Акт незалежнасьці Беларусі

29 ліпеня ў Менску прайшоў Усебеларускі Зьезд за Незалежнасьць. 1350 дэлегатаў з усёй Беларусі прынялі Акт Незалежнасьці. У ім гаворыцца: "Сёньня незалежнасьць Беларусі пастаўленая пад пагрозу. Рэальнай небясьпекаю ёй стала дамова пра стварэньне адзінай дзяржавы з Расеяй".

Дэлегаты Ўсебеларускага зьезду абвесьцілі дзяржаўны сувэрэнітэт неад'емнай каштоўнасьцю беларускага народу. Яны таксама прызналі ня маючымі законнай сілы любыя пагадненьні й рашэньні, скіраваныя на скасаваньне або абмежаваньне сувэрэнітэту Беларусі. Акрамя гэтага, яны заклікаюць міжнародныя арганізацыі, урады дэмакратычных дзяржаваў забясьпечыць гарантыі сувэрэнітэту Беларусі. "Незалежнасьць Беларусі зьяўляецца набыткам ня толькі сёньняшняга пакаленьня, але й нашых продкаў і нашчадкаў. Сувэрэнітэт краіны ня можа быць абмежаваны або скасаваны праз рашэньні вышэйшых дзяржаўных асобаў і ворганаў і нават праз рэфэрэндум", - гэта, бадай, адныя з самых галоўных словаў прынятага акту.