Чарнобыльскі мітынг на Мангатане

З нагоды 15-й гадавіны катастрофы Чарнобылю й у падтрымку акцыяў "Чарнобыльскі Шлях" у Беларусі нью ёрскі аддзел БАЗА правёў 26-га красавіка перад штаб-кватэрай ААН на 1-й Авеню акцыю пратэсту супраць палітыкі рэжыму Лукашэнкі па ігнараваньні й замоўчваньні наступстваў катастрофы, і супраць антыбеларускай, антыдэмакратычнай рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму, якая ёсьць сапраўдным духовым, народазабойчым Чарнобылем.

У дэманстрацыі прынялі ўдзел некалькі дзесяткаў сяброў і прыхільнікаў БАЗА, якія трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі й плякаты з надпісамі "Чарнобыль і Лукашэнка-дзьве бяды Беларусі", "Беларусь - найбольшая ахвяра Чарнобылю", "Беларусі патрэбна дапамога сьвету". Старшыня аддзелу В. Зайка выступіў з прамовай пра наступствы Чарнобылю й пра ход акцыяў "Чарнобыльскага Шляху" ў Беларусі й за яе межамі - у Вашаве, Празе, Брусэлі, Лёндане ды іншых месцах, дзе беларусы ў гэты дзень праводзілі падобныя акцыі. Была зачытаная рэзалюцыя мітынгу, каторую потым адаслалі ў кіраўнічыя органы ААН і МАГАТЭ.

На мітынгу прысутнічаў фотамастак зь Беларусі сп. Анатоль Кляшчук, выстава твораў якога пра наступствы Чарнобылю акурат адчынілася ў Культурным цэнтры ААН.

На здымку: удзельнікі мітынгу 26-га красавіка каля будынку Арганізацыі Аб'еднаных Нацыяў у Нью Ёрку.