Калі турма падаецца раем. Калі я зайшла ў камэру нумар 7, то адчула нешта падобнае на шчасьце: тут было цёпла і ціха. У галаве праносілася дзіцячая песенька "Пусьць ўсегда будзе мама, пусьць ўсегда буду я". На працягу практычна трох гадзінаў спэцназаўцы вазілі нас, дзесяць удзельнікаў Маршу Свабоды, па цёмных вуліцах Мен-ску. Здаровыя мужыкі скокалі па нашых сьпінах, білі галовамі аб падлогу, правілі кулакамі бакі. Асабліва жорстка накідваліся на нашых хлопчыкаў. Засоўвалі ім у рот дубінкі і рвалі глянды.

А потым сказалі:"Пакуль дзеўкі будуць сьпяваць, мы вас біць ня будзем." Маладая расейская журналістка Насьця, баба Зоя і я разгубіліся, сьлёзы, боль і страх перашкаджалі сканцэнтравацца і ўзгадаць хоць нейкую мэлёдыю. Спэцназавец бадзёра напеў словы:"Пусьць ўсегда будзе сонца." Мы падхапілі...

Толькі ў турэмнай камэры я адчула спакой і абароненасьць, там-жа я пазнаёмілася з Аленай Алейнікавай, якая была арыш-таваная напярэдадні Маршу Свабоды за распаўсюд улётак з заклікам удзельнічаць у гэтым шэсьці. Назаўтра перад судом мы разьвіталіся звычайным "Да сустрэчы" і нават ня думалі, што наступныя нашыя спатканьні будуць адбывацца ўжо ў Празе.

Чэхія дапамагла студэнтам. Чэскі ўрад зрабіў падарунак 12-ці беларускім студэнтам, што былі пераведзеныя на завочнае аддзяленьне ці выключаныя з унівэрсытэтаў па палітычных матывах - за ўдзел у дэманстрацыях, распаўсюд улётак, сяброўства ў дэмакратычных арганізацыях ці партыях. Зараз мы атрымліваем дзяржаўную стыпендыю і вывучаем чэскую мову, каб наступным летам паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы Чэхіі.

У Празе за півам мы ўжо спакойна пачалі ўзгадваць нашыя апазыцыйныя прыгоды, лукашысцкіх правакатараў, агульных судзьдзяў, падлічваць колькасьць адсідкаў і арыштаў.

Так сталася, што Алена Алейнікава - нашая рэкардсмэнка: яе судзілі 10 разоў. "Памятаю, аднойчы мяне арыштавалі ў пятніцу, і суд ужо не працаваў, а таму мяне закінулі за краты ажно да самага панядзелка. Там мяне не кармілі: чалавек, які чакае суда, ня мае права атрымліваць перадачку і, зразумела, турэмную ежу. Мне пашанцавала, што ў суботу мяне перавялі ў іншую камэру, дзе мяне пакарміла 20-гадовая дзяўчына Сьвета. Ейныя суседзі выклікалі міліцыю, бо ў Сьветы ў кватэры грымела музыка (у брата быў дзень народзінаў). Яна адмовілася выключыць гук, за гэта яе і брата арыштавалі. Вось такія людзі сядзяць у беларускіх турмах."

Вадзік Канапацкі агульнай колькасьцю адсядзеў 25 дзён у турме. Першы раз яго арыштавалі ў 1997 годзе, калі ён прыйшоў на суд падтрымаць сваіх сяброў-маладафронтаўцаў Лёшу Шыдлоўскага і Вадзіка Лабковіча. Потым яго забралі за тое, што ён у якасьці назіральніка ад "Вясны" удзельнічаў у дэман-страцыі працоўных. Канапацкі - хлопец высокі, прыкметны, дужы, таму Малады Фронт заўсёды і даручаў яму насіць вялізарны бел-чырвона-белы сьцяг. Так я Вадзіма заўсёды і ўспрымала - як моцнага, мужнага грамілу зь беларускім сьцягам. Менавіта за гэты сьцяг яго чарговы раз арыштавалі і пасадзілі ў турму. Мы - тыя, хто засталіся на волі, штодзень хадзілі да турмы і перадавалі тытунь хлапцам (самую каштоўную турэмную валюту). Памятаю, падчас чарговага візыту на Акрэсіціна праз маленечкія акенцы мяне заўважылі маладафронтаўцы і пачалі пералічваць, што ім неабходна: сала, гарбату, цыбулю. І тут я пачула словы грамілы-Канапацкага, ад якіх у сэрцы зашчыміла:"І чакалядку, калі ласка."

Чарнобыльскі Шлях 1998 году ў Беларусі добра памятаюць, бо тады арыштавалі 20 чалавек і ўсе яны зьяўляліся грамадзянамі Расейскай Фэдэрацыі. Але быў там адзін беларус - Валера Каробчыц. "Я спачатку вырашыў маўчаць пра сваё тубыльскае грамадзянства. Думаў, замежнікаў хучэй адпусьцяць. Але потым прызнаўся, што я - беларус, таму мяне праз дзень пасьля суду адпусьцілі. Куды выгодней быць грамадзянінам хоць дыктатарскай, але роднай Беларусі" - падсумаваў Валера.

У Беларусі зараз шмат студэнтаў, што былі выключаныя ці пераведзеныя на завочнае аддзяленьне пасьля арыштаў на дэманстрацыях ці распаўсюд улётак. І цалкам магчыма, што колькасьць будзе павялічвацца. Але такімі дзеяньнямі Лукашэнка толькі паскорвае свой крах. Сотня маладых спэцыялістаў з эўрапейскай вышэйшай адукацыяй, якія цьвёрда выступаюць за дэмакратыю, незалежнасьць і рынкавую эканоміку ў Беларусі і якія зьбіраюцца выкарыстоўваць набытыя кантакты і веды дзеля пабудовы такой Бацькаўшчыны, для рэжыму мусяць быць куды страшней, чым тысяча дэманстрантаў.

Натальля Маковік,

Намесьніца старшыні Маладога Фронту,

Сябра Сойму БНФ "Адраджэньне".

Ужо сабраныя першыя ахвяраваньні й хутка будзе створаная фундацыя для дапамогі беларускім студэнтам. Інфармацыя аб тым, як падтрымаць маладых беларускіх патрыётаў і куды слаць ахвяра-ваньні, будзе зьмешчаная ў адным з наступных нумароў бюлетэня.