Красавіцкі сход аддзелу БАЗА

21-га красавіка прайшоў сход нью ёрскага аддзелу БАЗА, які быў перанесены на тыдзень ў сувязі з Вялікаднем. Напа-чатку старшыня аддзелу сп. Віталь Зайка паінфармаваў пра сьвяткаваньне ў Нью Ёрку Дня Волі - 83-й гадавіны абве-шчаньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, і пра акцыю пратэсту ў Вашынгтоне супраць рэжыму Лукашэнкі й расейскай анэксіі Беларусі. Ён заклікаў прыняць актыўны ўдзел у мітынгу, прысьвечаным 15-й гадавіне Чарнобыльскай катастрофы перад штаб-кватэрай ААН 26-га красавіка.

Затым сп. Зайка азнаёміў прысутных з апошнімі падзеямі ў Беларусі. Ён распавёў пра падрыхтоўку да акцыі "Чарнобыльскі Шлях", пра рэпрэсіі супраць арганізатараў і ўдзельнікаў мітынгаў на Дзень Волі ў Беларусі, пра акцыі "Маладога Фронту" й арганізацыі "Зубар", пра абсурдныя абвінавачваньні старшыні КГБ РБ Л. Ерына што дапамога АБСЭ ў справе падрыхтоўкі назіральнікаў ёсьць вэрбоўка "агентаў Захаду", пра ратыфікацыю "палатай прадстаўнікоў" расейска-беларус-кага пагадненьня пра адзіную валюту й адзіны эмісыйны цэнтар, пра прэзентацыю кнігі З. Пазьняка ў Менску ды іншае.

Сп. Зайка нагадаў, што наступны сход будзе выбарчым і заклікаў сяброў аддзелу праявіць на ім актыўнасьць. Затым з крытычнымі заўвагамі адносна артыкула пра БНР С. Барыса, апублікаванага ў газэце "Наша Слова", выступіў старшыня Галоўнай Управы БАЗА сп. Антон Шукелайць. Ён адзначыў, што артыкул утрымоўвае шэраг прынцыповых і факталягіч-ных памылак, скажае традыцыі барацьбы й падзеі часоў БНР.

Сп-ня Нэлі Ржэвуцкая паведаміла, што ў Бруклінскім Музэі Мастацтваў у першую суботу кожнага месяца адбываюцца імпрэзы, што прэзэнтуюць культуру той ці іншай з этнічных групаў, якія жывуць у Нью Ёрку. Гэта выступленьні народных ансамбляў, сьпевакоў і г.д. Сп-ня Ржэвуцкая прапанавала дамовіцца з кіраўніцтвам Музэю й з беларускімі выканаўцамі пра арганізацыю беларускай імпрэзы ў Бруклінскім Музэі. Музэй, дарэчы, аплочвае выступленьні выканаўцаў.

Пасьля прысутныя змаглі зрабіць аб'явы і паведамленьні ў разьдзеле "Рознае", а затым у неафіцыйнай атмасфэры калегавацца зь сябрамі й знаёмымі пры кубку кавы.