“Зьвяз Беларусаў Замежжа” ў Празе
Актуаліі найноўшае гісторыі Беларусі даволі змрочныя. Ужо дзевяць гадоў, як узурпаваў уладу апошні дыктатар Эўропы. Безумоўна - гэта чорны перыяд у гісторыі Беларусі. Перыяд саветызацыі, калі Беларусь вярнулася ў часы сталінізму. Рысы гэтага перыяду - палітычныя вязьні; зьніклыя (хучэй я за ўсё, забітыя) ведамыя палітычныя дзеячы, апанэнты рэжыму; перасьлед навукоўцаў, бізнэсоўцаў, журналістаў, усіх тых, хто ня хоча прыслужваць ўладзе і застаецца адданым ідэалам свабоды й дэмакратыі; пасьлядоўнае, сплянаванае зьнішчэньне беларускай мовы й культуры, скажэньне фактаў гісторыі.
Пабудова "рынкавага сацыялізму" ў адной асобна ўзятай краіне скончылася крахам сельскае гаспадаркі, эканамічным каляпсам, заняпадам усіх сфэраў жыцьця. Як вынік - народ даведзены да жабрацтва і галечы. Наслухаўшыся абяцаньняў, ня верачы ў сваю дзяржаву, людзі шукаюць паратунку за межамі Радзімы. Едуць на працу ў Расею, Эўропу, Амэрыку, - куды заўгодна - толькі-б зарабіць на пражыцьцё. Дзе толькі сёньня не сустрэнеш брата-беларуса? Шмат хто зьяжджае сьведама, усё ўзважыўшы, з надзеяю трапіць у ЗША ці Канаду. Гэта, так-бы мовіць, эканамічная эміграцыя. Але нехта зьяжджае і не па сваім жаданьні, нават ня ведаючы дакладна куды, і што іх чакае ў чужой краіне. Яны ўцякаюць, каб захаваць сабе свабоду, а часам і жыцьцё. Гэта - палітычныя эмігранты, палітычныя ўцекачы.
Наяўнасьць палітычных уцекачоў - гэта таксама рыса дыктатуры. І, на вялікі жаль, гэтая тэндэнцыя пакуль узрастае. Напрыклад, у Чэхіі ў 1997-м годзе палітычны прытулак атрымалі 5 беларусаў, у 1998-м - 7, у 1999-м - 11, у 2000-м - 24, у 2001-м - 25. Жадаючых атрымаць азыль і тых, хто чакаюць рашэнья у сто разоў болей. Няцяжка падлічыць, што беларускіх эмігрантаў у Чэхіі некалькі тысячаў. А калі дадаць да гэтае лічбы студэнтаў, якія навучаюцца ў розных навучальных установах Чэскай Рэспублікі ды тых, хто мае працоўныя візы, то атрымліваецца даволі вялікая грамада.
Хачу падкрэсьліць, што далёка ня ўсе беларускія эмігранты прыехалі ў чужую краіну для таго, каб палепшыць свой матэрыяльны стан. Многія працягваюць змагацца за Беларусь. Для іх галоўнае - не матэрыяльныя каштоўнасьці - а адраджэньне Бацькаўшчыны. І калі ёсьць пэўная група людзей, аб'еднаная адной ідэяй, паўстае арганізацыйнае пытаньне. Дзеля большай эфэктыўнасьці ў сваіх намаганьнях, дзеля каардынацыі дзеяньняў у Празе паўстала арганізацыя "Зьвяз Беларусаў Замежжа". Аргкамітэт пачаў сваю працу ў студзені 2002-га году. Быў распрацаваны статут, плян дзеяньняў арганізацыі. Першай масавай акцыяй стала сьвяткаваньне Дня Волі, 25-га сакавіка 2002-га году, калі каля сарака чалавек пікетавалі беларускую амбасаду ў Празе. 26-га красавіка ўжо каля сотні чалавек прайшлі па цэнтру Прагі з беларускімі нацыянальнымі сьцягамі й запаленымі сьвечкамі, правёўшы такім чынам "Чарнобыльскі шлях". Аб гэтых і іншых акцыях нашай арганізацыі хутка можна будзе даведацца на старонцы www.belabroad.org у інтэрнэце. Зьвязацца з намі можна ўжо цяпер даслаўшы ліст электроннаю поштаю на наступны адрасу: zviazbel @ hotmail.com .
Чаму мы выбралі для аб'еднаньня такую назву? Склалася так, што Чэхія стала першаю краінаю, куды траплялюць шмат якія беларускія эмігранты, пакінуўшы Бацькаўшчыну і едучы ў Эўропу. Некаторыя зь сяброў арганізацыі пакуль ішла падрыхтоўка да рэгістрацыі зьехалі ў іншыя краіны. Таму ўзьнікла назва "Зьвяз Беларусаў Замежжа", а не адной асобна ўзятае краіны. На маю думку, гэта добрая ідэя, і зараз трэба яе ажыцьцяўляць.

Аўген СІДОРЫК (Прага)
Акцыю ў падтрымку маршу, які праходзіў у Беларусі пад лёзунгам "За лепшае жыцьцё!" правёў у Празе “Зьвяз Беларусаў Замежжа” 12-га сакавіка . Сябры "Зьвязу" абыйшлі праскія офісы міжнародных арганізацыяў, каб распаўсюдзіць заяву, у якой выказалі салідарнасьць з дэмакратычнымі сіламі на Радзіме і поўную падтрымку людзям, якія змагацца за лепшую будычыню для Беларусі.