ГОРАД ДАЛЁКІ

Ён ва мне зьвініць,
далёкі горад,
дзе перагуківаюцца, як суседкі, веры:
цэркаўкі белыя,
цэрквы далёкія
і сінагогі. Дзверы расчынены. Неба цвіце,
жыцьцё ляціць,
упэўненае ў сваёй праваце.

Ён ва мне,
іхні смутак, ные,
нудзяцца вулкі крывыя,
надммогільлі шэрыя - на гары
ляжаць глыбока яўрэі набожныя,
сум з імі іхні, як сьвет стары.

У фарбах і ў мазках,
у сьвятле і ценю
стаіць карціна мая ўдалячэні,
ёй сэрца сваё засланіць летуценю.

Іду я, разліты ўвесь і распалены,
зіхцяць гады, краса былая ўся.
Мой сьвет у сьне
прыходзіць да мяне,
а я - а я губляюся.

Не шукайце сёньня мяне,
не шукайце і заўтрашні час,
я ўцёк ад самаго сябе нечакана.
Я магілу выкапаю ў запас
і ад вялікага плачу растану.

Марк Шагал

пераклад Рыгора Барадуліна