БЕЛАРУС №556

СТАРЫ ЗНАЁМЫ: яшчэ раз пра фальсыфікацыі Лофтуса

Напачатку 1980-х гадоў тэма Другой сусьветнай вайны ў Беларусі раптам стала здабыткам шырокай публікі ў Амэрыцы, а пазьней і ў сьвеце. Адбылося гэта дзякуючы юрысту амэрыканцу ірляндзкага паходжаньня Джону Лофтусу, які стварыў сэнсацыю сваімі выступамі ў друку, на тэлебачаньні і ў галіне папулярнай літаратуры пра спэцслужбы.
Цыкляпічнае нагрувашчаньне жудасных (і непраўдзівых) зьвестак пра злачынствы калябарантаў, дзёрзкую сваволю ЦВУ і Дзярждэпартамэнту з дамешкам невялікай колькасьці рэальных (і не інкрымінуючых) фактаў стварае ўражаньне таго, што Лофтус меў сваёй сапраўднай мэтай не выкрыцьцё злачынстваў, а жаданьне злупіць сабе “хуткага даляра” з грамадзкасьці, пусьціць як найшырэй сэнсацыйныя зьвесткі пра быццам існаваўшыя парушэньні амэрыканскіх законаў амэрыканскімі дзяржаўнымі структурамі. Першым крокам у “бізнэс-пляне” Джона Лофтуса стала тэлевізійная перадача “60 хвілін” з удзелам Майка Ўоласа. Абвінавачаньні стварылі хуткую сэнсацыю, Майк Ўолас атрымаў прэмію “Эмі”, свае “15 хвілінаў славы” атрымаў і Лофтус.
Неўзабаве, у кастрычніку 1982 году, выйшла кніга “Сакрэт Беларусі”, у якой была выкладзеная тэорыя пра тое, як тагачасныя амэрыканскія дзяржустановы (войска, спэцслужбы асабліва, зьнешнепалітычнае ведамства) уступілі ў кантакт з нацыстоўскімі вайсковымі злачынцамі зь ліку немцаў і прадстаўнікоў народаў Усходняй Эўропы. Затым яны ўтварылі антыдзяржаўную змову і праз “сакрэтную структуру” ў Дзярждэпартамэнце масава ўвезьлі ў краіну нацыстоўскіх злачынцаў з мэтаю стварэньня вайсковых сілаў для змаганьня з камунізмам. Гэта было зроблена бязь ведама Кангрэсу, прэзыдэнта ды іншых належных уладаў і характарызуецца Лофтусам у кнізе як “бунт”, “сваволя”, “злачынства” і падобна.
Па незразумелых Лофтусу прычынах найбольш актыўным супрацоўніцтва “змоўшчыкаў” зь Дзярждэпу і спэцслужбаў было менавіта зь беларускімі “нацыстамі”, якія апынуліся пасьля вайны ў акупаванай аліянтамі Нямеччыне. Па Лофтусавых падліках, на пачатак 1980-х гадоў колькасьць беларусаў-калябарантаў, якіх ён аўтаматычна запісаў у ваенныя злачынцы, склала “як мінімум 300 асобаў”.
Лофтус сутыкнуўся з гэтай зьявай падчас сваёй працы ў якасьці, як ён піша, “фэдэральнага пракурора” ва Ўправе спэцыяльных расьсьледваньняў (УСР, OSI па ангельску), дзе стаў працаваць неўзабаве пасьля атрыманьня юрыдычнай адукацыі ў 1979 г. УСР займалася праверкай інфармацыі пра ваенных злачынцаў у ЗША. На працягу двух гадоў працы з дакумэнтамі Лофтус, па ягоных словах, прыйшоў да высновы аб існаваньні змовы, і калі ягоная зацікаўленасьць да гэтай тэмы стала вядомая кіраўніцтву, то яго хутка зволілі. Затым ён вырашыў данесьці сваю інфамацыю да грамадзтва. У выніку была зробленая перадача “60 хвілін” і напісаная кніга.
Такое прыкладна ўражаньне можа скласьціся пасьля знаёмства з выступамі Лофтуса ў друку і павярхоўнага прагляду ягонай кнігі. Але калі ўчытацца і пільней паглядзець на факты, выкладзеныя Лофтусам, іхную інтэрпрэтацыю і спасылкі на крыніцы, то вымалёўваецца зусім іншая карціна.
