25-га САКАВІКА Ў АДЭЛАЙДЗЕ, АЎСТРАЛІЯ

У царкве Сьв. Пятра й Паўла БАПЦ ў Адэлайдзе сьвяткавалі Дзень Незалежнасьці Беларусі ў нядзелю 25-га сакавіка. Сястрыцтва вельмі хораша прыбрала царкву сьвежымі кветкамі. А 10-й гадзіне раніцы, калі царква напоўнілася вернікамі, пачалася Божая служба. Вельмі добра сьпяваў царкоўны хор. На літургіі айцец пратаярэй Пятро Касацкі пасьля чытаньня Евангельля сказаў чулую пропаведзь. Па заканчэньні літургіі, пачаўся малебен за Беларусь. На маленьні спадары Георгі Шчурко малодшы й Камінскі трымалі сьцягі, беларускі й аўстралійскі. Хор адсьпяваў Магутны Божа, Многія Лета Беларусі й яе народу, другі раз Аўстраліі й яе нороду. Быў запрошаны ад аўстралійскага ўраду сп. Майкл Аткінсон, які прысутнічаў на Божай службе й малебені.

Пасьля малебені ўсе прысутныя, а гэта каля 90 асобаў, пайшлі ў прыцаркоўную залю. Калі ўсе занялі свае месцы,старшыня Парафіяльнае Рады сп. Міхась Шчурко малодшы папрасіў прысутных устаць. Айцец пратаярэй Пятро Касацкі адсьпяваў малітву за Беларусь, "Ойча наш...", багаславіў вельмі смачную ежу на стале, якую прыгатавала сястрыцтва.

Хор адсьпяваў два гімны, аўстралійскі Advance Australia Fair і беларускі "Мы выйдзем шчыльнымі радамі".

Старшыня Парафіяльнае Рады сп. Міхась Шчурко прывітаў усіх з 83-мі ўгодкамі абвешчаньня незалежнасьці БНР. Потым сп. Майкл Аткінсон таксама павіншаваў усіх са сьвятам і пажадаў весела правесьці гэты дзень.Пасьля абеду пачалася мастацкая частка. Хор з акампанімэнтам сп. Міколы Кандрусіка на акардэоне адсьпяваў "Ідуць жаўнеры-беларусы" й атрымаў гучныя воплескі. Сп-ня Жэня Юршо прадэклямавала вершы "Дудар" і "Пагоня". Потым пргучалі песьні "Зорачкі" і "Ручнікі". Сп. Уладзімер Акавіты расказаў верш Натальлі Арсеньневай "Прысяга" й Эдуарда Яромава "Роздум аб лёсе Беларусі", напісаны ўжо пасьля развалу камунізму. Потым у выкананьні хора прагучала песьня "Кланаюсь табе мама". Апошнюю песьню "Мама" выканаў акардыяніст і яшчэ раз атрымаў доўгія воплескі слухачоў.

Так сьвяточна й весела прайшоў час да 5-й гадзіны папаўдні, калі ўдзельнікі сьвяткаваньня пачалі разыходзіцца.

Уладзімер Акавіты