Жыды на мурох беларускiх гарадоў

Генадзь Сагановiч

Споўнiлася 350 гадоў пачатку Хмяльнiччыны — вялiкай вайны на Ўкраiне, што скаланула ўсю Цэнтральна-Усходнюю Эўропу i, справакаваўшы вайну Маскоўскага царства супраць Рэчы Паспалiтай, зьмянiла дзяржаўныя межы i перадвызначыла долю народаў. Пра трагедыю, якую зазнала тады Беларусь, ужо ня раз пiсалася, але мы яшчэ не акцэнтавалi ўвагi на тое, што няшчасьцi тыя мусiлi перажыць усе народы, якiя насялялi наш край, асаблiва юдэйскае жыхарства.

Рэч у тым, што толькi з гэтай вайны юдэi сталi трактавацца казакамi як ворагi ды, як i шляхта, вынiшчалiся пагалоўна, хоць яшчэ якiм дзесяцiгодзьдзем раней пахрышчаныя жыды маглi служыць у Запароскiм войску. За адно лета 1648 году дзясяткi тысяч юдэяў сталi ахвярамi рэвалюцыi Хмяльнiцкага на Ўкраiне, многа iх загiнула i на поўднi Беларусi, куды дасталi казацкiя загоны. Але ў цэлым у Беларусi iх лёс быў нашмат больш лiтасьцiвы. Розьнiлiся самыя ўзаемадачыненьнi зь мясцовым людам. У той сытуацыi ў Пiнску жыды маглi дамаўляцца зь мяшчанамi, каб тыя прыглядалi за iхнай вулiцай i ратавалi яе ад пажару, а ў Слуцку мяшчане нават ваявалi з казакамi ў абарону жыдоў. Падобнае ўзаемастаўленьне асаблiва выразна выявiлася ў гады маскоўскага нашэсьця.

Маскоўскi цар Аляксей Мiхайлавiч на самым пачатку вайны дэкляраваў прынцып непрымiрымаcьцi ў дачыненьнi да жыдоў, як, зрэшты, i да каталiкоў ды ўнiятаў. «Жидам в Беларуси не быти...» — сьцьвярджаў ён у пасланьнях. Вуснамi Крамля «ляхi (каталiкi — аўт.) i жыды» aфiцыйна абвяшчалiся «ворагамi праваслаўнае хрысьцiянскае веры». Нехрысьцiянам не даводзiлася спадзявацца на якуюколечы лiтасьць новых уладаў. У адпаведнасьцi з царскай iнструкцыяй, жыдоў з занятых зямель Беларусi (як i палонных жаўнераў, каталiкоў, унiятаў) належала выводзiць у Маскоўскую дзяржаву, прымусова хрысьцiць у праваслаўе. Аб’ектыўна сама сытуацыя вымагала тады ад юдэяў рашучасьцi. I яны прадэманстравалi яе.

Найбольш паказальны прыклад Старога Быхава. Ужо ўлетку 1654 году яго муры абступiлi ўкраiнскiя казакi гетмана Залатарэнкi, але горад ператварыўся ў непрыступную цьвердзь. Дакумэнты сьведчаць, што «усе асадныя людзi — шляхта, i немцы (наймiты — аўт.), i жыды, i мяшчане памiж сабою прысягалi» не здавацца. Жыды разам са шляхтай не гублялi рашучасьцi ў самыя крытычныя моманты аблогi й нiколi нават ня думалi пра капiтуляцыю. Невыпадкова за пасьпяховую абарону ад Масквы i Запароскiх казакаў Стары Быхаў ужо ў 1655 годзе атрымаў лiбэртацыю, у якой сярод жыхароў горада адмыслова згадвалiся i «тамтэйшыя жыды, якiя вераю i зычлiвасьцю ў абарону той фартэцыi... ad actum станавiлiся».

Колькi ж было тут абаронцаў? Казакi так i ня здолелi заблякаваць сапегаўскай фартэцыi, таму сюды часам прыходзiлi падмацаваньнi. А колькасьць жыдоў, як выглядае, гадамi заставалася аднолькавай. Многiя дакумэнты ў адзiн голас сьведчаць: як на пачатак аблогi (г.зн. на восень 1654 году) iх тут было 1000 з усiх 4000 абаронцаў, гэтак i ў чэрвенi, а потым i ў сьнежнi 1655-га заставалася тая ж тысяча.

