АКТ АБ ДЭМАКРАТЫІ Ў БЕЛАРУСІ-2002

Сэнатар-рэспубліканец Джэсі Хэлмз прапанаваў на разгляд Кангрэсу ЗША "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі-2001", які прадугледжвае беспрэцэдэнтныя меры ў адносінах да існуючага беларускага палітычнага рэжыму. Паводле дадзенага законапраекту, плянуецца накіраваць $30 мільёнаў на дзейнасьць у Беларусі дэмакратычных сілаў, у тым ліку палітычных партыяў і няўрадавых арганізацыяў, на разьвіцьцё незалежных СМІ й праграмы падрыхтоўкі для актывістаў дэмакратычных сілаў. 5 мільёнаў даляраў заплянаваныя на разьвіцьцё непадкантрольнага дзяржаве радыёвяшчаньня як унутры Беларусі, так і вяшчаньня на Беларусь з-за межаў краіны. "Акт аб дэмакратыі ў Беларусі-2001" таксама прадугледжвае блякаваньне ўсёй маёмасьці, што належыць ураду Беларусі або яго прадстаўнікам, забарону любому суб'екту, кантраляванаму ўрадам Беларусі, экспартаваць любыя тавары, тэхналёгіі або паслугі ў ЗША, забарону выдзяленьня Беларусі рознага віду фінансавай дапамогі, адмову ў амэрыканскай візе беларускім вышэйшым чыноўнікам, заахвочваньне іншых краінаў да спыненьня праграмаў падтрымкі ўраду Беларусі ды шэраг іншых захадаў. Прадугледжаныя й наступствы, якія пацягне за сабою ўступленьне Беларусі ў саюз з Расеяй. У гэтым выпадку ЗША, на думку сэнатара Хэлмза, павінныя пазбавіць дыпляматычнага статусу маёмасьць Беларусі, а таксама беларускіх прадстаўнікоў, і запатрабаваць іх неадкладнага выезду за межы краіны. Падобныя санкцыі прапануецца выкарыстоўваць да таго часу, пакуль прэзыдэнт Беларусі ня зробіць значных крокаў у бок у дэмакратызацыі становішча ў краіне, вызваленьня ўсіх палітзьняволеных, правядзеньня свабодных выбараў і г. д.