Да 80-годзьдзя Беларускага Студэнцкага Саюзу

У сьнежні 1920-га году студэнты-беларусы Віленскага ўнівэрсытэту заснавалі "Гурток студэнтаў-беларусаў", які ў 1921 годзе стаў звацца "Беларускі Студэнцкі Саюз".

Віленскі ўнівэрсытэт, заснаваны прывілеем караля Сьцяпана Батуры ў 1578-м годзе як вышэйшая вучэльня для ўсіх жыхароў Вялікага Княства Літоўскага і зачынены царом Мікалаем І ў 1832-м годзе, быў адзіным унівэрсытэтам Заходняе Беларусі ў міжваенны перыяд. Ён быў адноўлены ў 1919 годзе як польская навучальная ўстанова, у якім існавала дэскрымінацыя супраць беларускае этнічнае большасьці Віленшчыны і Заходняе Беларусі. Для беларусаў існавала працэнтнае абмежаваньне пры паступленьні на вучобу. Так, на мэдычны факультэт прымалі толькі 5% беларусаў ад агульнага ліку студэнтаў, а на тэалягічны факультэт іх увогуле не прыймалі. Нават калі чалавек здабываў вышэйшую асьвету, гэта не гарантавала працы на бацькаўшчыне, бо пераважную большасьць, асабліва настаўнікаў-беларусаў, скіроўвалі на працу ў этнічную Польшчу. На Радзіме-ж, напрыклад, Хведар Ільляшэвіч, атрымаўшы адукацыю гісторыка, быў вымушаны вырошчваць зёлкі пад Берасьцем, каб толькі зарабіць на жыцьцё, бо працаваць працаваць на беларускіх землях яму было забаронена.

Калі паўстаў Беларускі Студэнцкі Саюз, ягоныя сябры маглі належаць да любых палітычных арганізацыяў, але вырашальнай была цьвёрдая беларуская нацыянальная пазыцыя, "хрыбет". Прыкладам таго, як цьвёрда прытрымлівалася кіраўніцтва Саюзу гэткай беларускай палітыкі, можа быць такі выпадак. Неяк Саюз юрыстых ладзіў свой рэгулярны конкурс красамоўства, і ад БСС выступаў Вінцэсь Скублоўскі (пазьней судзьдзя ў Беластоку). Памылкова ў спрэчцы ён сказаў "мы - палякі" - і ў выніку быў выключаны з арганізацыі.

Яшчэ нехта быў выключаны за тое, што памылкова назваў Зьвязак Незалежнай Моладзі Дэмакратычнай - Зьвязкам Польскай Моладзі. Каб паступіць у БСС, былі патрэбныя рэкамендацыі двух сяброў (для мяне гэта былі студэнты мэдыцыны В. Тумаш і Войтанка).

Саюз быў афіцыйна зарэгістраваны польскай уладай пад назвай Zwiazek Akademikow-Bialorusinow, што дазваляла, напрыклад, весьці актыўную асьветніцкую й прапагандысцкую дзейнасьць у галіне беларускай культуры і гісторыі, езьдзіць з лекцыямі па вёсках і мястэчках, выдаваць свае публікацыі й нават агітаваць за беларускіх кандыдатаў падчас выбараў у Сейм. Пры Саюзе існаваў славуты хор Рыгора Шырмы, у якім сьпявалі пераважна студэнты, і які адзін час называўся Бела-рускі хор пад кіраўніцтвам пры Беларускім Студэнцкім Саюзе. Таксама пры Саюзе існавалі курсы беларускай мовы, белару-сазнаўства, кааперацыі. Была сталоўка "Беларуская сытніца".

Пасьля таго, як зачынілі ўсе беларускія гімназіі, моладзь прыходзіла ва ўнівэрсітэт бязь ведаў нарматыўнай беларускай мовы і беларусазнаўства. Мэтаю Саюзу было весьці нацыянальную беларускую справу сярод студэнтаў Віленскага ўнівэрсытэту пад дэвізам "Айчына і навука", заахвочваць цікавасьць да беларускай культуры, самаадукацыю ў галіне беларусаведы і з дапамогай сяброў Саюзу весьці гэткую працу сярод насельніцтва Заходняе Беларусі.

Другая мэта была таварыская праца па стварэньню беларускамоўнага асяродку для студэнтаў, каб разам ладзіць вечарыны, балі, канцэрты, экскурсіі ў тым ліку часам з удзелам прадстаўнікоў іншых нацыянальнасьцяў. Старэйшыя студэнты, як браты Луцкевічы, Станкевічы - выхоўвалі моладзь.

Унівэрсытэт меў аўтаномны статус і меў сваю юрысдыкцыю ў шырокім коле пытаньняў і нават у крымінальных справах. БСС таксама браў удзел у вырашэньні шмат якіх пытаньняў унівэрсытэцкага жыцьця. Пры апошнім рэктары, ксяндзу Вайціцкім, сытуацыя значна пагоршылася. Хору забаранілі выступаць, на просьбу аб ладжаньні імпрэзаў рэктар адсылаў у паліцыю, якая натуральна ўсё забараняла. Калі для гэбраяў былі ўведзеныя асобныя лавы зьлева ў аўдыторыях (як дыскрымінацыйная мера), то сябры БСС у пратэст сядалі на гэтыя лавы разам з гэбраямі.

Сярод студэнтаў існавалі яшчэ дзьве беларускія арганізацыі - Таварыства прыяцеляў беларусаведы (больш навуковага кірунку) і студэнцкая карпарацыя "Скарынія".

У сярэдзіне 30-х гадоў ад БСС адарвалася частка студэнтаў на чале з Глінскім, бальшыню якое складалі юрысты, і палякі, як для студэнцкай карпарацыі кшталту нямецкіх буршеншафтаў, далі для гэтай арганізацыі стыпендыю. Але калі яны ўбачылі выразна беларускую дзейнасьць, то стыпендыю зьліквідавалі. Частка сяброў карпарацыі (Галяк, Кунцэвіч, Ханяўка ды інш.) вялі тыпова карпаранцкі лад жыцьця - біліся на дуэлях, любілі выпіць, пагуляць. Неяк хтосьці зь іх забіў на дуэлі аднаго расейца, якога царква адмовілася хаваць на праваслаўных могілках.

Беларускія студэнты мелі свае адзнакі - шапкі (белыя ў БСС, чорныя ў "Скарыніі") і бел-чырвона-белыя значкі.

БСС часта наведвала паліцыя, усе сябры былі там на ўліку. Часта выклікалі позвамі ў пастарунак. Мая асноўная сьпецыяльнасьць была этнаграфія, даводзілася шмат езьдзіць па вёсках. Я кватараваў у Янкі Пазьняка, і мне часам дасылалі позвы ў паліцыю, каб даведацца, што рабіў, хоць усе адпаведныя паперы былі ў парадку.

Наагул, БСС выхаваў добрую гэнэрацыю беларускіх змагароў, якія з гонарам прайшлі праз выпрабаваньні вайны, савецкай і нямецкай акупацыі. Шмат у чым дзякуючы былым сябрам Саюзу беларусы маглі бараніць свае інтарэсы ў складаныя часы Другой Сусьветнай вайны, а пазьней стварыць беларускія арганізацыі на чужыне.

Антон Шукелойць