Першае — крэдэнцыі самога Лофтуса. Аказваецца, па цьверджаньні ягонага кіраўніка ў УСР Алана Раяна, Лофтус быў зусім не “фэдэральным пракурорам”, а дапамаговым супрацоўнікам, які займаўся падрыхтоўкай дакумэнтаў для юрыстаў УСР.
Другое — высновы кнігі (“росшукаў”). Калі “асьлепленыя антыкамунізмам” энтузіясты халоднай вайны стваралі антыкамуністычнае войска з “нацыстаў” — навошта было завозіць яго ў Амэрыку, за тысячы міляў ад плянаванага тэатру баявых дзеяньняў ва Ўсходняй Эўропе? Лофтус нават не задае сабе такога пытаньня.
Трэйцяе — час пачатку Лофтусавай “асьветніцкай” дзейнасьці супадае з пад’ёмам цікавасьці да Галакосту і ваенных злачынстваў, калі паўсюль сталі зьяўляцца артыкулы, кнігі, фільмы па гэтай тэме, калі людзі сталі рабіць на гэтым кар’еры, рабіць “бізнэс”.
Усё вышэй сказанае наводзіць на эканамічныя, а не альтруістычныя матывы імкненьня Лофтуса “данесьці да сьвету інфармацыю пра злачынную змову супраць Амэрыкі”.
Калі зьвярнуцца да кнігі “Сакрэт Беларусі”, першае, што кідаецца ў вочы, гэта неахайнасьць ва ўжываньні імёнаў і тапонімаў: “Радіслаў” Астроўскі (замест Радаслаў), “Баронавічы” (замест Баранавічы), Чарапукан (замест Чарапук), аўтар нават здолеў напісаць з памылкамі імёны абодвух сваіх кіраўнікоў па працы ў УСР (поўны сьпіс хібаў пададзены ангельскім славістам Джымам Дынглі). Відаць, што кніга рабілася на хуткую руку, калі было нароблена столькі элемэнтарных памылак.
Але памылкі ў напісанньні ня йдуць ні ў якае параўнаньне з тымі хібамі й адкрытай фальсыфікацыяй, якую Лофтус ужывае праз усю кнігу і паўтарае пасьля ў інтэрвію і газэтных артыкулах. Паўсюль ён ня робіць розьніцы паміж працай у якіх заўгодна структурах мясцовай адміністрацыі ў часы нямецкай акупацыі і ваеннымі злачынствамі. Паўсюль не абцяжарвае сябе доказамі, калі гаворыць пра беларускіх дзеячоў як пра злачынцаў..
Асноўнай ахвярай сфальсыфікаваных абвінавачваньняў стаў Станіслаў Станкевіч, літаратуразнаўца і рэдактар, які падчас вайны быў адзін час бургамістрам Барысава. У сваёй кнізе Лофтус сьцьвярджае, што Станкевіч быў асобаю, якая аддала загад і кіравала зьнішчэньнем гэбраяў Барысава ў кастрычніку 1941 г. Падставай для гэтага, згодна з Лофтусам, ёсьць рапарт Зёнекена, што ўжываўся як адзін з дакумэнтаў на Нюрнбэргскім працэсе. Спасылаючыся на гэты дакумэнт, Лофтус піша: “Станкевіч даў загад (начальніку паліцыі бясьпекі Эгафу) забіць каля 7 тысячаў мужчынаў, жанчынаў і дзяцей” (ст. 27). У самым дакумэнце словаў пра тое, што такі загад аддаваў Станкевіч, нідзе няма. Больш таго, як вядома, бургамістры ня мелі ніякай улады над паліцыяй бясьпекі, якая непасрэдна падпарадкоўвалася нямецкаму кіраўніку СС і паліцыі са штабам у Магілёве. Лофтус пайшоў на адкрытую фальсыфікацыю і паклёп, каб падагнаць факты пад сваю сэнсацыю аб “укрываньні нацыстоўскіх злачынцаў” уладамі ЗША.
