КЕЙДЖЭНСКАЯ КУЛЬТУРА Ў ЛУІЗЫЯНЕ
Час ад часу ў беларускім друку зьяўляюцца цікавыя матэрыялы аб адраджэньні нацыянальнае спадчыны ці змаганьні за яе захаваньне ў розных краінах сьвету, часьцей за ўсё эўрапейскіх. Нам гэта цікава й такі вопыт нам патрэбны, бо беларусы таксама на цягам амаль усёй сваёй гісторыі вымушаныя змагацца за захаваньне свае культуры, сваіх традыцыяў і мовы. Незаўсёды змаганьне з уплывамі магутнейшых ад нас суседніх народаў было ўдалым і шчасным. Шмат што мы згубілі й цяпер яшчэ губляем. І толькі найбольшыя аптымісты вераць, што згубленае можна будзе адрадзіць і яно зноў заквітнее.
Цікава нашым чытачам, думаю, будзе даведацца трошкі больш пра яшчэ адзін вельмі адметны куточак на сьвеце не ў Эўропе, а ў Паўночнай Амэрыцы, лёс якога часамі падобны да лёсу Беларусі. Я зацікавіўся ім пасьля таго, як, амаль выпадкова, у сувязі з маёю працаю на марскім транспарце, трапіў у тыя краі летась і з задавальненьем бываў там некалькі разоў мінулым летам. Пра яго мала што чуваць, калі не цікавіцца адмыслова, відавочна таму, што ён ад нашай радзімы далёка, там не адбываецца ніякіх бурных падзеяў, няма дэманстрацыяў, арыштаў ці тэрарыстычных актаў, але мае ён сваю вельмі адметную й, трэба дадаць, вельмі моцную культуру. Куточак гэты - паўднёвая частка штату Луізыяна.
Назоў Луізыяна больш як два стагодзьдзі таму назад азначаў не сярэдніх памераў штат Злучаных Штатаў, якіх тады яшчэ не было, а вялізную тэрыторыю, якая ахоплівала плошчы добрага дзесятка сёньняшніх штатаў на Сярэднім Захадзе й Поўдні краіны. Землі гэтыя ЗША набылі ў Францыі ў 1803 годзе. У асноўным тады яны не былі заселеныя эўрапейцамі, таму нічога французкага ў іх амаль не захавалася, акрамя хіба можа некалькіх геаграфічных назваў. Але сёньня ўжо няма ўпэўненасьці, што назвы гэтыя захаваліся з тых часоў, а не былі прынесеныя пазьнейшымі перасяленцамі.
З упэўненасьцю можна сказаць толькі пра Новы Арлеан ды ягоныя ваколіцы, пра тых людзей, іх мову й культуру, якія сёньня па-ангельску называюцца Кейджэн (Cajun). Землі гэтыя пачалі засяляць у 1760-х гадох франкамоўныя каталікі з Акадыі (Acadia на тэрыторыі сучаснай Канады), якіх выселілі зь іх радзімы пасьля таго, як яны адмовіліся прысягнуць на вернасьць Брытанскай кароне й англіканскай царкве. Ім ахвотна даваў тут зямлю тагачасны губэрнатар Луізыяны.
Акадыйцы прыжыліся ды сталі добрымі фармэрамі, рыбакамі ды паляўнічымі. Прынятыя міралюбівымі індзейцамі, яны потым самыя прынялі ў сваім новым доме гішпанскіх, ірлянцкіх, нямецкіх ды ангельскіх перасяленцаў, а таксама новых эмігрантаў з Францыі, рабоў ды вольных людзей з Афрыкі й Карыбскіх астравоў.
З цягам часу людзі з гэтых вельмі розных групаў перамяшаліся, перажаніліся між сабою ды амаль поўнасьцю асымілява-ліся. Ужо доўгія гады як сем'і з такімі прозьвішчамі як Adams, Fernandez ці Schneider пачалі гаварыць па-французку й тры-мацца традыцыяў іх суседзяў з прозьвішчамі Thibodeaux, Robichaux ці Broussard. Можна зьдзіўляцца, чаму ўсе гэтыя гішпан-цы ды ірлянцы трапіўшы сюды сталі кейджэнцамі. Дзеля справедлівасьці трэба дадаць, што й акадыйская культура атрымала уплыў другіх нацыянальнасьцяў: gumbo ад афрыканцаў, жывёлагадоўлю ад гішпанцаў, музыку ад немцаў ды ірлянцаў.
З часам, ужо ў 20-м стагодзьдзі, назоў Acadian трансфармаваўся ў Cajun. І сёньня новае імя рэпрэзэнтуе ня толькі нашчадкаў перасяленцаў з берагоў Новае Скотыі, але й спадчыну ўсіх людзей, якія зрабілі адметным гэты край. Кейджэнскі парасон быў пашыты са сьцягоў многіх краінаў, але аснова яго заўсёды была акадыйская.
Парасон гэты пачаў распаўзацца ў 20-м стагодзьдзі з-за прыніжэньня статуса французкае мовы ў дзяржаўных школах і пранікненьня амэрыканскае культуры праз сучасны транспарт, 2-ю Сусьветную вайну ды тэлебачаньне. Некаторыя адметныя рысы - каталіцкая вера, расавая адносіны, заўзятасьць у адпачынку й сьвяткаваньнях такая, як і ў працы, яшчэ захаваліся ў гарадох і правінцыях паўднёвае Луізыяны, але асноўнае кейджэнцы трымаюць у сабе. Калі астатняя Амэрыка адкрыла для сябе іхнюю кухню й музыку ў сярэдзіне 1980-х гадоў, то ўсё кейджэнскае стала вельмі модным.
Сёньня Новы Арлеан яшчэ захоўвае рэшткі старое архітэктуры, асабліва ў сваёй, як яе называюць, французкай чвэрці. Французкую мову пачуць можна ўжо вельмі рэдка, хучэй заўважаюцца французкія словы й звароты ў іхняй ангельскай мове, але кейджэнскі акцэнт вельмі адчувальны. Па апытаньню 1990-га году менш за 8% франкамоўных жыхароў Луізыяны былі ва ўзросьце 19 гадоў ці маладзейшыя. Як відаць, статыстыка ня вельмі апты-містычная. І большасьць кейджэнцаў мяркуе, што пытаньне выжываньня кейджэнскае культуры ў Луізыяне - гэта выжываньне французкае мовы.
Але як ні было-б, а шмат рэчаў сёньня ўсё-ж падказвае, што культура гэтая будзе жывая й у 21-м стагодзьдзі, як была яна там і два з паловаю папярэднія стагодзьдзі.
Сёньня ўжо робяцца захады для захаваньня й разьвіцьця традыцыйных аспэктаў кейджэнскае культуры па ўсёй Акадыі. І хоць некаторыя зь іх, як напрыклад, падвышэньне статуса французкае мовы, не спрацоўваюць адразу, але ўжо ўсё амэрыканскае грамадзства робіць для гэтага высілкі.
Можна не сумнявацца, што нават калі бацькі ўжо асыміляваліся й забыліся мову продкаў, але сваіх дзяцей яны абавязкава пашлюць вучыцца гэтае мовы, калі толькі такая магчымасьць зьявіцца. Яны добра ведаюць, што гэта іхні гонар і абавязак. І ня трэба зьдзіўляцца, калі старыя традыцыі зноў адродзяцца, і можа нават узьнікнуць новыя, якія прыжывуцца й стануць папулярнымі, бо пры ўсёй сваёй навізьне яны ўсё роўна заўжды будуць кейджэнскімі.

Марат Клакоцкі