Толькi ўвесну 1657 году Стары Быхаў па дамоўленасьцi адкрыў браму казацкаму палкоўнiку Iвану Нячаю, якi перайшоў на бок Рэчы Паспалiтай. Аблога была зьнятая, i на наступныя два гады iнфармацыя пра сам Быхаў i быхаўскiх жыдоў губляецца. Пасьля афiцыйнага ўзнаўленьня ваенных дзеяньняў памiж Маскоўскiм царствам i Рэччу Паспалiтай, у 1659 годзе ля Быхава зьявiлася армiя ваяводы Сямёна Зьмеева, якая аблажыла горад. Як сьцьвярджаў палонны, у Быхаве тады зусiм не было рэгулярнага войска: засталiся «толькi мяшчане, жыды i зьбеж». I цяпер яны самi, без усялякай дапамогi трымалi сямiмесячную абарону, пакуль у сьнежнi горад «праз здраду» ня быў захоплены царскiм войскам, якое наладзiла лютую расправу. Быхаўскi рабiн Лейба Пухавiцер, якому ўдалося выратавацца, сьведчыў, што ў той разьнi загiнула 300 ягоных супляменьнiкаў.

Гэтаксама значным быў удзел жыдоў у абароне Вiцебска. Тут яны несьлi ўсе павiннасьцi нароўнi зь мяшчанамi i шляхтай. Спачатку ўдзельнiчалi ў конных вылазках вiцебскай шляхты на варожы лягер пад Суражам, затым працавалi на ўзьвядзеньнi i рамонце гарадзкiх умацаваньняў Вiцебска, утрымлiвалi харугву драгунаў ВКЛ, давалi грошы на розныя патрэбы. Пасьля прыходу непрыяцеля вiцебскiя жыды разам з усiмi жыхарамi 14 тыдняў адбiвалiся ад армii Васiля Шарамецева. Яны мелi свае «кватэры» на абарончых сьценах, несьлi варту i з уласнай зброi адстрэльвалi штурмы. На жаль, абаронцам не хапiла боезапасаў, i горад быў захоплены. На жыдоў новыя ўлады наклалi вялiзную кантрыбуцыю, адабралi ўсю маёмасьць i цэлымi сем’ямi выслалi ў няволю —пepш у Ноўгарад Вялiкi, потым у Казань. Па дарозе многiя памерлi, iншым пад прымусам давялося прыняць праваслаўе...

Сярод местаў, якiя мусiлi першымi сустрэць маскоўскае войска, быў i Мсьцiслаў. За яго ўмацаваньнямi схавалiся як самыя мяшчане, так i многiя жыхары з ваяводзтва. Шукаючы ратунку, сюды зьбеглася i нямала жыдоў. Усе супольна вырашылi стаяць да апошняга i адчайна адбiвалiся, але ў лiпенi 1654 замак быў захоплены штурмам. Пераможцы ўчынiлi бязьлiтасную разьню — «шляхту, мяшчан, жыдоў, а таксама простых людзей у пень высяклi».

Доўга i ўпарта адбiваўся i невялiкi гарадок Дуброўна. Жыды тут выставiлi 10 харугваў! Калi ўлiчыць, што мяшчане сфармавалi гэтулькi ж аддзелаў, а вайсковых людзей тут было адно 7 харугваў, то атрымаецца, што юдэi склалi цэлую трацiну агульнай колькасьцi абаронцаў. Нездарма, схiляючы горад да капiтуляцыi, маскоўскiя вайсковыя ўлады зьвярталiся ня толькi да прадстаўнiкоў розных хрысьцiянскiх канфэсiяў, але й да жыдоў — «ад жыдоў жыдам лiсты з зарукамi» пасылалi. Цар запатрабаваў пасьля захопу Дуброўны прывесьцi ў ягоны лягер пад Смаленск як жаўнераў, шляхту, лепшых мяшчан, так i ўсiх жыдоў, што i было выканана. Падобны лёс напаткаў Горкi, якiя таксама спачатку адбiвалiся. I адтуль што жыдоў, што праваслаўных беларускiх мяшчан з жонкамi i дзецьмi вывелi ў царства.

Адзiн з найбуйнейшых гарадоў Беларусi Магiлёў з прычыны непадрыхтаванасьцi да абароны паддаўся ўгаворам Канстанцiна Паклонскага i 25 жнiўня 1654 году адкрыў браму непрыяцелю. У перамовах перад здачай жыды ўвесь час фiгуравалi як значная сiла горада. Iхныя двары знаходзiлiся ў гарадзкiм абарончым вале. Яны ўдзельнiчалi i ў выпрацоўцы ўмоваў капiтуляцыi: «магiлеўцы, ляхi, i жыды, i сяляне» прасiлi даць iм тры днi на роздум. I калi гарадзкiя нiзы пагадзiлiся прысягнуць цару, дык жыды, як i шляхта, не пажадалi прысягаць i папрасiлi выпусьцiць iх у Рэч Паспалiтую. Пасьля капiтуляцыi шляхта мусiла-такi прыняць прысягу, а жыды — i «застацца не хацелi, i не прысягалi». Iх проста ня выпусьцiлi з Магiлёва. Зь iншага боку, цар пазбавiў iх усялякага права жыць у горадзе: «А жидам в Могилеве не быти и жития никакого не имети». Пры малавядомых абставiнах у 1655 годзе многiя юдэi Магiлёва загiнулi, i хоць гiстарыяграфiчная традыцыя прыпiсвае iх забойства К.Паклонскаму, апошнi хутчэй тут нiяк не замяшаны. Але частка жыдоў жыла ў горадзе i пры царскай уладзе, бо ў 1661 годзе яны бралi актыўны ўдзел у знакамiтым паўстаньнi магiлёўцаў супраць маскоўскага гарнiзону, за што пасьля вайны атрымалi прывiлей на свабоднае жыхарства ў самым цэнтры горада.

