АЛЬТЭРНАТЫВА ЛУКАШЫЗМУ

Сярод прэтэндэнтаў на прэзыдэнта беларускамоўных няма. Пазьняк фармальна ня мае права вылучацца, бо ня жыў у Беларусі, і пакуль ніхто не знайшоў, як абысьці гэтую рагатку. Іншыя белмоўныя палітыкі й грамадзкія дзеячы пакуль ня маюць прэзыдэнцкіх амбіцыяў. Белмоўныя выбарцы апынуліся перад цяжкім выбарам - каго-ж у такой сытуацыі падтрымаць. У 1994 г. мелі на выбар Пазьняка й Шушкевіча.

А цяпер усё па-іншаму. На тыя выбары самыя папулярныя кандыдаты ішлі пад лёзунгам скасаваньня нацыянальнае незалежнасьці. Цяпер ніводзін кандыдат ня робіць гэта цьвіком праграмы. І гэта, і адсутнасьць белмоўнага кандыдата - як люстэрка беларускае цяпершчыны. Краіна стае ўсё больш сатэлітна-незалежнаю і ўсё менш беларускаю. Канкураваць будуць ня гэтак эканамічныя праграмы, колькі проста абліччы і характары. Людзям прапануецца рабіць выбар сэрцам. Усе статыстычныя выкладкі ў гэткай сытуацыі маюць мала значэньня проці іміджу кандыдата і ягонага мінулага.

Сёньня рэшкаю Лукашэнкі-арла, па вялкім рахунку, застаецца Пазьняк. Ягоная самаадданая беларускасьць, ягонае патрабаваньне маральнае палітыкі. Але Пазьняк ня змог разбурыць навешаны на яго нэгатыўны імідж, ухіліўся ад рэальнае палітыкі і месца сымбалічнае альтэрнатывы фактычна стаіць незанятае. З выбараў магла б выйсьці новая сымбалічная фігура альтэрнатывы лукашызму. Ня столькі Лукашэнку як палітыку, лукашызму - як палітыцы, як культуры мысьленьня. Бо нават калі Лукашэнка прайграе, лукашызм як спадчына і палітычная стратэгія нікуды не падзенецца і вельмі хутка возьме рэванш, калі яму ня будзе проціпастаўленая стваральная праграма. Інакш посьпех на выбарах будзе выпадковым, дасягнутым дзякуючы гапе ці разьліку Масквы, і ён вельмі хутка перавернецца ў паразу, прынясе яшчэ большае расчараваньне і дэбеларусізацыю.

Альтэрнатыву лукашызму мог бы ўвасобіць Дабравольскі, але ён не наважыўся вылучыцца. Сярод тых, хто ідзе на выбары, такой альтэрнатывай можа стаць Домаш. Усе астатнія ўспрымаюцца як "кандыдаты супраць", а не "кандыдаты за". Aut Домаш, aut nihil - такое ўражаньне ствараецца сёньня. Хоць і Домаш пакуль не заваяваў народ-най падтрымкі. Во ж і вылучылі яго ўпершыню ня ў родных Тумашах, а ў раскошнай канфэрэнц-залі гатэлю "Беларусь".

Прадстаўнікі 30 грамадзкіх арганізацыяў сабраліся там, каб урачыста заклікаць дэмакратычныя сілы абвесьціць адзіным кандыдатам Домаша. Тым ня менш, КРДС на чарговым паседжаньні зноў не дамовілася пра адзінага кандыдата. Уся надзея на Кангрэс Дэмакратычных Сілаў, што пройдзе на пачатку сакавіка. Аднак партыі КРДС відавочна схіліліся на карысьць Домаша. Гэта нэрвуе Чыгіра й Ганчарыка.

Уладзімер Ганчарык заявіў у інтэрвію, што не прэтэндуе на ролю адзінага кандыдата ад патрыятычна-дэмакратычнага блёку на чале з КРДС. Ён хоча вылучацца не ад "палітычнай апазыцыі", а ад "людзей, што не ўваходзяць ні ў якія партыі". Ганчарык зразумеў, што шанцаў знайсьці падтрымку дэма-кратаў у яго вобмаль, але хоча ўзяць удзел у кампаніі. Яму 60 гадоў, і другога такога шанцу ў яго ня будзе. Дэмакраты-ж ня вераць, што чалавек, які абараняў правы працоўных 15 гадоў, зможа здабыць падтрымку тых самых працоўных.

Чаго чакае Масква ад альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў, паказаў сам наш "правадыр" у інтэрвію расейскаму тэлеканалу "Культура". Ён ізноў абражаў беларускую мову як недастаткова разьвітую, беларускую культуру як няздольную існаваць без жыватворчай сувязі з расейскай і беларускамоўных палітыкаў як фашыствуючых нацыяналістаў. Дык ці патрэбны апанэнтам Лукашэнкі ярлык на княжаньне, атрыманы з рук Масквы такою юдавай цаною?

"Наша Ніва"