Амбасадар Спэкгард мае ўласную думку

Амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі ў Беларусі Дэніэл Спэкгард падчас сустрэчы са студэнтамі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, камэнтуючы рэзалюцыю Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ў пытаньні Беларусі, заявіў, што ня варта ціснуць на Расею, каб тая спыніла фінансавую дапамогу Менску. Ён кажа, што такая тактыка наўрад ці будзе мець посьпех, паколькі падтрымка Масквою Беларусі ёсьць адным з галоўных прыярытэтаў ейнае вонкавае палітыкі. Большы плён у кірунку дэмакратызацыі Беларусі, на яго думку, дасьць праца па лініі АБСЭ.

Сп. Спэкхард сказаў студэнтам, што гледзячы зь Беларусі, складваецца ўражаньне, што Злучаныя Штаты толькі тым і займаюцца, што акзваюць прэсынг на Беларусь. Але гэта ня так. Проста ЗША заклапочаныя тым, што Беларусь ня йдзе да эканамічнае стабільнасьці. Шлях, абраны ўладамі, вядзе да таго, што краіна робіцца расейскім пратэктаратам. Злучаныя Штаты лічаць, што гэты шлях не ў інтарэсах Беларусі, якая мусіць мець нармалёвую эканоміку, быць незалежнаю і дэмакратычнаю дзяржаваю.