Кастрычніцкі сход аддзелу БАЗА

13-га кастрычніка ў Фундацыі імя П. Крэчэўскага адбыўся чарговы сход нью ёрскага аддзелу БАЗА. Вёў яго скарбнік аддзелу сп. Валеры Дворнік. Напачатку ён распавёў пра апошнія больш значныя падзеі ў Беларусі, пра вынікі прэзыдэнцкіх выбараў, пра рэакцыю на іх міжнароднай супольнасьці. Узгадаў ён таксама пра спробу лукашыстаў зьнішчыць урочышча Курапаты, дзе ляжаць сотні тысячаў беларусаў замардаваных сталіністамі ў 30-я гады.
Пасьля адказаў на пытаньні размова перайшла да справаў нью ёрскага аддзелу БАЗА. Сп. Марат Клакоцкі паведаміў аб пачатку БАЗАўскае лятарэі, растлумачыў ўмовы яе правядзеньня. Лятарэя будзе праходзіць на працягу наступных двух месяцаў, і разгульваньне прызоў адбудзецца на сьнежаньскім сходзе адзелу.
Затым вядучы сходу зрабіў аб'яву аб заплянаваным сьвяткаваньні Новага году ды заклікаў усіх беларусаў разам адзначыць гэтае сьвята.
Апошнім па ініцыятыве сп. В. Маньдзіка закранулі пытаньне аднаўленьня выхаду газэты "Беларус", такой неабходнай беларускай грамадзе сёньня. Пасьля актыўнага абмеркаваньня магчымых захадаў у гэтым кірунку вырашылі працягнуць размову на наступным сходзе папярэдне параіўшыся з былымі рэдактарамі й выдаўцамі газэты.
На гэтым афіцыйная частка сходу скончылася, але сяброўскія гутаркі з кубкам кавы ў руках працягваліся яшчэ добрых пару гадзінаў.