Сакавіцкі сход аддзелу БАЗА ў Нью Ёрку

10-га сакавіка адбыўся чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. На пачатку яго старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка паведаміў пра бліжэйшыя імпрэзы аддзелу ды заклікаў узяць у іх удзел.

Потым з паведамленьнем пра апошнія падзеі ў Беларусі й пра сваё бачаньне разьвіцьця сытуацыі выступіў старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі Беларускага Народнага Фронту сп. Зянон Пазьняк. Даўшы кароткі агляд падзеяў, сп. Пазьняк адзначыў, што надыходзіць час кожнаму зрабіць свой выбар. Масква таксама будзе яго рабіць, каб надалей кіраваць Беларусьсю праз сваіх марыянэтак. Пакуль маскоўцы, кажучы іхнімі словамі, стасуюць у дачыненьні да Беларусі ды Ўкраіны тактыку "кантралюемага канфлікту". Хочучы цалкам гарантаваць свае пляны, Масква імкнецца мець, поруч з кантролем над Лукашэнкам кантроль над апазыцыяй. Сярод кандыдатаў у прэзідэнты ад "кантралюемай апазыцыі"-П. Казлоўскі й М. Чыгір. Першы некалі, з дапамогай М. Статкевіча, вычысьціў беларускае войска ад беларускіх афіцэраў, другі быў у камандзе Лукашэнкі й не хавае сваіх кантактаў з ФСБ. Магчы-мы таксама варыянт "чорта з табакеркі", невядомай пакуль асобы, якую актыўна раскруцяць праз кішэнныя масавыя сродкі, як было з Пуцінам. Лукашэнку сёньня падтрымоўвае ня болей 15% насельніцтва. Пакуль Масква ставіць на яго, але здае справу з зьмяншэньня ягонае папулярнасьці, і ў хуткім часе ня выключана можа паставіць на некага іншага.

Задачай Масквы й яе калябарантаў ёсьць заблякаваць кандыдатаў ад Беларускага вызвольнага руху. Лукашэнка разумее, што справа ходзіць аб ягоным жыцьці й сьмерці, што ён ня зможа пайсьці на пэнсію, як Валенса, і спадзяецца на фальсыфікацыю. У гэтай сытуацыі Беларускі вызвольны рух выстаўляе сваю альтэрнатыву. Ілюзіяў няма, але людзі мусяць мець выбар не паміж маскоўскімі халуямі рознага кшталту, а сапраўдную магчымасьць абраць нацыянальнага беларускага прэзідэнта. Ужо пачалася прэвэнтыўная кампанія супраць вызвольнага руху й супраць Пазьняка як магчымыга кандыдата.Старшыня лукашэнкавага "канстытуцыйнага суду" Васілевіч заявіў, што Пазьняк "ня зможа балятавацца, бо патрэбны цэнз 10-гадовага пражываньня ў Беларусі". Тое заявіла Ярмошына з выбарчай камісіі. Улады нэрвуюцца, хоць Пазьняк яшчэ й не заявіў пра свой удзел у выбарах. Выбары наагул могуць не адбыцца, калі праз зьмену канстытуцыі прэзідэнта будзе абіраць "па-латка". Авантуры рэжыму ня выключаныя. Рашэньне пра ўдзел у выбарах зробяць пазьней, калі сытуацыя будзе ясьнейшая. Шанец ёсьць, трэба яго карыстаць. Вось такі факт: у Гомлі на пытаньне: "Каго прапануеце на прэзыдэнта?" Называюць 15 асобаў. Тады пытаюць: "Хто з кадыдатаў - сапраўды антыпод Лукашэнку?" Адказ - Пазьняк! БХП БНФ чужыя грошы ня лічыць, але заяўляе, што, у адрозьненьне ад "кантралюемай апазыцыі", не атрымалі ні цэнта. Трэба толькі свабода інфармацыі, і трохі сродкаў для распаўсюду - усё астатняе зробяць людзі. Настрой у іх баявы. Змагаюцца для адзінай мэты - каб Беларусь была незалежнай і сапраўды беларускай.

Потым былі адказы на шматлікія пытаньні удзельнікаў сходу.

Віталь Зайка