ЧЭРВЕНЬСКІ СХОД НЬЮ ЁРСКАГА АДДЗЕЛУ БАЗА

10-га чэрвеня прайшоў чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. Старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка распавёў пра візыт дэлегацыі беларускай грамады Амэрыкі, у склад якое ён уваходзіў, у Вашынгтон і пра сустрэчы з амэрыканскімі ўрадоўцамі, якія там адбыліся.

Потым адбыліся выбары скарбніка аддзелу, пасада якога заставалася незанятая пасьля мінулага справаздачна-выбарчага сходу. На гэтае месца была высунутая толькі адная кандыдатура новага сябру аддзелу сп. Васіля Кузьменкі, які і быў аднагалосна абраны скарбнікам аддзелу на наступны год.

Цяпер складкі й усе другія ўплаты ў аддзел, калі ласка, дасылайце новаму скарбніку на адрас:
Mr. Vasil Kuzmenko
166-34 Gothic Dr
Jamaica, NY 11432

Сакратар аддзелу сп-ня Валя Якімовіч пазнаёміла ўдзельнікаў сходу з тымі захадамі, якія яна зрабіла для падрыхтоўкі да правядзеньня Купальля і заклікала ўсіх узяць удзел у правядзеньні гэтага беларускага абраду.

У канцы сходу прагучалі віншаваньні сп-ні Вользе Буран, якая атрымала афіцыйны статус ў ЗША, і з гэтае нагоды падрыхтавала добры пачастунак.