10 ГОД БЕЗ СССР

10-ГОДЗЬДЗЕ МІЖНАРОДНАГА ПРЫЗНАНЬНЯ НЕЗАЛЕЖНАЙ БЕЛАРУСІ

Сьнежань 1991-га году прынёс шмат зьменаў на палітычнай мапе сьвету й у лёсе Беларусі й яе народу. 8-га сьнежня 1991-га году кіраўнікамі Беларусі, Украіны й Расеі былі падпісаныя Белавескія пагадненьні, што юрыдычна замацавалі прынятыя раней дэклярацыі аб суверэнітэце Беларусі ды іншых былых савецкіх рэспублік і зафіксавалі скасаваньне Савецкага Саюзу.
Канчатковая рыса была падведзеная 25-га сьнежня 1991-га году фармальным зыходам Гарбачова з пасады прэзідэнта Савецкага Саюзу .
Падзеі дзесяцігадовай даўніны канчаткова вывелі Беларусь на шлях незалежнасьці, адчынілі мажлівасьці будаўніцтва эўрапэйскай дэмакратычнай нацыі, адраджэньня гістарычных традыцыяў і нацыянальнай мовы, правядзеньня эканамічных рэформаў і разьвіцьця гаспадаркі. Беларусь была дыпляматычна прызнаная ўсімі краінамі сьвету, і ў ліку першых - Злучанымі Штатамі. Беларусь узяла пад свой кантроль войска, саюзныя прадпрыемствы, транспарт ды іншую былую савецкую маёмасьць, што знаходзіліся ў ейных межах.
Але ня ўсе былі гатовыя да новай эры ў жыцьці нашага краю. Праз некаторы час сталі гучней чутныя стогны й енкі былой камуністычнай намэнклятуры, вайскова-кэгэбоўскіх пэнсіянэраў-насланцаў і простых недасьведчаных людзей, ачмураных дзесяцігодзьдзямі камуністычнай прапаганды й вынішчэньня ўсяго беларускага. Для шмат каго канец СССР стаў падзеяй, што набыла трагічнае гучаньне не дзеля ейнага палітычнага зьместу, а дзеля рознага кшталту асабістых, псыхалягічных прычынаў - сваякоў за новапаўсталымі межамі, натуральнага - для пераходнага перыяду - пагаршэньня эканамічнай сытуацыі, і - не ў малой ступені - настальгіі па сваёй маладосьці, па штучных ілюзіях савецкіх "еднасьці й братэрства".
Менавіта гэтая настальгія й ілюзіі, спалучаныя з кебічаўскай стагнацыяй ды ціхім сабатажам беларусізацыі, з шушкевічавай нерашучасьцю й недастатковай згуртаванасьцю нацыянальна сьведамых сілаў, дала штуршок для ўзьнікненьня фэномэну Лукашэнкі. Узьняты на вышэйшы пасад у дзяржаве, самое існаваньне якой ён кожны дзень, у кожным выказваньні аб'яўляў недарэчнасьцю й памылкай, Лукашэнка ёсьць увасабленьнем цынічнага савецкага люмпэна, якому, па старажытнай прыказцы, "дзе добра, там і бацькаўшчына". У палітыцы гэты люмпэн трымаецца лягернага зэкаўскага прынцыпу: "Памры ты сёньня, а я заўтра". Тасуючы пасады й чыны сваіх памагатых, для якіх "Айчынка выделкі не стоіт", брутальна падаўляючы апазыцыю й па-барбарску зьнішчаючы беларускую культуру, дыктатар, відаць, і сам яшчэ ў палоне ілюзіяў, ніяк ня ў стане кінуць мары пакіраваць "ад Берасьця да Ўладзівастоку".
Але гісторыя сказала сваё слова дзесяць год таму назад. Змаганьне супраць дыктатуры й антыбеларускіх ваўкалакаў за вольную й сапраўды незалежную Беларусь працягваецца. Хай-жа Новы год наблізіць яе.
Віталь Зайка