Лютаўскі сход аддзелу БАЗА ў Нью Ёрку

10-га лютага адбыўся чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. Напачатку старшыня аддзелу, сп. Віталь Зайка, азнаёміў прысутных з асноўнымі падзеямі мінулага месяцу. Сярод іх - страйкі прадпрымальнікаў, візыт у Менск дэлегацыі Эўразьвязу, выхад зь вязьніцы дэпутата Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Уладзімера Кудзінава й заява амбасады ЗША ў Менску з гэтае нагоды. Кудзінаў абвінаваціў улады ў выкраданьні й забойстве апазіцыянэраў. Адміністрацыя Лукашэнкі чарговы раз адклала прыняцьцё даверчых граматаў ад амбасадара ЗША ў Менску сп. Майкла Козака, які чакае гэтага акту, рэглямэнтаванага Венскай канвенцыяй, ужо некалькі месяцаў. Гэтае чаканьне ператварылася ў маўклівы двубой Козака й Лукашэнкі. Сярод іншых падзеяў - сьмерць вядомага беларскага пісьменьніка-эмігранта Масея Сяднева, які ня так даўно быў госьцем аднога са сходаў нашага аддзелу. Прысутныя ўшанавалі памяць М. Сяднёва хвілінай маўчаньня.

Затым старшыня аддзелу азнаёміў прысутных з ходам падрыхтоўкі да сьвяткаваньня Дня Незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, заклікаў паведамляць пра імпрэзу ўсім сябрам і знаёмым. Ён таксама зрабіў аб'яву пра маючы адбыцца 23-га лютага мітынг перад штаб-кватэрай Арганізацыі Аб'еднаных Нацыяў супраць расейскага імперыялізму, за свабоду Беларусі й незалежнасьць Чачэніі, прысьвечаны гадавіне дэпартацыі чачэнаў са свае радзімы ў Сярэднюю Азію ў 1944 годзе.

Са сваімі рэфлексіямі адносна бягучага моманту й падзеяў у Беларусі й вакол яе выступіў Старшыня Галоўнай Управы БАЗА сп. Антон Шукелойць. Ён адзначыў, што хоць сытуацыя ў Беларусі й зьяўляецца складанай, але мы не павінныя быць пэсімістамі. Навакольныя краі й народы здабылі незалежнасьць і свабоду. І пасьля як рухнуў рэжым Мілошавіча ў

Сэрбіі, Лукашэнка на сёньня застаўся адзіным дыктатарам у Эўропе, і менавіта на яго пераключыцца цяпер ўвага й ціск вольнага сьвету. У Беларусі папулярнасьць рэжыму з кожным днём катастрафічна падае. І хоць ён пакуль і застаецца найвялікшай пагрозай для свабоды й незалежнасьці Беларусі, нацыянальныя апзацыйныя сілы ў краі маюць шанец, кансалідаваўшыся, даць бой рэжыму на маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбарах.

У разьдзеле "рознае" сваімі думкамі пра геапалітычнае становішча ва Ўсходняй Эўропе, а таксама пра сытуацыю ва Ўкраіне, пра расклад палітычных сілаў там падзяліўся прадстаўнік украінскай дыяспары ў Нью Ёрку сп. Ігор Пэйсаховыч.