ÏПадобнымі інсінуацыямі ў адрас Радаслава Астроўскага, Францішка Кушаля, Вітаўта Тумаша ды іншых беларускіх дзеячоў поўніцца ўся кніга Лофтуса. Выглядае, што знайшоўшы некалькі дакумэнтаў пра перамовы паміж былымі беларускімі калябарантамі й амэрыканскімі спэцслужбамі, Лофтус прыдумаў займальны дэтэктыўны сюжэт з мажлівасьцямі далейшай фінансавай эксплюатацыі тэмы. Затым наняў некага запоўніць сюжэт агульнай фактурай (Лофтус не валодае мовамі першакрыніцаў, на якія спасылаецца), ня дужа абцяжарваючыся праўдзівасьцю і аўтэнтычнасьцю сваіх знаходак. Вынікам гэтага “бізнэс-пляну” і стала кніга “Сакрэт Беларусі”, якая неўзабаве была выдадзеная таксама ў Брытаніі (з даданьнем пэрлінаў кшталту “Ckryvana Library” пра Бібліятэку Скарыны/ Skaryna Library ў Лёндане), выйшла ў Францыі ў перакладзе (“Жудасны сакрэт”, 1985), і была перавыдадзеная па ангельску ў папяровай вокладцы ў 1989 годзе.
Падняўшы моцную газэтную буру, тэма змусіла Генэральную справаздачную ўправу (ГСУ, па ангельску GAO) — юрыдычны аддзел Кангрэсу ЗША — правесьці некалькі расьсьледваньняў у дадатак ўжо праведзенага яшчэ перад “знаходкамі” Лотуса ў 1978 г. Лофтус выклікаўся для паказаньняў у гэтай справе. У выніку было канстатавана, што высновы, прыведзеныя ў кнізе, расьсьледваньнем не пацьвярджаюцца. Бура празь нейкі час сьціхла.
Кніга была шырака і са смакам цытаваная ў Савецкім Саюзе, але не выклікала цікавасьці навукоўцаў у Вольным сьвеце. Цікава, што яе абсалютова ігнаруюць або згадваюць як хібную амаль усе сур’ёзныя дасьледчыкі, якія займаюцца гісторыяй амэрыканскіх спэцслужбаў. Нажаль, гісторыкі, якія займаюцца Галакостам і нацыстоўскімі ваеннымі злачынствамі, часам некрытычна цытуюць і пераказваюць цьверджаньні Лофтуса з усімі фактычнымі і правапіснымі памылкамі.
Па старонках быццам салідных выданьняў зноў гуляюць інсінуацыі наконт т. зв. “мясьніка Барысава” Станкевіча і Кушаля з памагатымі, якія, “заліўшы вочы гарэлкай, гвалцілі дзяўчат перад расстрэлам і разьбівалі галовы адным немаўлятам, а іншых укідалі жывымі ў магілы, каб яны задыхаліся пад трупамі бацькоў. Кушалевы 20 тысяч мужыцкіх тэрарыстаў уцяклі на Захад ад савецкіх баявых танкаў і ў апошні год вайны змагаліся ў розных частках СС” (гэтак у тэксьце, гл. Hersh, Burton. The Old Boys: The American Elite and the Origins of the CIA. New York: Charles Scribner’s Sons, 1992, стар. 275-276). Нажаль, недаказаныя абвінавачаньні супраць беларускіх нацыянальных дзеячоў разыйшліся далёка, і ў пэўных антыбеларускіх колах удзел Станкевіча ў забойстве гэбраяў Барысава або кроў 42 тысячаў менскіх гэбраяў на руках Тумаша ўспрымаюцца як аксіёма.
Цяпер гэтыя фальсыфікацыі з друкаваных выданьняў пераходзяць у інтэрнэт. Лофтус нясе немалую частку адказнасьці за пашырэньне хлусьні. Асаблівай увагі й асобнага артыкулу вымагаюць спасылкі, пададзеныя Лофтусам у ягонай кнізе. Назваўшы Галакост у Беларусі “ўнікальным, бо ні ў воднай іншай нацыі пад нямецкай акупацыяй насельнікі не перасьледавалі гэтак жорстка і з гэткім энтузіязмам сваіх суседзяў(гэбраяў), Лофтус, вокам не міргнуўшы, узводзіць хлусьню на цэлы народ, ігнаруючы дакумэнты, сотні й тысячы сьведчаньняў самых гэбраяў аб адваротным. Цікава, што, прайшоўшыся па спасылках Лофтуса, чытаем у згаданых ім першакрыніцах — нямецкіх дакумэнтах – зусім адваротнае ягонаму гнюснаму паклёпу! Немцы скардзяцца, што беларускае насельніцтва немагчыма было мабілізаваць на пагромы супраць гэбраяў.
