Амэрыка, сьвет і будучыня

Няма сэнту зноў паўтараць сотні трагічных гісторыяў ахвяраў і сьведкаў тэрарыстычных актаў супраць ЗША апошняга часу. Іх мы чуем з тэлебачаньня , радыё ды газэт, і нашыя спачуваньні самыя глубокія й шчырыя.
Што больш за ўсё цікавіць цяпер - гэта якія высновы зробяць амэрыканцы з гэтае трагедыі. Вядома, што яны ніколі не апусьцяцца да паўсюднага тэрору супраць арабаў ды мусульманаў, як гэта адбылося ў Расеі супраць чачэнцаў. Хоць там нават няясна, хто ўзрвываў тыя будынкі ў Маскве. Магчыма, уласная ФСБ, прапіхваючя свайго стаўленіка Пуціна ў прэзыдэнты. Але тут ня тыя каштоўнасьці, ня тыя людзі й ня тыя мэты.
Здаецца неверагодным шукаць апраўданьне той нянавісьці, якая прывяла да тэрактаў мінулага месяца, але назіраючы, можна заўважыць, што амэрыканцы, хучэй за ўсё, не разумеюць, чаму іншаземцы не задаволеныя Злучанымі Штатамі.
А незадаволенасьць гэтая даволі распаўсюджаная. І хоць цяпер яна часова адыйшла на задні плян, але вельмі магчыма расквітнее зноў у самы бліжэйшы час. З адноўленым пачуцьцём патрыятызму амэрыканцы наўрад ці разумеюць, чаму нават іхнія аліянты думаюць, што амэрыканская палітыка зрабіла тэрарыстычныя атакі непазьбежнымі.
Некаторыя экспэрты лічаць, што натуральнаю праблемаю ў грамадзтве такім багатым і магутным як амэрыканскае будуць пачуцьці нянавісьці ці крайняй зайздрасьці з боку грамадзтваў бяднейшых і слабейшых, нават калі іхняю першаю мішэньню будуць уласныя ўрады.
Нянавісьць да Злучаных Штатаў, магчыма, найбольш рас-паўсюджаная на Блізкім Усходзе, але ня толькі там. Ультра-левыя ў Эўропе, наркатэрарысты ў Лацінскай Амэрыцы, тыя, хто не прыймае жорсткіх патрабаваньняў свабоднага рынку ці супрацьстаіць матэрыялізму й сэксуальным свабодам амэрыканскае культуры сярод тых, хто коса пазірае на ЗША.
Выглядае, што Амэрыку ня любяць па дзьвух асноўных прычынах. Шмат каму не падабаецца, што амэрыканцы робяць альбо ня робяць у сьвеце. Напрыклад, падтрымка Ізраілю, вайна ў Персіцкай затоцы, блякада Іраку, падтрымка ўрадаў, схільных падтрымліваць амэрыканскія эканамічныя інтарэсы, але вызнаныя рэакцыйнымі сваім уласным народам.
Другою прычынаю падобных пачуцьцяў ёсьць шырокае незадавальненьне ад сутыкненьня традыцыйных грамадзтваў з сучаснымі амэрыканскімі традыцыямі, непрыняцьце глябалізацыі, якую часта ўспрыймаюць за амэрыканізацыю, а таксама простая зайздрасьць да амэрыканскіх багацьцяў ды тутэйшага ўзроўню жыцьця.
Пасьля сканчэньня халоднае вайны Злучаныя Штаты былі адзінаю супэрдзяржаваю, і гэта выклікала ў сьвеце дваістае пачуцьцё павагі й злосьці. Без сумневу, ЗША ня любяць на Блізкім Усходзе, на Балканах, у некаторых другіх месцах, дзе узьнікаюць канфлікты. Але амэрыканскую эканоміку, палітычную й культурную магутнасьць бачаць як пагрозу шмат дзе ў сьвеце, нават калі там і няма канфліктаў.
Нават людзі ў эўрапэйскіх краінах, якія заўсёды былі амэрыканскімі аліянтамі, маюць свае скаргі. Прычыны самых апошніх адмовы ЗША ад пагадненьняў па ахове навакольнага асяродзьдзя й па антыбалістычных ракетах. Дыстанцыя паміж эўрапэйскімі й амэрыканскімі калегамі можа нават павялічыцца, бо амэрыканцы лічаць сябе вышэйшымі ў параўнаньні з астатнім сьветам з-за свае эканамічнае й вайсковае магутнасьці. Гэтыя пачуцьці могуць быць важнымі й у арабскім сьвеце й патлумачыць, чаму мішэнямі тэрарыстаў сталі Сусьветны Гандлёвы Цэнтар ды Пэнтагон.
Безумоўна, Злучаныя Штаты павінны й будуць надалей абараняць свае інтарэсы ў сьвеце, але ад таго, якія шляхі яны для гэтага абяруць, залежыць будучыня ўсяго сьвету.

Марат Клакоцкі