З выступу Нэлі Ржэвуцкай пра Васіля Быкава

Той, хто чытаў творы Васіля Быкава, упэўнена, зусім па-ішаму пачаў адносіцца да тых ці іншых гістарычных падзеяў, якія выпалі на лёс нашага народу, ня так, як іх адлюстроўвалі ў бальшавіцкай гісторыі ці літаратурнай крытыцы.

Больш таго, пра творы Быкава заўсёды пісалі, што яны "адлюстроўваюць барацьбу савецкага народу ў Вялікай Айчыннай вайне". Лічу, што гэта ня толькі павярхоўны падыход, але й сьведомы намер сказіць сутнасьць ягонай творчасьці.

Савецкая крытыка заўсёды апэравала паняцьцямі "народныя масы", "Чырвоная Армія" і г. д., але ніколі ня бачыла канкрэтнага чалавека, асобу. Быкаў-жа ня толькі бачыць, але й распавядае, чым жыве чалавек, што ён думае, што хоча ад жыцьця, чаму робіць тыя ці іншыя ўчынкі ў час выпраба-ваньняў, якія выпалі. Мы бачым ня "масы", а жывога чалавека. Вось чаму творы пісьменьніка аказваюць такое ўзьдзеяньне на чытача. Асабіста ў мяне паўстала пытаньне пасьля прачытаньня аповесьці "Знак бяды". А ці такія ўжо беларусы ад прыроды цярпялівыя? Галоўная гераіня Сьцепаніда ня хоча й ня можа скарыцца, калі бачыць несправядлівасьць. Усялякая ўлада чалавеку варожая, калі робіць насільле над ім і яго душою! Для чалавека насільле ўсё роўна насільле, ці гэта нашэсьце захопнікаў ці калектывізацыя.

На мой погляд, ні адзін твор савецкай літаратуры ня змог данесьці пачварную існасьць калектывізацыі й трагічнасьць яе ўплыву на лёсы асобных людзей, а значыць, на лёс нацыі так, як зрабіў гэта Васіль Быкаў у аповесьці "Знак бяды".