Сьвяткаваньне ўгодкаў канца 2-й Сусьветнай вайны

Мінгарвыканкам забараніў Кансэрватыўна-Хрысьцiянскай партыi БНФ правядзеньне акцыi ў гонар перамогi над фашызмам. Заяўку падавалі на мітынг і ўскладаньне вянкоў да абэлiску на плошчы Перамогi. Акцыя мусіла сымбалізаваць салідарнасьць Беларусі з эўрапейскімі народамі, якія сьвяткуюць перамогу менавіта 8-га траўня. Акцыю задумвалі як супрацьстаяньне прапаганьдзе мiлiтарызацыi Беларусi і нагнятаньню антызаходняй гiстэрыi, якую праводзіць рэжым Лукашэнкі. Мэтай акцыі было папярэдзіць людзей пра спробы падзялiць Эўропу i далучыць Беларусь да новага "савецкага лягеру".

Нажаль, афіцыйныя ўлады не дапускаюць сьвяты антымілі-тарыскага характару. Усе дазволеныя акцыі так ці інакш ухваляюць вайсковыя подзьвігі і гераізм, а многія, папросту, абуджаюць настальгію па былой імпэрскай велічы.

8-га траўня беларускія апазыцыянэры сабраліся ў Менску на вайсковых могiлках ўшанаваць памяць змагароў супраць фашызму. 9-га траўня яны разам з амбасадарам Ізраіля і вэтэранамі вайны ўшанавалі ахвяраў вайны каля мэмарыялу "Яма", дзе нацысты зьнішчылі 5 тысячаў гэбраяў. Дэлегацыя прадстаўнікоў беларускай апазыцыі таксама ўсклала кветкі да помніка Перамогі, мэмарыльнага знаку гэроям менскага падпольля й да памятнага крыжа ў Курапатах.

Улады-ж у савецкіх традыцыях правялі вайсковы парад на пляцы Незалежнасьці. Цэнтар беларускае сталіцы нагадваў горад на асадным становішчы. Уздоўж праспэкту Скарыны стаяла баявая тэхніка, а ўсе падыходы да пляцу Незалежнасьці былі перакрытыя ўзмоцненымі міліцэйскімі кардонамі. Прапускалі сюды толькі асобаў, якія мелі адмысловыя прапускі. Усяго ў парадзе бралі ўдзел 4 тысячы вайскоўцаў. За наземным пачаўся парад паветраны, лёталі гэлікоптэры, зьнішчальнікі і бамбавікі. За вайсковай тэхнікай пайшлі трактары, камбайны, тралейбусы і сьнегазборныя машыны - вынікі канвэрсіі абаронных прадпрыемстваў. Замыкалі парад калёны маладога пакаленьня з БПСМу і піянэрскай арганізацыі з партрэтамі Лукашэнкі, а таксама фізкультурнікі.