Ціск на незалежны друк працягваецца

Адразу па два папярэджаньні атрымалі 29-га траўня газэты "Народная Воля" й "Белорусской деловой газеты". Дзяржкамітэт у справах друку працягвае змагацца са свабодаю слова.

Усе папярэджаньні вынесеныя паводле сумна вядомага шмат якім выдаўцам ўнівэрсальнага 5-га артыкулу "Закону аб друку", у адпаведнасьці зь якім пры жаданьні можна прыцягнуць да адказнасьці любога выдаўца друкаванае прадукцыі. Чым улады й карыстаюцца. У папярэджаньнях на адрэсу БДГ у абодвух выпадках камітэцкія чыноўнікі ўгледзелі "…распальваньне нацыянальнае нецярпімасьці" ў надрукаваных лістах чытачоў.

Папярэджаньні "Народнай Волі" зусім абсурдныя. Першае атрыманае за зацемку, дзе ў адным з абзацаў аўтар задаецца рытарычным пытаньнем "…Можа, варта зьвярнуцца па дапамогу да NATO?". Другое тычыцца нават ня столькі газэты, колькі намесьніка старшыні Кансэрватыўна-Хрысьціянскае партыі БНФ спадара Папкова. Дзяржкамітэт беспадстаўна палічыў, што гэтая структура БНФ не зарэгістраваная ў Міністэрстве юстыцыі, а значыць, ейныя прадстаўнікі ня маюць права выступаць на старонках прэсы.

Газэты будуць выходзіць у ранейшым рэжыме, бо іх выхад можа спыніць толькі суд. Аднаго жаданьня Дзяржкамітэту ў справах друку яшчэ недастаткова.