Вычарпаўшы мажлівасьці па стварэньні сэнсацыяў на “беларускай” глебе, Лофтус працягвае далей распрацоўваць залатую жылу “выкрыцьця” працы амэрыканскіх спэцслужбаў. Згадаўшы напачатку пэрспэктывы расьсьледваньня масавага перакіду ў ЗША былых агентаў шахскай (іранскай) тайнай паліцыі Савак, Лофтус затым пераключыўся на сувязі ЦВУ з арабскімі (“Мусульманскія браты”) ды іншымі мусульманскімі тэрарыстамі. Таксама заняўся выкрыцьцём амэрыканскіх і наагул заходніх спэцслужбаў, якія нібыта змагаліся супраць гэбраяў і стварэньня Дзяржавы Ізраіль (кніга “Сакрэтная вайна супраць гэбраяў”).
У кнізе “Ганебная тройца” выкрывальнік Лофтус раскапаў існаваньне злачыннай змовы паміж нацыстамі, Ватыканам і Саветамі. Сэнсацыйныя знаходкі (ці дакладней: прыдумкі) Лофтуса зноў не выклікалі цікавасьці ў навукоўцаў, але затое далі Лофтусу працу ў некалькіх радыё праграмах.
Паралельна Лофтус выстаўляў сябе як экспэрта па Галакосьце, у выніку чаго здабыў працу пры Галакост-музэі ў Флярыдзе.
Працаваў Лофтус і на тэлевізійным канале Fox News, але быў звольнены ў 2005 г. дзеля таго, што ён падаў непраўдзівую інфармацыю пра аднаго арабскага бізнэсмэна, назваўшы яго тэрарыстам і падаўшы ягоны дакладны адрас. Той чалавек ужо зьехаў, а сям’я, якая пасялілася ў прададзеным ім доме, стала атрымліваць пагрозы і пабітыя шыбы. Характэрна, што араб, якога Лофтус аб’явіў тэрарыстам, ня быў суджаны ці абвінавачаны амэрыканскімі або іншымі ўладамі. Гэты стыль паводзінаў дужа знаёмы з часоў Лофтусавага трактаваньня беларусаў.
Апошнім часам грамадзкую ўвагу ўсё больш прыцягвае тэма Другой сусьветнай вайны ў Беларусі. З аднаго боку гэта выклікана дыскусіямі ў сеціве, з другога — зьяўленьнем шматлікіх фатаздымкаў часу вайны і акупацыі ў Беларусі, некалькіх кнігаў, выхаду галівудзкага фільму “Няскоранасьць” пра партызанскі атрад братоў Бельскіх.
Атаесамленьне беларускага нацыянальнага руху з нацызмам, агульнае абвінавачаньне ў калябарацыі з нацыстамі ўсіх беларускіх нацыянальных дзеячоў, перанос гэтых абвінавачаньняў на сучасных беларускіх адраджэнцаў — вось чарговыя (але ня новыя) крокі антыбеларускіх сілаў. У прынцыпе такая экстрапаляцыя – працяг беларускага нацыянальнага руху ад беларускіх актывістаў 1940-х да адраджэнцаў 1980-х безумоўна мае рацыю. Але паклёпніцкія агульныя абвінавачаньні ў “нацызме” і ў ваенных злачынствах мусяць атрымаць адпаведны адпор. Поўная інфармацыя пра Другую сусьветную вайну, у тым ліку зьвесткі пра ахвярніцкую працу беларускіх нацыянальных дзеячоў яшчэ чакаюць свайго часу, яшчэ не даступныя шырокай беларускай грамадзкасьці.
Пытаньне пра беларускі нацыянальны рух у 1940-я гады і ягонае месца ў беларускай гісторыі дасюль застаецца мала асьветленым. Пры тым існуе значны корпус друкаванай і тэлевізійнай прадукцыі, створанай у савецкія і постсавецкія часы, якая скіраваная супраць беларускага нацыянальнага руху. Поўны праўдзівы аналіз і ацэнка яе таксама не праведзеныя. Гэта тычыцца таксама сапраўдных ваенных злачынцаў з усіх бакоў, удзельнікаў забойстваў мірных жыхароў, якім таксама мусіць быць дадзеная аргумэнтаваная, падтрыманая дакумэнтамі й сьведчаньнямі ацэнка.
Між тым уяўляецца, што беларускае грамадзтва раней ці пазьней мусіць атрымаць як мага паўнейшую інфармацыю пра падзеі таго часу і пераглядзець сваё стаўленьне да ўдзельнікаў тых падзеяў у сьвятле ўсіх мажлівых аўтэнтычных сьведчаньняў і дакумэнтальных матэрыялаў, якія толькі існуюць.
Опусы Джона Лофтуса наўрад ці патрапяць у гэты лік.
Віталь ЗАЙКА