53-е месца Беларусі

У Глябальнай справаздачы ААН пра чалавечае разьвіцьцё за 2001 год Беларусь займае 53-е месца. Летась яна была на 57-м. Прагрэс выкліканы тым, што сёлета пры складаньні рэйтынгу зь яго выключылі шэраг краінаў, якія апярэджвалі Беларусь. Як сьведчыць справаздача, Беларусь страціла лідэрства сярод краінаў СНД у адукацыі й зраўнялася з Расеяй, Украінай, Арменіяй, Казахстанам ды Туркмэністанам.

Скарачаецца перавага й ва узроўні сукупнага ўнутранага прадукту на насельніка. Асабліва відавочны тут прагрэс су-седзяў - Расеі ды Латвіі. Латвія, якая адставала летась, сёлета апярэдзіла й заняла 50-е месца. Аналягічная тэндэнцыя й у Літве. Але самае вялікае адрозьненьне - працягласьць жыцьця. У Літве людзі жывуць даўжэй, чымсьці ў Беларусі.

Як вынікае са справаздачы ААН, значных посьпехаў у гэтай сфэры можна дасягнуць толькі тады, калі эканоміка краіны рэальна служыць паляпшэньню жыцьця людзей.

Сьціплыя паказчыкі Беларусь мае й у найважнейшых сфэ-рах тэхналягічнага разьвіцьця, такіх як камэрцыялізацыя тэхналягічных дасягненьняў, разьвіцьцё тэлекамунікацыяў ды Інтэрнэту. Напрыклад, жыхары Польшчы маюць у 38 разоў больш магчымасьцяў для доступу ў Інтэрнэт, чым беларусы.