Разьвітаньне з Аленам

У нядзелю 16-га красавіка ў Фундацыі імя Крэчэўскага прайшла вечарына-разьвітаньне зь беларускім сьпеваком Аленам, які праз некалькі дзён ад'яжджаў у Беларусь.

Слухачоў у залі сабралася ня шмат, бо вечарыну наперад не плянавалі, і адбылася яна толькі дзякуючы стараньням сп-ні Валі Якімовіч, якая, даведаўшыся пра ад'езд сьпевака, сама абзваніла аматараў ягонай музыкі ўвечары напярэдадні імпрэзы.

За час пабыту Алена ў Нью Ёрку, а гэта прыкладна паўгады, ён некалькі разоў выступаў перад землякамі. Нават знайшоў час на невялікае турнэ, паехаўшы ў лютым ў Кліўлянд. Але ўсё-ж такі ня ўсе яшчэ змаглі пачуць ягоны голас "жыўцом", а не на стужцы.

Разьвітваючыся зь Нью Ёркам Ален сьпяваў кранальна й натхнёна. Гучалі амаль ўсе ягоныя вядомыя песьні. Вельмі цікавай была й размова са сьпеваком. Прыемна было даведацца, што ў Нью Ёрку яму, ня гледзячы на ўсе цяжкасьці, спадабалася. І хоць у бліжэйшы час зноў у падарожжа ён не зьбіраецца, але з задавальненьнем скарыстае магчымасьць прыехаць ізноў. Падчас жыцьця ў Брукліне сьпявак не спыняў працы, і, ён спадзяецца, вельмі хутка запіша свой новы "амэрыканскі" альбом. Восем песьняў для яго ўжо амаль гатовыя. Ёсьць у Алена й другія цікавыя творчыя пляны, як напрыклад, падрыхтоўка супольна са сваімі сябрамі з Полацаку музычнай пастаноўкі пра беларускую эміграцыю, у якой будуць ахопленыя падзеі ад часоў БНР да сёньня.

Пасьля канцэрту слухачы змаглі задаць сьпеваку пытаньні, выпіць шклянку віна за ягоны шчасьлівы пералёт дахаты й перакусіць. За пачастунак асаблівы дзякуй сп-ні Валі Якімовіч, якая яго падрыхтавала.