ПРА ЛЁС РЫГОРА ЗЫБАЙЛЫ
Летам 2001-га году разам з хлопцамі з патрыятычнай арганізацыі "Край" прыехаў я ў вёску Яглевічы, што каля Івацэвічаў. Ужо ведаў, што на мясцовых могілках пахаваны беларускі дзеяч Рыгор Зыбайла, але хацелася пабачыць ягоную магілу на ўласныя вочы. Доўгі час лічылася, што ён загінуў у Францыі ў 1945-м годзе…
На помніку надпіс па-беларуску:
"Зыбайло Рыгор Барысавіч
нарадзіўся 15.09.1913 г.
памёр 15.XI.1987 г.
Дарагому бацьку і дзядулю".
З фатаздымка глядзеў на мяне малады Зыбайла, ведамы па іншых здымках ваенных часоў. Ніякіх сумневаў не было - гэта ён. Сябра ЦК Беларускай Незалежніцкай Партыі, удзельнік Першага штурмовага зьвязу, афіцэр БКА, дэсантнага батальёну "Дальвіц", намесьнік старшыні Беларускай Самапомачы…
Беларускія эміграцыйныя выданьні (напрыклад, кніга "Другі Ўсебеларускі Кангрэс") падаюць, што Зыбайла быў расстраляны контрразьведкаю польскай арміі Андэрса ў Марсэлі ў 1945-м годзе. Нібыта, пасьля таго, як у яго знайшлі фатакартку, дзе ён быў у форме афіцэра БКА. Пішучы пра розныя вэрсіі ягонага лёсу на балонках газэты "Голас камбатанта" ў 2000-м годзе, я прывёў урыўкі зь ліста Барыса Данілюка з ЗША. Данілюк згадаў, што ў пачатку 1947-га году ў французскую зону акупацыі Нямеччыны прыяжджаў Старшыня Рады БНР Мікола Абрамчык: "ён расказаў, што даведаўшыся пра перадачу Зыбайлы палякам, зьвярнуўся да польскага прэзыдэнта Рачкевіча, зь якім тады йшлі дыпляматычныя гутаркі БНР, каб той загадаў Зыбайлу выпусьціць. Рачкевіч гэткі загад выдаў, але ўжо было запозна, бо Зыбайлу самавольна застрэліў нейкі польскі шавініст...".
Аднак Зыбайла ня быў расстраляны. Гісторыя з "расстрэлам" дазваляла яму зьнікнуць - савецкія агенты палявалі на такіх, як ён. А Рыгор Зыбайла, праўдападобна, атрымаў прапанову працаваць у нейкай сакрэтнай установе на Захадзе. Прынамсі, Віктар Сікора, са слоў людзей, якія былі ў зьняволеньні разам з Зыбайлам, успамінае, што ён выкладаў у сакрэтнай школе, дзе рыхтаваліся людзі для антыбальшавіцкай барацьбы. Зыбайла, нібыта, быў выкрадзены савецкімі агентамі й вывезены ў СССР.
Лёс Рыгора Зыбайлы праясьніўся выпадкова. У 2000-м годзе вярнуўся з Расеі на Бацькаўшчыну былы слонімскі самааховец Пётра Пархута. Падчас нашай размовы выпадкова згадалі Зыбайлу. Выявілася, што яны нейкі час разам працавалі ў слонімскай Самапомачы.
"Спатыкаўся я з Рыгорам Барысавічам Зыбайлам і пасьля вайны, - успамінаў Пархута. - Нават езьдзіў да яго ў вёску. А жыў Зыбайла ў вёсцы Яглевічы недалёка Івацэвічаў. Ён быў вельмі вялікі беларускі патрыёт. Зыбайла мне расказваў, як яго дапытвалі чэкісты: "Мяне сьледчы пытаецца: "Почему ты изменил родине?". А я яму гавару: "Якая "родина"?! У мяне Радзіма - Беларусь, а не Савецкі Саюз! Я ў вас ніколі ня жыў і не лічу Савецкі Саюз сваёю Радзімаю. А сваёй Беларусі я ніколі ня здраджваў!". Пархута, са словаў Зыбайлы, зразумеў, што той сам, праз Чэхаславаччыну, вярнуўся ў Беларусь. Праз колькі тыдняў пасьля той нашай размовы Пархута памёр...
На маю просьбу ў Яглевічы на пошукі сьлядоў Р. Зыбайлы паехаў знаёмы з Івацэвічаў. Там ён і даведаўся, што Зыбайла памёр, а ягоны сын ня хоча нават размаўляць на гэтую тэму. Больш таго, у тэлефоннай размове палохаў яго КГБ, называў "бэнээфаўскай сволаччу", казаў што бацька з 1939-га году працаваў на савецкую разьведку... Людзі кажуць, што сыну Зыбайлы дасталося ў школе, дзе яго называлі "паліцаям". Меў ён праблемы з-за бацькі й у далейшым жыцьці. Сам Рыгор Зыбайла працаваў будаўніком. Аднойчы ў івацэвіцкай газэце быў зьмешчаны здымак групы будаўнікоў, а сярод іх і Зыбайла. Быў вялікі скандал.
На могіках у Яглевічах побач з Зыбайлам пахаваная ягоная жонка:
"Казлова Еўдакія Антонаўна
23.ІІ.1917 г. - 8.IV.1983 г.
Дарагой, каханай жонцы і мамачцы" - чытаем на помніку. Кажуць, што ў іх каханьне было яшчэ зь юнацтва. Вайна іх разлучыла. З 1941-га году Рыгор Зыбайла працаваў у Слоніме на пасадзе старшыні акруговага камітэту БНС. У 1942-м годзе ў горад прыяжджае з-пад Івацэвічаў і Казлова, працуе настаўніцай, але ня толькі. Дакладна ведама, што была яна савецкай разьведчыцай. У 1944-м годзе ёй удалося ўладкавацца на працу ў БЦР да Р. Астроўскага, перадавала савецкім партызанам розныя інфармацыі. Па некаторых зьвестках Казлова ў 1945-м годзе дапамагала савецкай дзяржбясьпецы вылоўліваць беларускіх патрыётаў у Чэхіі...
Зыбайла і Казлова ажаніліся пасьля ягонага вяртаньня з савецкіх канцлягероў. Беларускі нацыяналіст і савецкая разьведчыца.

Сяргей ЁРШ