Найноўшы крыўскі іменьнік

Ня ведаю - як каму, а мне зь дзяцінства не падаба-лася маё імя - Віктар. Ужо ў сталым веку, разгляда-ючы, так бы мовіць, яго адпаведнасьць сваёй натуры, я кожнага разу адчуваў, што гэтае імя не маё і што яно выпала мне нейкім недарэчным чынам. Зрэшты, так яно і было, а таму і было адрынута душою.

Я шукаў свайму імю беларускі адпаведнік. Пра "Расейска-крыўскі слоўнік" Ластоўскага ў 1971 годзе не было й почуту, таму перабраў шмат варыянтаў, аж пакуль на вочы не патрапіла назва аповесьці Барыса Мікуліча "Жыцьцяпіс Вінцэся Шастака".

Беларусізацыя імёнаў наагул справа ня зь лёгкіх. Памятаю, свойчас шмат пакутаў на гэтай ніве зьведаў Сяржук Сокалаў-Воюш - тады яшчэ проста Сяргей Сокалаў. Яму таксама муляла ягонае імя, і ён спраба-ваў надаць яму крыўскае гучаньне. "Серы, Сергусь, Сэржант…" - дзень да ночы мармытаў малады паэта, нарэшце паехаў у Менск да Вінцука Вячоркі, але і той ня даў рады зьбеларусіць Сяргея.

І вось аднойчы ён уваліўся да мяне ў кампаніі яшчэ аднаго Сяргея - Дубаўца, каб адведаць Анатоля Сідарэвіча, які прыехаў зь Менску ды захварэў і ляжаў на маёй канапе. Мы ўчатырох абмяркоўвалі сокалаўскую праблему, нечакана мазгі ў мяне пра-сьвятлелі, і я гучна прамовіў: "Сяржук!" Запанавала няёмкая цішыня, якую парушыў спадар Сідарэвіч: "Ды што вы, бляха... Сяр ды яшчэ і жук..." Пасьля такіх словаў дзядзька Анатоль хваравіта кашлянуў і кульнуўся на левы бок.

На наступным тыдні паэт, уздыхнуўшы, перапытаў: "Дык, кажаш, Сяржук?" "Сяржук", - пераканаўча прагугнеў я ў адказ. "Прозьвішча вось толькі расей-скае, - працягваў сябрук… Як на твой слых - Сокалаў-Воюш - гучыць?" "Гучыць, - кажу, - а Воюш, гэта адкуль?" "Матчына прозьвішча, продкі мае, няйначай, былі воямі".

А праз пару тыдняў - гэта быў 1983 год - мы з Сержуком паехалі на сэмінар маладых пісьменьні-каў. У першы-ж дзень, пабачыўшы ў Сержуковых руках сшытак, я вялікімі літарамі напісаў на воклад-цы: "Сшытак Сержука Сокалава-Воюша". Удзельнікі сэмінару перачытвалі надпіс і ў рэшце прызналі імя геніяльным. На трэці дзень завітаў спадар Сідарэвіч. Пачуўшы, што ягонага наваполацкага знаёмца ўсе называюць "Сяр ды яшчэ і жуком", ён толькі скрушна пахітаў галавою. А дзесьці пры канцы васьмідзясятых Сержукі пайшлі плоймамі і ймя гэтае сталася адным з самых папулярных у асяродку беларускай моладзі.

Вінцэсь Мудроў. Скарочана з "Нашай Нівы"