцца штодзённая малітва за нашую Бацькаўшчыну і народ, тут гучыць Боская Літургія па-беларуску, тут беларусы вянчаюцца, хрысьцяць дзяцей, адпяваюць памёрлых, сюды прыходзяць памаліцца шматлікія госьці з Беларусі й дыяспары. Гэты будынак быў набыты на ахвяраваньні беларусаў усяго сьвету. У цяжкія паваенныя часы, апынуўшыся на чужыне, людзі часта аддавалі апошняе, бо верылі, што гэтым засноўваюць сталы беларускі асяродак. Доўгі час таямніцай для ўсіх нас быў факт, што Марыян Гаўз тады ня стаў маёмасьцю беларусаў. У выніку маніпуляцыяў і насуперак волі ахвярадаўцаў, ён перайшоў ва ўласнасьць структураў Каталіцкай Царквы ў Ватыкане. Цяпер Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў, якая заяўляе правы на Марыян Гаўз, патрабуе высяленьня зь яго беларускае місіі й царквы.
Калі вы хочаце дапамагчы ў справе ўратаваньня Марыян Гаўзу, дасылайце лісты кіраўніку Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, кардыналу Ігнацыю Мусу Давуду на адрас:
Sua Eminenza Cardinale Ignace Moussa Daoud
Prefetto della Congregazione per le Chiese Orientali
00120 Citta del Vaticano
VATICAN CITY

Ахвярадаўца, сябра ЗБВБ Сыльвестар Будкевіч,
ахвярадаўца, сябра ЗБ Францыі "Хаўрус" Міхал Навумовіч,
Старшыня ЗБВБ Алена Міхалюк,
Сакратар рады Бібліятэкі імя Ф. Скарыны Джым Дынглі,
сябра Беларускае дабрачыннае рады Сяргей Дзейка,
сябра рады Англа-Беларускага Тав-ва Джоўн Дзейка,
бібліятэкар Бібліятэкі імя Ф. Скарыны Юрась Лаўрык,
сябры ЗБВБ Юлія Баўдзей, Ірына Дубянецкая, Ігар Іва-ноў, Ігар Лабацэвіч, Караліна Мацкевіч, Мікола Пачкаеў.

Ніжэй мы прапаноўваем узор ліста да кардынала. Калі вы хочаце напісаць свой тэкст, то да арыгіналу пажадана далучыць пераклад на італьянскую, францускую або ангельскую мовы.

УЗОР НАПІСАНЬНЯ ЛІСТА ДА КАРДЫНАЛА
Яго Эмінэнцыі Кардыналу Ігнацыю Мусу Давуду
Sua Eminenza Cardinale Ignace Moussa Daoud
Prefetto della Congregazione per le Chiese Orientali
00120 Citta del Vaticano
VATICAN CITY
Ваш адрас_____________________
Дата_____________________

Вашая Эмінэнцыя!
Я зьвяртаюся да Вас з вялікай трывогай аб лёсе сусьветна вядомага беларускага духоўнага цэнтру - Беларускае Каталіцкае Місіі ў Лёндане - і ейнага сэрца - Марыян Гаўзу з капліцай сьвсьв. Апосталаў Пятра і Паўла.
Марыян Гаўз уяўляе сабой унікальную рэлігійную й культурную каштоўнасьць для некалькіх пакаленьняў беларусаў. Ен асабліва істотны для нас цяпер, калі Беларусь перажывае балючы працэс палітычнага й рэлігійнага станаўленьня. Страта Марыян Гаўзу можа стацца непапраўнай шкодаю для захаваньня ды разьвіцьця беларускае духоўнасьці.
Вашая Эміненцыя, я спадзяюся на Вашую мудрасьць і дальнабачнасьць у прыняцьці канчатковага рашэньня пра Марыян Гаўз і веру ў кіраўніцтва Сьвятога Духа ва ўсіх Вашых справах на карысьць Сьвятое Царквы й верных.
З пашанаю,

Votre Eminence, Avec une grande inquetude, je m'adresse a vous pour attirer votre attention sur le sort du centre religieux bielarussien, renomme dans le monde entier. C'est la Mission Catholique Belarussienne a Londres et son cur - Marian House avec la chapelle des Saints Apotres Pierre et Paul.
Pour plusieurs generations des bielarussiens, Marian House represente une valeur religieuse et culturelle unique. Et c'est surtout maintenant, quand la Bielarussie traverse une periode d'epreuve de son identite politique et religieuse, que le role de ce centre est inestimable. La perte de Marian House pourrait causer un dommage irreparable a la cause de preservation et de developpement de la culture spirituelle bielarussienne.
J'ai le ferme espoir, Votre Eminence, que votre decision finale sur Marian House fera preuve de vos sagesse et prevoyance, et je crois aux conseils de l'Esprit Saint dans tout ce que vous faites pour la Sainte Eglise et pour ses croyants.
Je vous prie d'agreer, Votre Eminence, l'assurance de mes sentiments devoues.

(імя, прозьв.) _________________________________________ (nom, prenom)
(подпіс)___________________________________________ (signature)