Юдэйская супольня Слуцка, вядомая з канца ХVI ст., была адной з найбуйнейшых у ВКЛ. У 1654 годзе, як i ў 1648-м, многiя жыды ўцяклi адсюль у Вiльню, але большасьць засталася. Знамянальна, што ўсе канфэсiйныя супольнасьцi суладна баранiлi горад, што i стала важным фактарам яго непрыступнасьцi: увосень 1655-га непрыяцель двойчы спрабаваў здабыць Слуцак, але адыходзiў зь нiчым.

Цягам трох месяцаў адчайна адбiваўся ад маскоўскай армii i Смаленск. I хоць iнфармацыi пра нацыянальна-канфэсiйны склад яго абаронцаў бракуе, з укосных сьведчаньняў можна выснаваць, што жыды не маглi ня ўдзельнiчаць у смаленскай абароне. Крынiцы зафiксавалi iмёны двух жыдоў-камандзiраў — Беркi старасты Райгарадзкага i Беркi Ржэзiцкага, якiя адказвалi за абарону адпаведных раёнаў горада. Вядома, што пасьля капiтуляцыi места цар Аляксей Мiхайлавiч прымушаў усiх жыдоў хрысьцiцца; тых, хто не падпарадкоўваўся, зачынялi ў драўляных хатах i спальвалi.

На Захадзе Беларусi ўвесну 1660 году надзвычай эфэктыўна абараняўся ад вялiкай армii ваяводы Iвана Хаванскага гарадок Ляхавiчы, у замку якога сядзела 4 тысячы абаронцаў, зь якiх толькi чвэрць складалi пяхота i драгуны, астатнiя — шляхта, сяляне i жыды.

Гарады зь вялiкiмi й самымi даўнiмi ў Беларусi жыдоўскiмi кагаламi — Берасьце, Горадня й Пiнск — таксама апыналiся ў руках казакаў цi маскоўскага войска. Пiнск захоплівалi нават тройчы — у кастрычнiку 1655-га, у снежнi 1659-га i ўлетку 1660 году. Аднак iнфармацыя пра пазыцыю й дзеяньнi жыдоў гэтых гарадоў мне невядомая. Засьведчана толькi, што яны моцна пацярпелi i пасьля вызваленьня кароль звольнiў iх, як i мяшчан, ад падаткаў.

Цалкам магчыма, што жыды вызначылiся i ў абароне iншых беларускiх местаў. У партыях палонных, што выводзiлiся з краю на ўсход, дакумэнты царскай адмiнiстрацыi вылучаюць «жыдоў, узятых у языках, i якiя ў гарадох у аблозе сядзелi», нiяк не канкрэтызуючы месца i часу iх захопу. Юдэi ўдзельнiчалi i ў iншых формах барацьбы зь непрыяцелем. Напрыклад, у 1660 годзе нейкi слуцкi жыд, вызвалены з маскоўскага палону, настойлiва прасiўся ў выведку на акупаваную царскiм войскам тэрыторыю. Стэфан Абнорскi, якi пiсаў пра гэта князю Багуславу Радзiвiлу, лiчыў яго знаходкай, бо той «як шчыры маскаль гаворыць i постаць яго сама маскоўская».

Нават гэтай iнфармацыi дастаткова, каб атрымаць пэўнае ўяўленьне пра пазыцыi габрайскага насельнiцтва Беларусi ў гады той жахлiвай вайны. Вядома, што ў Рэчы Паспалiтай жыды плацiлi падаткi на абарону, што часам на iх распаўсюджвалася i павiннасьць выстаўляць павятовага жаўнера. Але справа аховы фартэцыяў iх ня тычылася. Нормы як звычаёвага, так i магдэбурскага права абавязвалi да гэтага адно мяшчан, гарадзкую супольню, да якой нехрысьцiяне не належалi. У соймавых канстытуцыях часоў вайны гэтыя задачы ставiлiся таксама толькi перад мяшчанамi. Тым ня менш, у экстрэмальных умовах у Беларусi юдэi бралi на сябе ўсе абавязкi па ахове горада ды ўзыходзiлi на валы й муры. У нас жыды сталi рэальнымi саюзьнiкамi мясцовай шляхты, мяшчан i мужыкоў ды, як паказаў прыклад Старога Быхава, Вiцебска, Дуброўны й Слуцка, увасобiлi сабою адну з самых зацятых сiлаў самаабароны.