23 ЛЮТАГА - ДЗЕНЬ БЕЛАРУСКАЙ КРАЁВАЙ АБАРОНЫ

"Я, жаўнер Беларускай Краёвай Абароны, прысягаю на Ўсемагутнага Бога й жаўнерскі гонар, што буду верна служыць свайму Беларускаму Народу. Сумленна й прыкладна выконваць усе загады сваіх камандзіраў і начальнікаў. Я прысягаю, што не выпушчу з рук зброю датуль, пакуль ня будзе зьнішчаны на нашай зямлі апошні вораг Беларускага Народу..." Такімі словамі пачыналася ўрачыстая прысяга жаўнераў Беларускае Краёвае Абароны, якая была ўпершыню прамоўленая імі 26-га сакавіка 1944 году на менскім пляцы Волі. Беларуская Краёвая Абарона была створаная 23-га лютага 1944 году, калі савецкія войскі ўжо падыходзілі да межаў Беларусі.

Спробы стварыць беларускае войска былі з самага пачатку вайны, аднак немцы сталі шукаць падтрымку ў мясцовага насельніцтва толькі пасьля паразы пад Сталінградам ды Курскам. З 1943 году беларускі ўрад - Беларускую Цэнтральную Раду - узначальваў Радаслаў Астроўскі. Кіраўніком БКА быў прызначаны маёр Франц Кушаль - муж паэткі Натальлі Арсеньневай. У сакавіку 1944 году была абвешчаная мабілізацыя. Меркавалася прыцягнуць у войска да 40 тысячаў асобаў, але немцы імкнуліся паменшыць колькасьць жаўнераў. У выніку БКА склала 25 тысячаў чалавек. Зь іх былі сфармаваныя 39 стралецкіх і 6 сапёрных батальёнаў. Была створаная ўласная уніформа, званьні, пачалася падрыхтоўка афіцэраў і падафіцэраў, была створаная Менская афіцэрская школа. БКА супрацоўнічала з украінскімі вайсковымі фармаваньнямі. Змагалася з польскімі й савецкімі партызанамі. Кіраўніцтва намагалася на колькі магчыма быць незалежным ад немцаў. Ф.Кушаль часам выдаваў загады насуперак нямецкай адміністрацыі (напрыклад, паўстаў супраць вывязеньня жаўнераў на прымусовыя работы ў Нямеччыну).

У чэрвені 1944 году, калі наступ савецкага войска ўжо было не спыніць, перад БКА паўстаў выбар: ці застацца ў Беларусі, ці сыходзіць зь немцамі. Тыя, хто засталіся, апынуліся ў сталінскіх лягерох. Зь немцамі адышло менш за 10 тысячаў беларускіх жаўнераў, у тым ліку Менская афіцэрская школа ў поўным складзе. У Нямеччыне беларускія часткі былі расфармаваныя. Большасьць жаўнераў загінула на чужыне альбо трапіла ў палон ў складзе нямецкіх войскаў.