З ХВІГАЮ Ў КІШЭНІ

1-га лютага Лукашэнка правядзе рэспубліканскую нараду з творчаю інтэлігенцыяй. Паводле выбару міністэрства культуры на сустрэчу з Лукашэнкам зьявіцца каля паўтысячы музыкаў, літаратараў і артыстаў. Вельмі верагодна, што нарада ператворыцца ў частку лукашэнкавай перадвыбарчай кампаніі, і "поўны гуслі насыплю дукатаў" стане асноўнаю тэмаю гаворкі. Незалежна ад таго, што будуць рабіць прысутныя на нарадзе дзеячы культуры (крытыкаваць, маўчаць ці дзякаваць), маральных стратаў ім не пазьбегнуць. У Беларусі яшчэ часьцей стануць казаць, што інтэлігенцыі ў краіне няма, бо ў становішчы ракам ці на ланцугу быць і называцца ёю складана й недарэчна.

Беларуская культура ня мусіць задавольвацца тым, што выпадкам перападзе. Не яна мусіць баяцца, гэта дзяржава павінна й вінаватая перад ёю. А той, з кім інтэлігенцыя зьбіраецца абмяркоўваць культурніцкія праблемы, і ёсьць крыніцаю пераважнай большасьці гэтых самых праблемаў.

Што мы зараз бачым? Заробак бібліятэкаркі - 30 даляраў, а многія бібліятэкі сёлета не змаглі нават выпісаць газетаў. На тэлебачаньні рэдакцыя літаратурна-драматычных перадачаў, здаецца, працуе выключна на выраб фільму свайго рэдактара Азаронка. Беларускага кіно няма, і гэта лішнім разам даказала леташняя прэм'ера "У жніўні 44-га…". Сваё 60-годзьдзе Уладзімер Мулявін едзе адзначаць зь "Песьнярамі" ў Маскву.

У Нацыянальным мастацкім музэі няма залі, дзе выстаўляліся-б сучасныя беларускія мастакі, таму іхнія творы й зьмяшчаюцца ў замежных калекцыях. У канцэртавай залі "Мінск" амаль кожныя выходныя ды й ня толькі - расейская эстрада. Ордэнам Франьцішка Скарыны Лукашэнка ганаруе направа й налева, але толькі з усходнім вэктарам. Дзяржава выхваляецца, што фінансуе да 75% выданьняў беларускамоўнай літаратуры, аднак-жа на кніжным рынку яе меней за 5%. Ганарары пісьменнікаў у газэце "Літаратура і мастацтва", паменшалі ў дзесяткі разоў. Аўтэнтыка Верхняга гораду Менску не захавалася, рэстаўрацыя Мірскага замку неапраўдана зацягнулася, а лёдавыя палацы растуць, як грыбы пасьля дажджу. Чацьвёра вядомых беларускіх пісьменнікаў - Васіль Быкаў, Уладзімер Някляеў, Сьвятлана Алексіевіч, Алесь Разанаў - жывуць і працуюць на чужыне.

А што ўжо казаць пра падрасейскую сатэлітнасць, скасаваньне старажытнай беларускай геральдыкі - герба "Пагоня" й бел-чырвона-белага сьцягу, а таксама пра ўвядзеньне дыскрымінацыйнага ў дачыненьні да беларускай мовы білінгвізму. А пра зьбіцьцё, арышты й штрафы за гэтыя сьцяг і мову? Менавіта таму многія з творчай інтэлігенцыі на гэтую сустрэчу ня прыйдуць. Трохі суцяшае яшчэ тое, што шмат хто выправіцца на згаданую нараду з хвігамі ў кішэнях. Але калі трымаць іх там яшчэ пяць гадоў, замлеюць рукі.

Паводле газэты "Наша Свабода"