БАЦЬКА

Здаецца мне, бачу бацьку свайго,
ляжыць далёка ў зямлі пясчанай;
маліўся ўсю ноч ён
і збавіўся ад усяго,
і сьцяў яго меч няшчадны...

Ты ў сінагозе дзівосаў чакаў,
сьляза зьлятала на бараду сурова.
Аўрааму, Ісаку, Іакаву не без падстаў
сваё ты шчыра выплакаў слова.

Ты ў поце ўсё жыцьцё працаваў,
і плакалі рукі тваі дасьвецьцем,
маўклівы, бледны нам есьці даваў,
у сьценах бедных гаротным дзецям.

Ты спадчыну мне пакінуў -
яшчэ
твой пах не выветрыўся,
цёмнажыла
у рысах маіх твая ўсьмешка цячэ,
твая мне перадалася сіла.

Марк Шагал

пераклад Рыгора Барадуліна