АЛЕСЬ РАЗАНАЎ АД'ЕХАЎ У НЯМЕЧЧЫНУ

Беларусь пакінуў выбітны паэт Алесь Разанаў. Гэта чацьверты беларускі літаратар, якога цяперашняя сытуацыя змусіла шукаць больш спрыяльных умоваў для творчасьці.

Нішто не паказвала на гэты ад'езд. Паэт не ўваходзіў ні ў якія палітычныя структуры, не пісаў антыўладных артыку-лаў, не даваў выкрывальніцкіх інтэрвію (дарэчы, інтэрвію ён наогул ня любіць даваць). Што праўда, крымінальна-палітычная гісторыя з часопісам "Крыніца", у якім Алесь Разанаў быў намесьнікам галоўнага рэдактара Ўладзімера Някляева, а пасьля ўцёкаў таго ў Польшчу паўтара месяца заставаўся за галоўнага, паўплывала на гэтае рашэньне.

Віцэ-прэзыдэнт беларускага ПЭН-цэнтру Карлас Шэрман лічыць, што на такое рашэньне паўплывала сытуацыя ў часопісе "Крыніца", калі Разанаў рыхтаваў часопіс да далейшага жыцьця, і павінны былі яго зацьвердзіць рэдакта-рам, і ўсё-ж потым у Саюзе пісьменьнікаў гэта было перагледжана. Тады Разанаў увогуле адтуль пайшоў. Але зь ягоным інтэлектам абы-дзе ён працаваць ня мог, таму фактычна застаўся бяз працы, апынуўся ў цяжкім стане. Але там могуць быць іншыя прычыны, лічыць Карлас Шэрман.

Сапраўды, гэтая гісторыя - толькі вонкавая прычына ад'езду выбітнага паэта-філёзафа. Але гэты крок лягічна выцякае з усяе біяграфіі 53-гадовага паэта, які церпіць перасьлед улада яшчэ з часоў студэнцтва. У 1968 годзе подпісаў з патрабаваньнем выкладаць па-беларуску. Вынік - выключэньне з унівэрсытэту ды пільны інтарэс органаў дзяржбясьпекі. Потым былі перашкоды ў паступленьні ў асьпірантуру, друкаваньні кнігаў, уладкаваньні на працу.

Апошняя кніга паэта - "Гліна. Камень. Жалеза." некалькі гадоў чакала чаргі ў дзяржвыдавецтве, а потым выйшла ў Польшчы. Вершы выбітнага беларускага паэта выдадзеныя ў 20 краінах. У Нямеччыне, куды ён адляцеў, хутка выйдзе другая кніга выбраных твораў Алеся Разанава, дзьвюхмоўная, паралельна вершы ў арыгінале і ў перакладзе.

А на радзіме цяпер, як сумна зазначыў перад ад'ездам паэт, сапраўдная творчасьць успрымаецца ўладамі як небясьпека для дзейнага рэжыму. Гэта і ёсьць, пэўна, галоўнаю прычынаю ад'езду аднаго з самых яркіх айчынных творцаў.

Алесь Разанаў паехаў на запрашэньне Міжнароднага парлямэнту пісьменьнікаў. Запрашэньне дзейнае год, але ня выключана, што яго падоўжаць. Гэтаксама верагодна, што нямецкія пісьменьнікі дашлюць запрашэньні іншым выбіт-ным беларускім творцам, якія змушаныя спальваць зашмат сваёй творчай энэргіі на пераадоленьне варожага стаўленьня ўладаў, і якое амаль не застаецца на ўласна творчасьць.

Паводле Радыё Свабода.