ДА ТЫДНЮ ПАНЯВОЛЕНЫХ НАРОДАЎ

16-23 ліпеня ў Нью Ёрку прайдзе Тыдзень Паняволеных Народаў, у якім будзе браць удзел і беларуская грамада. Тыдзень будзе прысьвечаны, як і заўсёды, змаганьню з таталітарызмам і рэшткамі камуністычнае сыстэмы, якія яшчэ шмат дзе захаваліся, а таксама з расейскім экспансыянізмам.

Тыдзень Паняволеных Народаў пачаў праводзіцца з 1959 году, калі Кангрэс ЗША на прапанову этнічных групаў з Усходняе Эўропы, сярод якіх былі й беларусы, прыняў закон № 89-90. Гэтым законам ЗША падцьвердзілі сваю падтрымку змаганьня паняволеных народаў Эўропы супраць савецка-расейскага імпэрыялізму і зьнішчэньня іхных культураў. Для каардынацыі дзеяньняў розных этнічных арганізацыяў быў створаны Камітэт Паняволеных Народаў. Тыдзень стаў дэманстрацыяй яднаньня ўсіх свабодалюбных сілаў у барацьбе "за нашу і вашу свабоду". Беларусы, украінцы, балты, чэхі, харваты, палякі, славакі, сэрбы, мадзяры - усе паядналіся і выступалі агульным фронтам за вызваленьне і дэмакратызацыю сваіх краінаў, стваралі лобі ў Кангрэсе, ладзілі дэманстрацыі й пікеты каля савецкіх прадстаўніцтваў, даносілі да амэрыканцаў праўду пра "райскае" жыцьцё пад Саветамі.

Пасьля сканчэньня халоднай вайны амаль усе краіны Усходняе Эўропы здабылі незалежнасьць і свабоду, пачалі адбудову культуры й заняпалай эканомікі. На жаль Тыдзень Паняволеных Народаў страціў для іх сваю актуальнасьць, на яго прыходзіла ўсё менш і менш удзельнікаў. Прынцып "за нашу і вашу свабоду" пачаў забывацца ў часе эйфарыі вызваленьня. Між тым засталіся краіны, каторыя яшчэ й сёньня паняволеныя, і самым яскравым прыкладам гэтага зьяўляецца Беларусь. Беларусы засталіся бадай адзінай нацыяй Усходняе Эўропы, якая актыўна бярэ ўдзел у правядзеньні Тыдня. Між тым пагроза таталітарызму і расейскага імпэрыялізму ня зьнікла. Новае кіраўніцтва Расеі настаўленае на аднаўленьне імпэрыі, на ўціск малых нацыяў, на пашырэньне сваіх уплываў на захад ад Смаленску.

Таму народам з Эўропы мае сэнс і надалей трымацца адзін аднаго ў складзе Камітэту Паняволеных Народаў, каардынаваць дзеяньні й свой уплыў на амэрыканскія ўлады з тым, каб пагроза для новае Эўропы была пад моцным кантролем.

Беларусы могуць добра скарыстаць з Тыдню, заяўляючы перш за ўсё сваім актыўным удзелам у падзеях Тыдню аб сваёй прысутнасьці ў Амэрыцы, кансалідуючы свае шэрагі і прыцягваючы да сябе людзей зь Беларусі, што расцярушаныя па Нью Ёрку й ваколіцах.

У дадзены момант на чале Камітэту стаяць прадстаўнікі Ўсходніх Прусаў, Судэтаў ды іншых нямецкіх земляў. Іхныя не заўсёды рэалістычныя патрабаваньні аб звороце земляў і адмоўнае стаўленьне да іх асноўнае часткі амэрыканскага грамадзтва і масмэдыяў прывялі да таго, што апошнім часам падзеі Тыдню былі незаўважанымі ў газэтах і на тэлевізіі. Больш актыўны ўдзел беларусаў у справах Камітэту, перавыбары яго маглі-б палепшыць сытуацыю.

Тым ня менш і цяпер можна шмат зрабіць. Марш па 5-й Авеню 16-га ліпеня можна і трэба зрабіць парадам беларускасьці накшталт дня Сьв. Патрыка ці дня Пуласкага (польскае сьвята). Нашая прысутнасьць на парадзе ў нацыянальных строях са сьцягамі, з мноствам плякатаў, на якіх напісаныя нашыя памкненьні й мэты, распаўсюджваньне ўлётак з інфармацыяй пра беларускія арганізацыі можа стаць дэманстрацыяй нашай прысутнасьці, выклікаць зацікаўленьне амэрыканскага грамадзтва й увагу сродкаў масавае інфармацыі, а таксама палітыкаў і афіцыйных асобаў.

Таму нашая грамада мусіць масава й арганізавана прыняць удзел у правядзеньні чарговага Тыдня Паняволеных Народаў.

Віталь Зайка