Беларускі фэстываль у Саўт Рывэры

9-га чэрвеня ў Саўт Рывэры ў Беларускім Грамадзкім Цэнтры адбыўся традыцыйны беларускі фэстываль. Такі фэстываль кіраўніцтва Цэнтру й царквы Св. Еўфрасіньні Полацкай праводзілі ўжо ў трэйці раз. І як і ў мінулыя разы імпрэза атрымалася выдатнай.

Сярод гасьцей акрамя беларусаў былі расейцы, палякі, украінцы, а таксама шмат было амэрыканцаў, жыхароў Саўт Рывэра, якія скарысталі нагоду бліжэй пазнаёміцца зь беларусамі й беларускаю культураю.

У залі Грамадзкага Цэнтру была наладжаная багатая выстава беларускага народнага мастацтва. Фотамастак зь Беларусі Анатоль Кляшчук прадстаўляў сваю выставу, прысьвечаную дзецям-ахвярам Чарнобыля. Аматары беларускай музыкі мелі выдатную магчымасьць папоўніць свае калекцыі новымі касэтамі й кампакт-дыскамі. Багата прадавалася й беларускіх кнігаў беларускага й амэрыканскага выданьняў.

Змаглі пацешыцца ды адвесьці душу прыхільнікі беларускай кухні, бо выбар страваў быў надзвычай багаты. На фэстывалі гулялі аж у некалькі лятарэяў, прызы на якіх былі самыя разнастайныя, ад мастацкіх вырабаў да алькагольных напояў і будаўнічых матэрыялаў.

На пляцы каля Цэнтру падчас прабегу фэстывалю гралі запісы самай разнастайнай музыкі, відаць, каб задаволіць жаданьні гасьцей усіх нацыянальнасьцяў. Сапраўдным упрыгожваньнем фэстывалю быў выступ трыо Казакоў, музыку й песьні якіх у Амэрыцы ўжо добра ўсе ведаюць.

Госьці пачалі разыходзіцца толькі пасьля 6-й гадзіны вечара.